210 гадоў таму назад, у 1811 г., нікому невядомы 14-гадовы дубровенскі дваранін Аляксандр Казарскі (1797-1833) быў прыняты валанцерам на службу ў расійскі Чарнаморскі флот. І да чаго прывяла гэтая падзея?
Праз 18 гадоў экіпаж брыга «Меркурый» пад камандаваннем капітан-лейтэнанта Аляксандра Казарскага здзейсніў адзін з самых дзёрзкіх і выбітных подзвігаў ў гісторыі марскіх бітваў (увайшоў ва ўсе падручнікі па гісторыі для марскіх афіцэраў).
14 (26) мая 1829 года ў чарговым крэйсерскім рэйдзе каля выхаду з праліва Басфор знаходзіліся тры расійскія судны – фрэгат «Штандар» капітан-лейтэнанта Сахноўскага, 20-гарматны брыг «Арфей» капітан-лейтэнанта Калтоўскага і 18-гарматны брыг «Меркурый» капітан-лейтэнанта Аляксандра Іванавіча Казарскага (звярніце ўвагу на прозвішчы!).
На досвітку атрадам была заўважана турэцкая эскадра. Рускі атрад адсачыў рух ворага, падлічыў караблі (14) і павярнуў назад. Асманы зладзілі пагоню.
Калі «Арфей» і «Штандар» паспелі адысці на вялікую адлегласць ад турэцкіх караблёў, то «Меркурыю» шанцавала менш – яго даганялі лепшыя і хуткаходныя караблі асманскага флоту – 110-гарматны «Сялім» пад сцягам самаго камандуючага эскадрай, і 74-гарматны «Рэал-бей».
Турэцкае камандаванне не сумнявалася, што з такімі сіламі (184 гарматы) 18-гарматны рускі брыг будзе знішчаны або захоплены. Аднак, гэтага не здарылася. Каманда Казарскага прыняла рашэнне біцца да канца. Апошні, хто б застаўся ў жывых, павінен быў падарваць карабель на паветра.
“Меркурый” прыняў няроўны бой, экіпаж атрымаў бліскучую перамогу: брыг пад дымавую завесу прайшоў паміж двух турэцкіх караблёў і адстрэліў з двух бартоў увесь боекамплект, нанёс суперніку значныя пашкоджанні, прымусіў яго выйсці з бою.
За свой подзвіг А. Казарскі атрымаў званне капітана II рангу, узнагароджаны ордэнам Святога Георгія IV класа і прызначаны флігель-ад’ютантам імператара Мікалая. У герб Казарскага, як сімвал гатоўнасці ахвяраваць сабой, быў унесены малюнак тульскага пісталета, які Аляксандр Іванавіч перад боем адпаклаў для таго, каб пры неабходнасці стрэлам падарваць порах і знішчыць брыг.
Подзвігу Казарскага прысвечаны два палатна мастака Айвазоўскага («Бой брига “Меркурий” с турецкими кораблями 14 мая 1829 года»).
У памяць аб А. Казарскім устаноўлены помнік у Севастопале, у цэнтры Дуброўна – камень з мемарыяльнай дошкай, назвыаны вуліцы ў Мікалаеве, Севастопале, Дуброўна.