ГА “БАЖ” прыняла адмысловую заяву з патрабаваннем вызваліць калег, прыцягнутых да адказнасці за ўдзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе вызваліць калег і перагледзець справы. ЗАЯВА
11 і 12 мая суды ў Магілёве і Глыбокім пакаралі журналістаў, сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алеся Асіпцова, Міхаіла Аршынскага, Аляксандра Буракова і Змітра Лупача адміністрацыйнымі арыштамі на 10 сутак за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія рэпарцёры насамрэч асвятлялі. Таксама адміністрацыйныя арышты атрымалі блогеры і ўдзельнікі мерапрыемстваў, якія давалі інтэрв’ю.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” рашуча пратэстуе супраць прыцягнення калег да адміністрацыйнай адказнасці.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб СМІ” дае журналістам права прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у раёнах надзвычайных сітуацый, у месцах грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю. Такім чынам, журналісты мелі права прысутнічаць на акцыях і выконваць там сваю працу.
Прыцягненне журналістаў да адказнасці за выкананне імі прафесійных абавязкаў выклікае рашучы пратэст прафесійнай супольнасці. Асаблівым здзекам лічым прымяненне ў якасці пакарання адміністрацыйнага арышту ў перыяд пандэміі каранавіруса, што ставіць пад сур’ёзную небяспеку здароўе калег.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе тэрміновага перагляду адміністрацыйных спраў журналістаў і іншых асоб, якія былі прыцягнутыя да адказнасці за выказванне меркавання, і іх неадкладнага вызвалення.
12 мая 2020 года, Праўленне ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Фота: Іван Барысаў, “Магілёўскі рэгіён”