Галоўная » Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту – 100 гадоў

Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту – 100 гадоў

30 кастрычніка 1921 года  пачаў працу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. 6ТВ віньшуе прафесарска-выкладчыцкі склад БДУ, студэнтаў, выпускнікоў са 100-гадовым юбілеем установы!

Шматлікія спецыялісты Магілёўскай вобласці з’яўляюцца пестунамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта – флагмана падрыхтоўкі кадраў.  

КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ АДКРЫЦЦЯ. 

Пасля скасавання Полацкага ўніверсітэта ў 1820 г., а потым закрыцця ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта (помста царскага ўрада за паўстанне 1830-1831) на тэрыторыі Віленскай навучальнай акругі (у 1832-1850-х — Беларуская навучальная акруга) не засталося ніводнай класічнай вышэйшай навучальнай установы. 

Праўда, намаганнямі патрыётаў, навукоўцаў, педагогаў, быцлі адкрыты 3-х гадовыя настаўніцкія інстытуты: Віцебскі (1910 г., зараз ВДУ), Магілёўскі (1913, зараз МДУ), Мінскі (1914, зараз БДПУ). У 1918 г. яны былі пераўтвораны ў педінстытуты. 

У 1917 г. пытанне аб адкрыцці ўніверсітэта ў Мінску разглядалася Часовым урадам, а ў 1918 г. намер заснаваць Беларускі ўніверсітэт выказвалі і дзеячы БНР. Рашэнне аб адкрыцці БДУ было прынята Урадам БССР 25 лютага 1919 г. З праектамі палажэння і статута універсітэта выступалі прафесар М. Доўнар-Запольскі і акадэмік Я. Карскі. На пасяджэнні ў лютым 1919 г. Прэзідыум ЦВК Саветаў Беларусі прызнаў адкрыццё дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску “вельмі пажаданым”. Аднак гэтая праца была спынена польскай акупацыяй улетку 1919 г. Дзейнасць універсітэцкай камісіі аднавілася толькі ў ліпені 1920 г. 18 красавіка 1921 г. прэзідыум ЦВК БССР прыняў пастанову аб адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску ў складзе пяці факультэтаў. 

2 ліпеня 1921 г. калегія Наркамасветы БССР зацвердзіла Праўленне БДУ, у склад якога ўвайшлі прафесар У. Пічэта, наркам асветы В. Ігнатоўскі, намеснік наркама асветы М. Фрумкіна і прафесар Ф. Турук. 

БДУ пачаў працаваць 30 кастрычніка гэтага ж года. Першапачаткова ў ім было 5 факультэтаў: сельскагаспадарчы, фізіка-матэматычны, медыцынскі, грамадскіх навук і рабочы (апошні факультэт пачаў работу раней за астатнія — 17 чэрвеня). Першым дэканам факультэта грамадскіх навук стаў В. М. Ігнатоўскі, медыцынскага факультэта – М. Б. Кроль. Першая лекцыя ў БДУ была прачытана 31 кастрычніка 1921 года былым прафесарам МДУ Д. П. Канчалоўскім і была прысвечана культуры Міжземнамор’я ў эпоху Рымскай імперыі. На момант адкрыцця ў БДУ працавалі 14 прафесараў, 49 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў. Да канца снежня на ўсе факультэты, выключаючы працоўны, было залічана 1124 чалавекі. 

СУЧАСНЫ СТАН. Аб сучасным БДУ сведчыць інфаграфіка (праўда яна на рускай мове).

У 2020-2021 гг. за ўдзел у пратэстах і адкрыты выраз грамадзянскай пазіцыі былі звольненыя выкладчыкі Алена Лаеўская, Алена Басалай, Сцяпан Захаркевіч, Дзяніс Тушынскі, Ягор Прыстаўка, Аляксандр Дуброўскі, адлічана некалькі студэнтаў. 

У 2021 годзе чацвёра студэнтаў БДУ (Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, Таццяна Екельчык, Ілля Трахтэнберг) былі прыгавораны да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у пратэстах студэнтаў восенню 2020 года; іх прызналі вінаватымі ў адміністраванні тэлеграм-каналаў, закліках да ўдзелу ў акцыях пратэсту і зрывах адукацыйнага працэсу. Сведкамі выступалі працаўнікі і выкладчыкі БДУ. 

Усіх студэнтаў праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі. У ліку доказаў віны фігуравала відэа выступленні студэнткі ФФСП БДУ Ксеніі Сырамалот са спасылкамі на Этычны кодэкс БДУ і Канстытуцыю. 

А вось у 2010 г. БДУ патрапіў пад санкцыі ЕС. Пасля Плошчы 2010, у лютым 2011 г., Сяргей Абламейка, тагачасны рэктар БДУ, быў уключаны ў “Чорны спіс ЕС”. У сваім рашэнні Рада Еўрапейскага саюза адзначыла, што Абламейка нясе адказнасць за выключэнне студэнтаў з універсітэта за тое, што яны ўдзельнічалі ў дэманстрацыях 19 снежня 2010 года і ў іншых мірных дэманстрацыях у 2011 г.

Выпускніца БДУ Яўгіння Грамашчанка