Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў вызначае найбольш значныя вадаёмы, якім пашчасціць знайсці грошы на зарыбленне. У мясцовых сацсетках пачалася барацьба не на жарт, бо гутарка ідзе пра Магілёўскую вобласць. Пакуль у лідарах краснапольцы – 35% галасоў аддадзеныя за Палужскае возера.
Вынікі будуць падведзеныя на паседжанні Савета па развіцці аматарскага і спартовага рыбалоўства. Пакуль што можна яшчэ галасаваць за адзін з шасці варыянтаў. На сёння лідарства трымаюць краснапольцы, але іх падціскаюць аматары-рыбаловы Чыгірынскага вадасховішча – 27%, а на трэцім месцы прадстаўнікі Мсціслава – за возера Курманава аддалі 20% галасоў. Бялынічы з возерам Заазёрскае і Магілёў (Пячэрск і Броды), здаецца, канкурэнцыю ім ужо не складуць
За тры тыдні галасавалка сабрала 1600 галасоў, а далей пачалася ўпартая агітацыя сярод не толькі рыбакоў у сацсетках па раёнах. Вы таксама можаце аддаць свой голас вось тут, калі маеце акаўнт у VK:
https://vk.com/rgooboor?w=poll-129614587_357789509
Дарэчы найбольшыя нараканні выклікалі магілёўскія рыбакі. Аказваецца ў абласным цэнтры найбольш ловяць рыбу сеткамі, а самыя акуратныя аматары жывуць у невялічкіх гарадках, хаця існуе стэрэатып, што ўсё наадварот.
На сёння ў Беларусі водзяцца 65 відаў рыб, з іх 13 з’явіліся ў апошнія дзесяць год. Праблемы міграцыі існуюць не толькі сярод людзей, але і ў прадстаўнікоў фаўны. Айчынныя іхціолагі кажуць, што з цягам часу некаторыя віды рыб не вытрымаюць канкурэнцыі і могуць знікнуць. У той жа час з Чорнага мора даплываюць да нас прадстаўнікі тых відаў, пра якіх раней нават не думалі.
Беларускае заканадаўства датычна рыбнай гаспадаркі досыць жорсткае. За суткі рыбак-аматар мае права злавіць не больш за 5 кілаграм рыбы (за выключэннем платных азёраў – там за грошы лаві колькі хочаш). І нават калі вы злавілі ўсяго адну рыбіну, а яна ўжо важыць 5 кіло, то таксама прыйдзецца адправіцца да хаты – норма выкананая, прыходзьце заўтра. А калі вы ловіце мелкую рыбу, каб яе потым выкарыстаць у якасці жыўца на драпежніка, то таксама існуе абмежаванне – не больш за 30 штук на аднаго рыбака ў суткі.
Аляксандр Уселюбскі