Адзіная валюта — гэта глыбокая палітычная інтэграцыя. Не сакрэт, што Расія такой інтэграцыі з Беларуссю хоча даўно. Але на такую здачу суверэнітэту Аляксандр Лукашэнка ніколі не пойдзе. Так у эфіры Еўрарадыё словы прэм’ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева каментуе палітолаг Арцём Шрайбман.
Арцём Шрайбман / Еўрарадыё“Падстаў верыць таму, як цытату Мядзведзева падалі расійскія СМІ, і таму, што насуперак словам расійскага міністра Арэшкіна існуе нейкая 31-я “дарожная карта” і яна ўключае ў сябе адзіную валюту, у мяне няма. Бо днямі і старшыня Нацбанка Беларусі Калаур казаў, што карту па манітарнай палітыцы яны з расійскім Цэнтрабанкам узгаднілі даўно і там няма адзінай валюты. Румас пра гэта сказаў, Лукашэнка сказаў, міністр Арэшкін сказаў, што засталіся тры “дарожныя карты” і там — газ, нафта, падаткі. Ніякай адзінай валюты. Думаю, што альбо Мядзведзеў памыліўся, альбо гэта такі палітычны накат”, — кажа эксперт.
Па словах Арцёма Шрайбмана, увядзенне адзінай валюты, стварэнне наднацыянальных органаў і эмісійнага цэнтра — лагічны працяг паглыблення эканамічнай інтэграцыі. Але не ў выпадку Беларусі і Расіі. Бо ў нашым выпадку ні пра якое раўнапраўе размовы весціся не можа: права вета Беларусь у такім саюзе не атрымае, як і права друкаваць “адзіную валюту”. Расія Беларусі гэтага права не дасць, а Беларусь без гэтага сваім суверэнітэтам не паступіцца. Што ператварае Саюзную дзяржаву ў фантом.
“Таму праект гэты мёртванароджаны, і бакі шляхам такіх складаных перамоў да гэтага разумення прыходзяць. І беларускія чыноўнікі, прынамсі ў кулуарах, кажуць: “І дзякуй богу, што мы да гэтага прыходзім. Бо рана ці позна мы павінны былі зразумець, што гэты перажытак савецкай спадчыны мусіць адысці ў гісторыю”. Думаю, бакі прызнаюць, што на трэку Еўразійскага саюза больш лагічна працаваць — гэта зразумелая і больш сучасная форма. Там пяць краін, там органы, якія працуюць. Мяркую, што да 2024–2025 гадоў самі па сабе прыйдзем у той фармат адносінаў, бо там да таго часу мусяць быць створаныя адзіныя рынкі газу і ўвесь гандаль перамесціцца туды. І Саюзная дзяржава проста страціць сваю актуальнасць. Іншая справа — як яны гэта палітычна абыграюць. Пуцін і Лукашэнка вельмі шмат інвеставалі ў гэты праект, і я не ўпэўнены, што яны пойдуць на такія рэпутацыйныя страты. Канчаткова пахаваюць Саюзную дзяржаву толькі новыя прэзідэнты Беларусі і Расіі”, — перакананы Шрайбман.
У такіх умовах кіраўніцтва Беларусі пагодзіцца на стварэнне любых наднацыянальных органаў толькі ў выпадку, калі ім прыставяць дула пісталета да лба, кажа палітолаг.
23 снежня прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ўся магчымая далейшая дадатковая падтрымка Беларусі можа аказвацца толькі пасля выканання ўсіх “дарожных картаў” па інтэграцыі. І ўдакладніў, што не ўзгодненая толькі “дарожная карта”, прысвечаная стварэнню наднацыянальных органаў, адзінай валюце і адзінаму эмісійнаму цэнтру.
Аляксандр Лукашэнка 24 снежня заявіў, што згаданую Мядзведзевым дарожную карту яны падчас сустрэчы з Пуціным у Сочы дамовіліся нават не абмяркоўваць.