Так, у прыватнасці, сцвярджае начальнік Асіповіцкага ДРБУ №199 Алег Лук’яненка ў артыкуле, змешчаным на старонках раённай газеты “Асіповіцкі край” (№2 ад 10 студзеня 2020 г).
Журналіст газеты Дзмітрый Саўрыцкі ў сваім артыкуле “Асфальт у інтэрнэт-лужыне” дае сваю ацэнку фотарэпартажу аб працы асіповіцкіх дарожнікаў, размешчанаму ў сацыяльных сетках, і пазней “растыржараванага іншымі інтэрнэт-сайтамі, якія спецыялізуюцца на скандальных навінах”. У фотарэпартажы было адлюстравана, як работнікі ДРБУ №199 укладваюць асфальт на залітую вадой вуліцу.
У каментары для газеты начальнік ДРБУ Алег Лук’яненка тлумачыць, чаму працаўнікі падначаленай яму арганізацыі выкарыстоўвалі такую своеасаблівую тэхналогію:
- 26 снежня наша арганізацыя прыступіла да работ на перакрыжаванні вуліц Кастрычніцкай і Карла Лібкнехта. Гээты аб’ект быў унесены ў план добраўпарадкавання тээрыторыі новага корпуса райбальніцы і прывязаны па тэрмінах да яго даўгачаканай здачы ў эксплуатацыю. Пачалі ў той дзень працаваць пры спрыяльным надвор’і, але, калі ўжо вялася ўкладка першага слою асфальтабетону, пайшоў снег з дажджом. Інтэнсіўнасць ападкаў дазваляла працягваць работу, аднак дадзенае месца знаходзіцца ў паніжэнні рэльефу, так што вада пачала сюды хутка сцякаць. З гэтай нагоды былі прыняты аўральныя меры па вадаадвядзенні. Паверхневы – галоўны – слой укладваўся ў штатным рэжыме, толькі гэта назіральніка, які збіраў кампрамат, ужо не цікавіла.
На пытанне журналіста “Асіповіцкага краю”, наколькі неспрыяльныя ўмовы надвор’я паўплывалі на эксплуатацыйныя характарыстыкі новага дарожнага палатна, Алег Лук’яненка адказаў так:
- Плошча заасфальтаванага ўчастка складае ўсяго 72 “квадраты”, прычым таўшчыня яго – з-за асаблівасцей профілю праезнай часткі вуліцы – атрымалася нават большай, чым тое прадугледжана нарматывамі. Так што гарантыйны тэрмін эксплуатацыі – пяць гадоў – асфальт адпрацуе.
Як адзначае “Асіповіцкі край”, начальнік ДРБУ ў дадзеным выпадку асоба зацікаўленая, аднак ён назваў канкрэтныя тэрміны і яго словы нескладана будзе праверыць.
Што ж, як кажуць, пажывем – пабачым. Аднак і так са слоў начальніка ДРБУ №199 выдатна зразумела, што работы выконваліся ў аўральным парадку, неабходна было добраўпарадкаваць тэрыторыю паблізу райбальніцы, бо на адкрыццё новага корпуса чакаўся прыезд высокага начальства. Ці паважаныя калегі з “Асіповіцкага краю” мяркуюць, што гэта было не так?
Альбо для іх з’яўляецца вялікім сакрэтам, што, па заведзенай яшчэ з савецкіх часоў традыцыі, перад здачай аб’екта ў эксплуатацыю напрыканцы года трэба тэрмінова асвоіць сродкі і пачынаецца “штурм” па ўсіх накірунках?
Што датычыцца стану дарог у Асіповіцкім раёне, асабліва раённага значэння, то можна не толькі паглядзець каментары ў сацыяльных сетках, але ўбачыць на ўласныя вочы, што ён пакідае жадаць значна лепшага. Працы асіповіцкім дарожнікам хопіць на доўгія гады.
Пажадана толькі, каб гэтая праца выконвалася імі пры спрыяльных умовах надвор’я і з выкананнем прадугледжаных стандартаў і тэхналогій…
Сяргей Семяновіч