Віталь Красніцкі, працоўны Бабруйскага шыннага камбінату, адным з першых падтрымаў агульнанацыянальны страйк і заклікаў далучацца іншых працаўнікоў. 25 жніўня ён даведаўся, што з верасня яго звальняюць нібыта за прагул.
Віталю Красніцкаму 27 гадоў. Ён працуе аператарам на заводзе масавых шын. Малады чалавек з самага пачатку актыўна падтрымліваў ідэю забастоўкі, выступаў на мітынгах у Бабруйску на плошчы Леніна. Калі на мінулым тыдні на «Белшыне» прымусілі звольніцца двух працоўных, якія адкрыта падтрымалі страйк, Віталь казаў, што яго запужаць не змогуць, яму няма чаго губляць у гэтай краіне, і ён будзе да канца змагацца за свабоду і справядлівасць. Цяпер яго звальняюць за прагул.
Як распавёў Віталь, на мінулым тыдні ён ездзіў у Менск, і тады прасіў у начальніка цэха дзень за свой кошт. Начальнік, па словах Віталя, параіў яму ўзяць бальнічны, а калі не атрымаецца, то на наступны дзень ён падпіша заяву за свой кошт. Пайсці на бальнічны актывіст не змог, а заяву падпісваць начальнік адмовіўся, але адначасова прапанаваў «урэгуляваць пытанне», калі Віталь спыніць страйк. Працоўны адмовіўся. Хлопца пазбавілі прэміі, і не далі сфатаграфаваць загад, спаслаўшыся на тое, што на тэрыторыі заводу нельга карыстацца тэлефонамі.
«Загад пра звальненне будзе гатовы з 18 верасня, – распавёў далей Віталь. – Мне прапанавалі папрацаваць да гэтага дня, але я працягну забастоўку. Я буду выходзіць на сваё працоўнае месца, бо, магчыма, некаму спатрэбіцца мая дапамога, салідарнасць».
Не гатовыя загады аб звальненні і на тых двух працоўных, якія сышлі на мінулым тыдні. Нібыта яны няправільна напісалі заявы. Віталь асцерагаецца, што хлопцаў таксама хочуць звольніць за прагулы.
Агульная сітуацыя на «Белшыне» сёння даволі напружаная, кажа Красніцкі. Працоўныя не наважваюцца адкрыта далучацца да страйку, але шмат хто пераходзіць на «італьянскую забастоўку».
25 жніўня Віталь разам з калегамі хацелі раздаць ля прахадной лістоўкі пра «італьянскую забастоўку», але як толькі яны выйшлі, пад’ехаў аўтобус з міліцыяй. Працоўныя вырашылі разысціся.
Наш суразмоўца кажа, што некаторыя звальняюцца на ўласнае жаданне, збіраюцца з’язджаць з Беларусі ў пошуках добрай працы. Сам Віталь таксама часам думае пра ад’езд, але пакуль вырашыў заставацца на радзіме.
«Я лічу, што ў цяперашняй няпростай сітуацыі ад мяне тут будзе больш карысці, – кажа працоўны. – Калі мяне ўсё ж звольняць 18 верасня, я звярнуся па дапамогу ў навучанні і перакваліфікацыі».
НА, Belsat.eu