14-16 ліпеня ў Беларусі прайшлі затрыманьні, ператрусы ў офісах і кватэрах журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці. 19 ліпеня рэпрэсіі прадоўжыліся. Аналітык Арцём Шрайбман тлумачыць на Радыё Свабода, што гэта значыць.
— Ідзе тое, што абяцаў Макей, калі казаў: «Прымеце санкцыі — грамадзянская супольнасьць перастане існаваць». У іхным сьвеце грамадзянская супольнасьць — гэта працяг Захаду. Яны ня могуць дацягнуцца да Захаду, таму караюць тых, да каго дацягваюцца. Па вялікім рахунку, гэта абсалютна натуральны працяг усяго таго, што мы бачылі апошнія 11 месяцаў.
Няма нейкага тормазу ўнутры сыстэмы, які мог бы спыніць рэпрэсіі. Раней гэта было жаданьне сябраваць і фліртаваць з Захадам, захоўваць нейкія каналы камунікацыі. Цяпер нічога гэтага няма.
Ніхто ўнутры сыстэмы — нават каму можа не падабацца такі ўзровень рэпрэсій — ня можа запярэчыць, бо гэта небясьпечна для самога такога чалавека.
І паколькі рукі сьвярбяць, заўсёды хочацца дэманстраваць новых ахвяр, прыносіць на алтар правадыру, — даводзіцца ісьці далей. Яны проста ідуць па ўсіх, хто застаўся.
Ня бачу, што б магло спыніць працэс, апроч прамога загаду спыніцца. Каб гэты загад паступіў, Лукашэнка павінен усьвядоміць цану рэпрэсій. І гэтая цана павінна быць ускладзена на яго або вельмі жорсткімі санкцыямі, або супрацівам людзей, што цяпер складана ўявіць. Трэнд на ўзмацненьне жорсткасьці рэпрэсій відавочны і будзе працягвацца.
Напад на НДА — гэта ўдар па тых, хто атрымлівае тэхнічную дапамогу ад Захаду. Беларуская ўлада разглядае гэтыя арганізацыі як працяг варожых шчупальцаў Захаду, якія трэба адсякаць, бо да галавы дацягнуцца яны ня могуць.
Гэта і рэакцыя на санкцыі. І шмат іншых задач вырашаецца адначасова. Сілавікі дэманструюць сваю патрэбнасьць: глядзіце, колькі мы выявілі ворагаў, асабліва на фоне антытэрарыстычнага падпольля, якое яны штотыдзень раскрываюць.
Для Расеі яны пасылаюць сыгнал: бачыце, мы зачышчаем празаходнюю, пятую калёну. Вы ў сябе робіце тое ж самае на меншым узроўні, а мы робім у сябе, кажа ён Пуціну. Паглядзіце, як трэба зачышчаць правільна.
Плюс да ўсяго змагаюцца з інфраструктурай патэнцыйнага будучага пратэсту. Пратэст жа не бярэцца зь ніадкуль. Пратэст існуе пастолькі, паколькі ёсьць магчымасьць кампэнсаваць штрафы, асьвятляць пратэсты, зьбірацца ў дваровыя супольнасьці.
Руйнуючы інфраструктуру, улада спрабуе заадно ня толькі адпомсьціць за 2020 год, але і прадухіліць паўтарэньне 2020 году.
Таму тут адразу мноства задач вырашаецца. Калі б мяне прымусілі прыдумаць аргумэнт за тое, каб спыніцца, — гэта рызыка санкцый, якая ўсё яшчэ не вялікая ў вачах Лукашэнкі. Санкцыі не кусаюцца, а тыя, што прынялі, адкладзеныя.
Наўрад ці ў пэрыяд адпачынкаў у Эўразьвязе варта чакаць узмацненьня жорсткасьці санкцый, калі Лукашэнка зноў ня зробіць нечага абуральнага накшталт інцыдэнту з самалётам Ryanair.