Сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Магілёўскай вобласці на сходзе прынялі адмысловую заяву, у якой выказалі сваё неразуменне пазіцыі кіраўніцтва Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна.
Фота: masheka.byМагілёўская абласная бібліятэка імя Леніна адмовілася ад падарунка — пяцітомніка «Галасы ўтопіі» лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч. Выданне было падрыхтаванае і выдадзенае за грошы, сабраныя на краўдфандынгавай пляцоўцы. Адзін з самых вялікіх фінансавых унёскаў зрабіў “Белгазпрамбанк”.
Бажаўцы Магілёўшчыны неразумеюць пазіцыі кіраўніцтва бібліятэкі. Яны лічаць, што сваім учынкам кіраўніцтва Магілёўскай абласной бібліятэкі праявіла недальнабачнасць і непавагу не толькі да вядомай ва ўсім свеце пісьменніцы, але і да сваіх чытачоў, якія ў дадзеным выпадку былі пазбаўленыя свабоды выбару.
Святлана Алексіевіч, як і яе творчасць, — знакі пазнавальнасці нашай краіны, сведчанне таго, што Беларусь валодае творчым патэнцыялам сусветнага маштабу.
Сябры ГА “БАЖ” лічаць, што Магілёўская абласная бібліятэкі імя Леніна зрабіла памылку, якую трэба неадкладна выправіць праз замову неабходнай колькасці камплектаў “Галасы ўтопіі” як для фонду абласной бібліятэкі, так і для раённых цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм вобласці.
“Беларускамоўнае выданне твораў Святланы Алексіевіч павінна дайсці да беларускага чытача, які сам выдатна разбярэцца ў шматколернай літаратурнай палітры”, — пішуць у заяве магілёўскія бажаўцы.
На аснове заявы быў падрыхтаваны адмысловы зварот магілёўскіх сябраў ГА “БАЖ” на імя дырэктара Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна Ілоны Сарокінай. У звароце бажаўцы выкладаюць сваю пазіцыю і просяць спадарыню Сарокіну праінфармаваць іх, на якой падставе было прынятае рашэнне адмовіцца ад кніг Святланы Алексіевіч.
Таксама сябры ГА “БАЖ” хочуць ведаць, хто прымаў рашэнне адмовіцца ад кніг Алексіевіч і што неабходна зрабіць, каб кнігі пісьменніцы зʼявіліся ў фондах бібліятэкі і былі даступныя для чытача.
Крыніца: baj.by