Галоўная » Барыс Вырвіч: Нават пад ціскам нас ніхто не змусіць пісаць няпраўду

Барыс Вырвіч: Нават пад ціскам нас ніхто не змусіць пісаць няпраўду

Пра тое, што ён сведка ў справе пра “тэрарызм”, шэф-рэдактар магілёўскага рэгіянальнага партала 6TV.by Барыс Вырвіч даведаўся ад супрацоўнікаў КДБ – яны прыйшлі да журналіста з ператрусам. Усяго было два вобшукі: дома, дзе ён жыве – у аграгарадку Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёну, і па месцы рэгістрацыі.

Супрацоўнікі КДБ распытвалі Барыса Вырвіча, ці не з’яўляецца ён адміністратарам тэлеграм-каналаў, правяралі ягоны тэлефон. Праз чатыры гадзіны яго адпусцілі са Шклоўскай раённай управы КДБ. Ці надоўга – Барыс Вырвіч не ведае, бо ціск на журналісцкую супольнасць не спыняецца, а толькі робіцца мацнейшым.

Падчас мінулай сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі, прысвечанай пытанням грамадска-палітычнай абстаноўкі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кожны рэгіянальны кіраўнік павінны ведаць усіх журналістаў і нават усіх блогераў у рэгіёне. Больш за тое: усе публікацыі павінны ўзгадняцца з уладамі. На думку Барыса Вырвіча, гэта не што іншае, як фактычная забарона на прафесію:

– Калі любы незалежны журналіст будзе ўзгадняць свае матэрыялы з намеснікам старшыні райвыканкама ці гарвыканкама, то пераважна нам давядзецца пісаць пра небывалыя надоі і прывагі, пра стабільнасць і квітненне.І пакрысе шалець ад коштаў у нашых цудоўных беларускіх крамах. Насамрэч, гэта забарона на прафесію. Але я ўсё адно веру, што журналістыка застанецца – сапраўдная, незалежная, і ніхто не прымусіць нас узгадняць матэрыялы з супрацоўнікамі выканкамаў, ГУБАЗіКа і КДБ.

Барыс Вырвіч з’яўляецца кіраўніком Магілёўскай рэгіянальнай філіі ГА “БАЖ”. Некаторыя ягоныя калегі былі вымушаныя з’ехаць за мяжу пад пагрозамі крымінальных абвінавачанняў, некаторыя спынілі супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ з тае самай прычыны. Але спадар Барыс упэўнены, што яны абавязкова вернуцца, калі журналістыка зноў стане “мірнай” прафесіяй, а не падставай для рэпрэсій. Царкам гутарку з Барысам Вырвічам слухайце ў далучаным файле:

racyja.com