БАЖ аднавіў працу ў поўным аб’еме і рыхтуецца да зьезду.
Старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца 16 сакавіка чарговы раз дапыталі ў якасьці сьведкі ў цэнтральным апараце Сьледчага камітэту, паведамляе тэлеграм-канал арганізацыі.
Пасьля допыту БАЖ вярнулі сэйф са статутам і пячаткай. Напярэдадні, 15 сакавіка, зьнялі арышт з банкаўскага рахунку асацыяцыі.
12 сакавіка Сьледчы камітэт разблякаваў офіс БАЖ па вуліцы Кальварыйскай, які быў апячатаны з 16 лютага, калі там прайшоў ператрус.
Андрэй Бастунец ужо некалькі разоў хадзіў на допыты ў Сьледчы камітэт. Ён дае паказаньні паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Зь яго ўзялі падпіску аб невыдаваньні зьвестак сьледзтва.
Чарговы зьезд «Беларускай асацыяцыі журналістаў» заплянаваны на 16 красавіка. Цяпер ідзе вылучэньне дэлегатаў.
Крыніца: Радыё Свабода