У такія крытычныя моманты, як цяпер, пасьля ўльтыматуму Дзьмітрыя Мядзьведзева, найбольш яскрава выяўляецца, што ёсьць насамрэч беларуская ўлада, беларускае грамадзтва.
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧУпершыню за ўсе гады «братэрскай інтэграцыі» Расея выкарыстоўвае эканамічны шантаж дзеля прымушэньня Беларусі здаць сувэрэнітэт.
Менавіта так трактаваў гэта Лукашэнка, выступаючы перад расейскімі журналістамі 14 сьнежня: “«Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі… Ня кіем, дык палкаю інкарпаруюць краіну ў склад іншай краіны».
Цяпер усе спасылаюцца на прапанову Пуціна ад 2002 году пра далучэньне Беларусі да Расеі шасьцю абласьцямі. Але тады расейскі прэзыдэнт ня ўвязваў гэтае пытаньне з тэмай эканамічнай дапамогі.
Вынесем пакуль за дужкі пытаньне, чаго насамрэч хоча Расея. Ці то яна сапраўды разьлічвае прымусіць Беларусь да аб’яднаньня, ці гэта такі элегантны спосаб пазбавіцца ад неабходнасьці плаціць саюзьніку нафтавы грант?
Але цікавейшая беларуская рэакцыя на ўльтыматум. Як найперш прарэагавала палітычнае кіраўніцтва? Можа Лукашэнка зьвярнуўся да народу («Браты і сёстры, Бацькаўшчына ў небясьпецы»), сабраў тэрміновую нараду Рады бясьпекі? Можа парлямэнт правёў надзвычайнае паседжаньне?
Не, зусім наадварот. Першай рэакцыяй улады была спроба калі не схаваць, то трохі прыхаваць пагрозу. Лукашэнка нібыта правёў закрытую нараду, але менавіта закрытую, пра яе нічога не паведамлялася. Кіраўнік дзяржавы зьвярнуўся не да беларускіх мэдыяў, а да расейскіх. Больш за тое, беларускія незалежныя СМІ не былі акрэдытаваныя на прэсавай канфэрэнцыі 14 сьнежня.
Бо ад незалежнага грамадзтва Лукашэнка бачыць пагрозу большую, чым ад Расеі. БелТА не дае поўнага выступу Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Берасьці, ягоны фактычны ўльтыматум застаўся па-за кадрам афіцыйнага агенцтва. Найвастрэйшыя моманты палемікі з Расеяй з прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі БелТА таксама прыбрала. Пра іх мы даведаліся з паведамленьняў расейскіх мэдыйных крыніцаў.
Ня менш цікавы зьмест адказу Лукашэнкі на выступ Мядзьведзева.
Кіраўнік Беларусі запэўнівае: дык я ж ня супраць паглыбленьня інтэграцыі, ня супраць далей будаваць Саюзную дзяржаву, ня супраць выконваць дамову 1999 году. Якая (нагадаю, калі хто забыў) прадугледжвае стварэньне саюзных дзяржаўных інстытутаў замест нацыянальных, прыняцьце агульнай Канстытуцыі ды інш.
Лукашэнка кажа расейскім журналістам: я ж цалкам «за», але, маўляў, прапаную іншы альгарытм гэтага працэсу, трэба заходзіць з другога боку — спачатку роўныя ўмовы гаспадараньня і толькі потым стварэньне сумесных дзяржаўных інстытутаў. (І пры гэтым заяўляе: «Сувэрэнітэт для Беларусі — гэта сьвятое!») Галоўны спосаб выйсьця зь няпростай сытуацыі для Лукашэнкі такі: паеду да Пуціна і там неяк ўсё вырашым.
То бок Лукашэнка абсалютна ня бачыць суб’ектам разьвязаньня крызісу беларускі народ, да якога варта было б зьвярнуцца пры пагрозе незалежнасьці.
Наадварот, беларускае грамадзтва — гэта хутчэй небясьпека, яго рэакцыю па магчымасьці трэба нэўтралізаваць, бо яшчэ невядома, якая яна можа быць. Бо раптам людзі пабягуць скупляць соль і запалкі. Таму ад народу маштаб пагрозы трэба прыхаваць.
З уладай, здаецца, усё зразумела: нічога новага, так яна паводзіла сябе апошнія два дзясяткі гадоў.
Зь іншага боку — а што ж народ? Мо ён неяк схамянуўся? Вось у Францыі павышэньне цэнаў на бэнзін прывяло ледзь не да рэвалюцыі. А тут жа пагроза незалежнасьці.
Аднак рэакцыі амаль ніякай. Кажучы словамі расейскага клясыка, «народ безмолвствует». У сацыяльных сетках дыскусія млявая. Гісторыя з скульптурай «Менскі гарадавы» выклікала большую цікавасьць, чым лёс беларускага сувэрэнітэту. Нават апазыцыі не чуваць.
І гэта ўсё вельмі паказальна. Грамадзтва лічыць, што, маўляў, гэта ўвогуле ня наша справа, гэта праблема Лукашэнкі, толькі ён можа займацца палітыкай, няхай сам і разьбіраецца.
То бок пазыцыя Лукашэнкі і пазыцыя грамадзтва тут супалі! У гэтым пункце супадзеньня і ёсьць сёньняшні фэномэн Беларусі. Беларуская драма палягае ў тым, што ня толькі існы рэжым адмаўляе грамадзтву ў праве быць суб’ектам палітыкі. Сытуацыя больш трагічная. Праўда ў тым, што ў Беларусі насамрэч няма грамадзтва як супольнасьці людзей, аб’яднаных пачуцьцём агульнасьці гістарычнага лёсу. Праблема ня толькі ў тым, што цяперашні рэжым непадсправаздачны грамадзтву.
Насамрэч усё горш. Няма каму даваць справаздачу. А значыць, у крытычны момант няма на каго абаперціся. Балота для гэтага мала падыходзіць. Можа гэта ці не галоўная выснова з апошніх палітычных падзеяў.
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, РАДЫЁ СВАБОДА