Андрэй Тадэвуш Касцюшка – нацыянальны герой Беларусі, Польшы і ЗША. Сёння, 4 лютага, споўнілася 275 год з дня яго нараджэння. Менавіта да гэтай даты tut.by апублікаваў фільм “Рака лёсу”, створаны рэжысёрам Аляксандрам Матафонавым і мастацвазнаўцам Сяргеям Харэўскім.
Гэты фільм распавядае пра жыццё легендарнага Героя. Гісторыя пачынаецца з таго месца, дзе ён памёр, у гарах Швейцарыі. Стваральнікі фільма прайшлі ўсімі шляхамі Героя, шукаючы ягоныя сляды. Касцюшка сваім лёсам аб’яднаў два кантыненты, гісторыі розных народаў – Беларусі, Польшчы, Літвы, ЗША і Швейцарыі. Апроч таго, ў ягоным жыцці, былі і вучоба ва Украіне і Францыі, а затым і палон у Расіі.
Між тым, вядомы гістарычны персанаж мае дачыненне і да Магілёўшчыны. Як вядома, вясной 1794 года ў Беларусі, Польшчы і Літве выбухнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне, кіраўніком якога быў абраны генерал Тадэвуш Касцюшка. Першапачаткова яно развівалася паспяхова. 22 красавіка паўстанне перамагло ў Вільні і хутка стала пашырацца на іншыя беларускія гарады і мястэчкі. Касцюшка 7 мая выдаў “Маніфест”, які надзяляў сялян асабістай воляй, прызнаваў за імі права на зямлю, якую яны апрацоўвалі, абмяжоўваў паншчыну. Гэта павярнула да паўстання сялян. Аднак атрады дрэнна ўзброеных паўстанцаў не маглі процістаяць рэгулярным рускім войскам, да таго ж і ў кіраўніцтве паўстанцаў было зроблена некалькі стратэгічных памылак. К восені паўстанне было жорстка падаўлена, а сам Касцюшка цяжка паранены ўзяты ў палон. Давялося ў хуткім часе славутаму беларусу праехаць і вулачкамі тагачаснага Магілёва і Шклова. Па загаду Кацярыны ІІ Касцюшку павезлі ў Пецярбург. Баючыся нападу паўстанцаў, маршрут абралі акружны – праз Украіну, потым праз Гомель, Магілёў, Шклоў і далей на Оршу і Віцебск. Невядома, ці адбылася сустрэча ў Шклове Касцюшкі і дагачаснага ўладара Шклова Сямёна Зорыча. Але калі і адбылася і позіркі іх сустрэліся, то аб чым былі ў гэты момант іх думкі? Пра гэта можна толькі меркаваць, бо на скрыжаванні гістарычнага лёсу сустрэліся два генералы, якія па-рознаму дасягнулі гэтага звання і па-рознаму выканалі сваё прызначэнне на Беларусі.
Гістарычная даведка: Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (4 лютага 1746 – 15 катрычніка 1817). Вайсковы інжынер і вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай. Удзельнік барацьбы Рэчы Паспалітай супраць Расіі і Прусіі, а таксама ўдзельнік вайны за незалежнасць ЗША. Лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай супраць расійска-прускай акупацыі краіны. Ва ўзросце 20 гадоў ён скончыў кадэцкі корпус у Варшаве. У 1769 годзе Касцюшка пераехаў у Францыю, каб працягнуць далейшае навучанне. Вярнуўся ў Рэч Паспалітую ў 1774 годзе, праз 2 гады пасля яе першага падзелу, і заняў пасаду выхавальніка ў хатняй гаспадарцы Юзафа Сасноўскага. Пасля таго, як Касцюшка зрабіў спробу збегчы з дачкой свайго працадаўцы і быў жорстка збіты слугамі яе бацькі, ён вярнуўся ў Францыю. У 1776 годзе Касцюшка пераехаў у Паўночную Амерыку, дзе прыняў удзел у вайне за незалежнасць ЗША. Будучы дасведчаным вайсковым інжынерам, ён распрацоўваў і камандаваў будаўніцтвам самых сучасных умацаванняў, у тым ліку форта ў Вест-Пойнце, Нью-Ёрк. У 1783 годзе, у знак прызнання яго заслуг, Кантынентальны кангрэс вылучыў яго ў брыгадныя генералы. Вярнуўшыся ў 1784 годзе на радзіму, Касцюшка далучыўся да арміі Рэчы Паспалітай у званні генерал-маёра ў 1789 годзе. Праз два гады пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, якая прывяла да другога падзела федэрацыі, ён арганізаваў паўстанне ў сакавіку 1794 года, узначаліўшы яго. Расійскія войскі захапілі яго ў бітве пад Мацяёвіцамі ў кастрычніку 1794 года. Паражэнне паўстання Касцюшкі ў лістападзе 1794 прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, які спыніў незалежнае існаванне Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. Апошнія гады жыў у Швейцарыі да сваёй смерці ў 1817 годзе.
Алесь Грудзіна