Асіповіцкі філіял вядомага магілёўскага малочнага холдзінга “Бабушкіна крынка” спрабуе ўтрымацца на рынку і дзеля гэтага выпускае сыры з усё больш экзатычнымі назвамі. Тут можна знайсці і гістарычных персанажаў, і рэкламную гульню словаў, і іншыя хітрыкі. Вось толькі беларускіх герояў ці гістарычных персанажаў чамусьці няма.
Сёлета на прылаўках з’явіліся паўцвёрдыя сыры “Карона Артура”, “Барон Мюнхгаўзен”, “Печать Кардинала” и “Parmeciano Cezare”, якія выраблены ў Асіповічах. Як кажуць на прадпрыемстве, выпуск той ці іншай прадукцыі абумоўлены, у першую чаргу, выбарам патэнцыйных пакупнікоў. Са словаў менеджараў пастаянна вядзецца маніторынг попыту насельніцтва ў сырах з рознымі спажывецкімі характарыстыкамі.
Аб якасці асіповіцкіх сыроў сведчаць разнастайныя ўзнагароды. Днямі асіповіцкі сыр “Буррата” атрымаў гран-пры на 27-й Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставе “Продэкспо-2021”, а глазураваныя сыркі перамаглі ў сваёй намінацыі. Цэлы калейдаскоп узнагарод прывезлі асіпаўчане і з міжнароднага конкурсу “Лепшы прадукт-2021”.
Трэба адзначыць, што філіял “Асіповіцкі” ТАА “Бабушкіна крынка” здольны перапрацоўваць штодня да 500 т малака і вырабляе каля 10-12 тон каля 50 найменняў сыроў, да 8 тон салодкіх глазураваных тварогавых сыркоў, да 20 тон масла і каля 40 тон сухіх малочных прадуктаў, на прадпрыемстве працуе звыш 400 чалавек. За месяц філіял выпускае 300 тон паўцвёрдых сыроў, каля 20 тон мяккіх і да 200 тон сыркоў глазураваных.
Спецыялісты філіяла працуюць над удасканальваннем вытворчай тэхналогіі і рэцэптуры, а яшчэ імкнуцца ісці ў нагу з часам. Напрыклад, яны набылі спецыяльнае абсталяванне для нанясення на кожную ўпакоўку QR-кодаў і ўкаранілі сістэму аўтэнтыфікацыі, што абараняе прадукцыю ад фальсіфікацыі. На прадпрыемстве ўсталявалі новую сістэму кандыцыянавання паветра, што палепшыла ўмовы працы работнікаў.
Асіповіцкія сыравары кажуць, што выпускаюць прадукты, калі ўпэўнены, што іх прадукт спадабаецца. Жадаючы поспеху мясцовым майстрам вырабкі сыроў, не можам не параіць ім звяртаць увагу не толькі на Караля Артура, Барона Мюнхгаўзена, Кардынала ці Cezara, але і на нацыянальную беларускую гісторыю і культуру. З улікам зменаў у нацыянальнай свядомасці, якія прадэманстраваў 2020 год, беларускія назвы будуць карыстаюцца не меншым поспехам, што і даказваюць некаторыя канкурэнты асіповіцкіх сыравараў.
Наш кар.