Доўгі час месца кіраўніка краіны займае чорны геній дэмагогіі. Роўных яму ў гэтай справе не было. Любы, хто ўступаў у спрэчку з дэмагогам №1, цярпеў паразу.
Адказ на пытанне “Чаму ніхто не мог спрачацца на роўных?”, як ні дзіўна, геніяльны ў сваёй простасці: таму што ўсе, без выключэння, апаненты “майстра слова”аперыравалі чалавечымі паняццямі і здаровым сэнсам.
А той, да каго безвынікова спрабавалі дагрукацца, таптаў любыя чалавечыя паняцці, губляў усякую логіку ў сваіх паводзінах і дзеяннях. І самае сумнае – ва ўсіх яго “шматхадоўках” не было ні кроплі здаровага сэнсу. Ва ўсялякім разе, для краіны.
Адкуль гэта ўсё магло нараджацца ў адной галаве? Тут трэба спачатку зазірнуць угісторыю. А дакладней, звярнуць увагу на “этапы большого пути”, то бок пераглядзець біяграфію:
–сакратар камітэта камсамола СШ № 1 горада Шклова;
– інструктар палітаддзела ваеннай часткі 2187 Заходняй пагранічнай акругі (Брэст);
– сакратар камітэта камсамола Магілёўскага гархарчторга;
– інструктар Савета дэпутатаў Кастрычніцкага райвыканкама г. Магілёва;
– адказны сакратар Шклоўскай раённай арганізацыі Усесаюзнага таварыства «Знание»;
–намеснік камандзіра роты в/ч 04104 па палітчасці;
– намеснік старшыні калгасу «Ударнік» (Шклоўскі раён);
– намеснік дырэктара Шклоўскага камбіната будаўнічых матэрыялаў;
– сакратар парткома калгасу імя Леніна (Шклоўскі раён)
Справа ў тым, што галоўная (канструктыўная, разумная, чалавечая) ідэя Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, падчас ператварэння дзяржавы ў “савок”, – на жаль, цалкам згубілася. І на яе “пошукі” адправіліся дзясяткі і сотні тысяч вось такіх палітрукоў, намеснікаў кіраўнікоў па ідэялогіі, сакратароў камітэтаў камсамола, інструктараў, намеснікаў па палітчасці – але з меркантыльнымі мэтамі – за лекцыі добра плацілі.
“Лектары” настойліва і бясконца выступалі з высокай трыбуны перад працоўнымі калектывамі, перад перадавікамі вытворчасці, перад вайсковыми падраздзяленнями, у мегаполісах і ў вёсках, у абласных і раённых цэнтрах. Іх шчодра матэрыяльна ўзнагароджвалі за “абалваньванне”, а досьвед у дэмагогіі станавіўся ўсё мацнейшым.
Інструктары-палітрукі набіралі ў свае службовыя партфелі і перавозілі туды-сюды тоны папяровых ідэялагічных “дапаможнікаў”,”каталогаў”, “падручнікаў”, “інструкцый”, “рэкамендацый”, “збораў дакументаў”, дзе пералівалася вада з пустога ў парожняе.
У выніку інструктары навучыліся прафесійна ГАВАРЫЦЬ НІ АБ ЧЫМ. Іншымі словамі несці ахінею, лухту, акалесіцу – па некалькі гадзін запар, каб не даць нікому засумнявацца ў праўдзівасці “даклада”! Гэта лічылася “вышэйшым пілатажам” для інструктара-дэмагога.
У Беларусі пасля развала Саюза і невялікай “адлігі” – “лекцыя” зацягнулася на чвэрць стагоддзя. Многія таленавітыя і дасведчаныя ў здаровай рыторыцы людзі спрабавалі весці канструктыўную дыскусію з былым парт-інструктарам. Прайгравалі і зноў спрабавалі. І паўстала спрэчнае пытанне: “Няўжо перамагчы дэмагога можа толькі яшчэ больш дасведчаны дэмагог?”.
Аднак, час раставіў усё па сваіх месцах. Аказалася, што дэмагог выйшаў да народа з тысячай сваіх хлуслівых словаў і спадзяваўся гадзінамі “прачышчаць мазгі”, але нечакана для сябе на першай жа хвіліне быў зломлены адным ШЧЫРЫМ словам – ЗЫХОДЗЬ!!!
Дэмагогія апынулася непатрэбнай. Было сказана лаканічнае, важкае і пераможнае слова народа!
PS. Былы парт-інструктар не можа паверыць, што яго бясконцую лекцыю больш не хочуць слухаць. І спрабуе адпомсціць – за грошы тых, хто дружна сказаў “Сыходзь!”, “лектар” зноў збірае сваіх былых верных “слухачоў” на мітынгі. Спачатку ў Мінску, пасля ў Магілёве. Аплочвае дарогу, плоціць камандзіровачныя, выдзяляе цэлыя аўтапаркі аўтобусаў. Бялынічы, нажаль, таксама ўдзельнічаюць у гэтай гістэрычнай “палітінфармацыі”, дзе “лектар” прызывае “усім падняцца” на яго абарону.
Ня гледзячы на сумны досвед – калі, аўтобусы чамусьці масава “ламаліся” на пад’ездзе да Мінска і гаротна стаялі ўздоўж дарогі.
Дзмітрый Мікалаеў