На беларускіх прасторах ёсць такая цікавая двухмятровая расліна — баршчэўнік, вядомы шмат каму як велічэзнае пустазелле з сімпатычнымі парасонамі. Часта баршчэўнік расце на ўчастках, якія доўга не апрацоўваліся. Арэалам распаўсюджвання баршчэўніка з’яўляецца не толькі сельская мясцовасць, але часта і гарады. Прычым пра тое, што баршчэўнік ядавітая расліна, якая выклікае сур’ёзныя апёкі ведаюць далёка не ўсе. З-за гэтага кожнае лета ўрачам-дэрматолагам дадаецца працы – пасля кантакту з раслінай людзі звяртаюцца ў паліклінікі з пашкоджаннем скуры.
Баршчэўнік — род кветкавых раслін сямейства парасонавых, які налічвае больш за 150 відаў па ўсім свеце. Пашыраны ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі . На тэрыторыі Беларусі растуць 2 дзікарослыя расліны — баршчэўвік сібірскі (Heracleum sibiricum) і баршчэўвік звычайны (Heracleum sphondylium). Першы мае народныя назвы (баршаўка, бядрыца, баршч), а другі на беларускай зямлі расце ў выглядзе дзесяці відаў, з якіх найбольш вядомы баршчэўнік Сасноўскага.
Сваё лацінскае найменне Heracleum, г. зн. Геракл, расліна атрымала нездарма. Сярод іншых раслін баршчэўнік выглядае гігантам, які можа вырасці да 4 метраў у вышыню. Аднак звычайна сцябло ў розных відаў расліны вырастае на вышыню ад 20—50 см да 2,5 м, як правіла, полае. На сённяшні дзень баршчэўнік лічыцца звычайным пустазеллем і прыцягвае ўвагу гэта расліна толькі вялікімі памерамі. Але так было не заўсёды, бо ў савецкія часы баршчэўнік адносілі да сельскагаспадарчых культур і вырошчваўся на вялічэзных плошчах. Аднак навошта яго сталі вырошчваць? Культываваць баршчэўвік сталі амаль адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у канцы 1940-х гг. Менавіта тады “правадыр” СССР Сталін даведаўся аб тым, што ў краінах Паўночнай Амерыкі гэта пустазелле выкарыстоўваюць ў якасці корма для скаціны. З гэтага часу пачалося пераможнае шэсце баршчэўніка па шырокіх прасторах Савецкага Саюза. Натуральна, што Беларусь гэтыя працэсы не абмінулі. Нават пасля смерці Сталіна яго справу ў гэтай вобласці працягнулі іншыя кіраўнікі краіны. У 1970-х гг. вырошчваць баршчэўнік узяліся і палякі. Аднак каровы елі гэтую ядавітую расліну с неахвотай, а часта зусім адмаўляліся ад такога корму. Да і малако пасля такога харчавання рабілася аддавала гаркатой. Такім чынам, баршчэўнік стаўся непрыгодным для харчавання свойскай скаціны.
Культывавалі ў савецкія часы менавіта баршчэўнік Сасноўскага як сіласную культуру. Масавае культываванне гэтай расліны прывяло да таго, што ён атрымаў шырокае распаўсюджанне і паступова перасяліўся ў дзікую прыроду, засяваючы берагі вадаёмаў, пусткі і неапрацаваныя ўчасткі палёў. Трэба адзначыць, што гэта расліна надзвычай пладавіта. Насенне баршчэўніка з’яўляецца як у выніку дзейнасці насякомых, так і самаапылення. Усяго адзін баршчавік дае каля 20 тысяч сямян, якія валодаюць выдатнай усходжасцю. Менавіта дадзеным фактарам у натуральным асяроддзі баршчэўнік з легкасцю выціскае іншыя расліны, прычым часта карысныя культуры. Кармавая расліна, на якую некалі ўзлагаліся вялікія надзеі, праз гады аказалася сапраўдным няшчасцем палёў. Такім чынам, імклівае распаўсюджанне баршчэўніка парушыла экалагічную раўнавагу і стала сур’ёзнай праблемай. Толькі адносна нядаўна баршчэўнік Сасноўскага знік з рэестра сельскагаспадарчых культур і стаўся проста пустазеллем.
Яшчэ десять-пятнаццаць год таму небяспечная расліна, лісты якой нагадваюць лісты гарбуза, не была такой ядавітай як зараз. Больш за тое, калі раней непрыемныя кантакты з раслінай былі рэдкасцю, то цяпер людзі часта звяртаюцца па лекаванне апёкаў. Сок большасці відаў, асабліва баршчэўніка Сасноўскага выклікае дэрматыты, г. зн. запаленне скуры. Часцей за ўсё баршчэўнік Сасноўскага выклікае апёкі дзіцячай скуры, асабліва ўчасткі твару. У асноўным рэакцыя арганізма на кантакт з раслінай залежыць ад імуннай сістэмы. Прычым каб з’явіліся апёкі на скуры не абавязкова выціскаць сок расліны сабе на цела. Дастаткова толькі прайсціся каля парасонаў баршчэўніка, якія цвітуць. Аднак ёсць і адна пазітыўная якасць гэтага пустазелля – ён добры меданос.
На цяперашні момант не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў шэрагу краінах Еўропы спецыялістамі распрацоўваюцца і ўкараняюцца мноства праграм па барацьбе з ядавітай і шкоднай раслінай. У Беларусі таксама вядзецца цэлая вайна са шкоднай раслінай. Беларускімі навукоўцамі ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016-2020 гады былі праведзены даследванні на тэму пагроз распаўсюджвання інвазійных відаў раслін, да якіх адносіцца баршчэўнік. На сённяшні дзень у многіх раёнах Беларусі небяспечная расліна займае дзясяткі гектар. Меры па знішчэнню расліны прымаюцца, але часта непрадумана і малаэфэктыўна. У многіх раёнах Беларусі, і на Магілёўшчыне ў прыватнасці, трацяцца тысячы рублёў для знішчэння баршчэўніка штогод. Барацьба з гэтым пустазеллем ускладняецца тым, што чалавек, які не ведае як правільна знішчаць баршчэўнік і не мае сродкаў індывідуальнай абароны, можа моцна пацярпець ад апёкаў гэтай расліны.
Алесь Крыжэвіч