Менавіта жорсткасць сілавікоў у адносінах да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту стала прычынай шквальнага росту незадаволенасці і пратэставых настрояў у грамадстве. І гэта ж жорсткасць прывяла да таго, што маналіт улады даў расколіну, улада “пасыпалася”. Такое меркаванне выказаў у эфіры Еўрарадыё палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
“Градус гвалту, які быў прадэманстраваны на пачатку тыдня, быў несуразмерны. Без яго ўлада магла паспрабаваць уратаваць сітуацыю. Цяпер я не ўяўляю сабе, што апроч усталявання ваеннай дыктатуры, ваеннага становішча можа спыніць гэтую плынь. Але я не ўпэўнены, што нават усталяванне ваеннага становішча дапаможа. Бо калі яно скончыцца, з яго трэба будзе неяк выходзіць. Вернецца інтэрнэт, і людзі ізноў пабачаць, што адбываецца, і ўсё пачнецца наноў”, — кажа Арцём Шрайбман.
Цяпер неабходна шукаць магчымасці для таго, каб спыніць гвалт на вуліцах, і выпрацоўваць механізмы выхаду з крызісу. Неабходна пачынаць перамовы грамадства і ўлады. Прычым весці перамовы трэба не з Аляксандрам Лукашэнкам, бо гэта бессэнсоўна, а з тымі прадстаўнікамі ўлады, дзяржаўнікамі, якія разумеюць сітуацыю і рэальна могуць на яе ўплываць. Такімі людзьмі могуць стаць прэм’ер-міністр Галоўчанка і міністр МУС Караеў.
Цалкам размову з Арцёмам Шрайбманам можна паглядзець і паслухаць тут: