Галоўная » Аўтарская выстава вырабаў з лёну Вольгі Сыцікавай адкрылася ў Магілёве

Аўтарская выстава вырабаў з лёну Вольгі Сыцікавай адкрылася ў Магілёве

Выстава вырабаў з лёну народнага майстра Беларусі Вольгі Сыцікавай «Беларусь мая сінявокая» адкрылася ў рамках абласнога семінара-практыкума «Тэндэнцыі развіцця беларускага народнага касцюма». Ён праходзіць на базе ўстановы культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы».

На выставе прадстаўлены работы, выкананыя з лёну: гэта пано з нацыянальнай сімволікай, лялькі ў традыцыйных беларускіх строях, анёлачкі, фігуркі жывёл, вымпелы, дэкаратыўныя сурвэткі, сюжэтныя кампазіцыі і многае іншае.



Як паведамілі «Магілёўскаму рэгіёну» арганізатары мерапрыемства, Вольга Сыцікава – адзін з яркіх майстроў народнай творчасці Магілёўшчыны. За амаль трыццацігадовы творчы перыяд яна распрацавала больш за 3000 новых вырабаў, наладзіла іх вытворчасць. Ёю распрацавана вялікая калекцыя сувеніраў да традыцыйных абрадавых святаў Беларусі такіх як «Купалле», «Каляды», «Дажынкі». Майстрыха ўзнагароджана 46-ю граматамі, дыпломамі і падзякамі. Выстава, што адкрылася 19 лютага будзе доўжыцца два тыдні.


У сваю чаргу абласны семінар-практыкум «Тэндэнцыі развіцця беларускага народнага касцюма», наладжаны ў рамках школы прафесійнага майстэрства, пройдзе за два дні – 19-20 лютага. Яго мэтай ёсць метадычная і практычная дапамога майстрам дэкаратыўна-прыкладной творчасці, кіраўнікам гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў культуры ў галіне вывучэння асаблівасцяў рэгіянальных строеў і прымяненне ведаў на практыцы. У рамках семінара ўдзельнікі пазнаёмяцца з тэхналогіяй падрыхтоўкі асновы строя, з традыцыйнымі прыёмамі яго афармлення: вышыўкай, ткацтвам, пляценнем, узаемазаменнымі элементамі аздаблення і іх выкарыстаннем ў працы.


Акрамя вышэйзгданай выставы Вольгі Сыцікавай, падчас семінара-практыкума пройдуць майстар-класы і лекцыя народнага майстара па вышыўцы Галіны Рудніцкай. Яна, у прыватнасці, распавядзе пра вышыўку крыжам, апрацоўку злучальных швоў, аб відах краявога афармлення і тэхнікі іх выканання.

Семінар-практыкум арганізаваны для дырэктараў і майстроў раённых дамоў (цэнтраў) рамёстваў, метадыстаў цэнтралізаваных клубных сістэм (раённых дамоў, цэнтраў культуры, сельскіх дамоў культуры) па народных рамёствах, кіраўнікоў гурткоў (студый) дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкладчыкаў дзіцячых школ мастацкіх рамёстваў.

Уладзімір Лапцэвіч

Фота Алесь Сабалеўскі