Сёлета ў Асіповічах юбілей – 150 годдзе заснаванне горада. Першымі пачалі рэальнымі справамі святкаваць нараджэнне цэнтра раёна тутэйшыя літаратары. Мясцовыя паэты, публіцысты, пісьменнікі, мастакі прэзентавалі зборнік сваіх твораў пад назвай “Галасы асіповіцкай зямлі”.
Па месцячковаму бадзёра прайшла ў раённым Цэнтры культуры і вольнага часу прэзентацыя першага зборніка твораў літаратараў, мастакоў і творчых калектываў горада і раёна. Само выданне змяшчае вершы і апавяданні, выявы карцін асіповіцкіх аўтараў, а таксама звесткі пра народныя калектывы раёна. Падаецца нічога задужа арыгінальнага ў зборніку няма, але ўпершыню ў Асіповічах пад адной вокладкай аб’ядналіся творы прадстаўнікоў творчай эліты горада і раёна. Іх ў дзень прэзентацыі можна было паслухаць і ў аўтарскім выкананні. Таксама на ўрачыстасцях праспявалі народныя кампазіцыі ансамбль “Вязанка” Вяззеўскага сельскага Дома культуры і “Вяселле” Каўгарскага сельскага клуба, паказаў сваю творчасць ансамбль эстраднага танца “Капрыз” РЦК. Усё як звычайна на раённых мерапрыемствах.
Альманах нарадзіўся найперш дзякуючы руплівай рабоце кіраўніка мясцовага літаратурнага аб’яднання “Літаратар” Тамары Кавальчук. Плённая пісьменніца надрукавала ўжо 16 кніг на беларускай і рускай мовах. Апошні яе зборнік “Ларэц паданняў” змяшчае легенды і паданні, якія яна пачула калісьці, а затым літаратурна апрацавала. Сваёй малой радзімай Тамара лічыць нараўлянскую зямлю, дзе прайшло яе дзяцінства, а ў Асіповічах яна нарадзілася як пісьменніца і паэтэса.
Пад час прэзентацыі гледачы маглі паслухаць вершы, аўтарскія песні паэткі Лёлі Багдановіч. Дарэчы, летась Лёля таксама выдала сваю кнігу “Скарбы зямлі беларускай”. У аснове аўтарскіх казак, якія склалі зборнік, ляжаць легенды і паданні, якія прысвечаны сімвалам нашай Радзімы.
Увогуле, літаратурнае жыццё раёна насамрэч надзіва плённае і творчае. Так, асіповіцкія літаратары вядомыя і тым, што ў дакавідныя часы яны разам з мясцовым музеем праводзілі Магдаленаўскія чытанні, якія прысвечаны знакамітай мецэнатцы Марыі Магдалене Радзівіл з рода Завішаў. Праводзіліся яны ля мемарыяльнага знака на месцы яе былога маёнтку ў вёсцы Дуброва. Паэтэсы Лёля Багдановіч, Тамара Кавальчук і Ларыса Гарбайчук напісалі вершы, прысвечаныя гэтай легендарнай беларускай асобе. Дарэчы будзе сказаць, што дзякуючы сябрам ліквідаванага ўладай ГА “Згуртаванне беларусаў сусвету “Бацькаўшчына” у 2017 годзе прах Марыі Магдалены Радзівіл перавезлі са Швейцарыі ў Беларусь.
Застаецца пажадаць натхнення, плёну ў творчым жыцці і новых літаратурных выданняў пісьменніцам асіповіцкай зямлі.
Тася Лемон
фота з адкрытых крыніц