Галоўная » Беларуская мова ў Магілёве: перспектывы амаль не праглядаюцца

Беларуская мова ў Магілёве: перспектывы амаль не праглядаюцца

Пры захаванні цяперашней сітуацыі з беларускай мовай у Магілёве і Беларусі ў цэлым казаць пра яе росквіт немагчыма. Такую выснову можна зрабіць з прайшоўшага 11 лютага чарговага Гарадскога дыялогу, які арганізаваў Цэнтр гарадскіх ініцыятыў.

Каля трыццаці чалавек прынялі ўдзел у мерапрыемстве пад назвай «Праблемы і перспектывы развіцця беларускай мовы ў Магілёве», дзе экспертамі выступілі людзі, якія любяць, шануюць, спрабуюць распаўсюдзіць беларускую мову сярод магілёўцаў.


Тон дыскусіі адразу задаў першы па ліку эксперт Аляксей Гаўрыленка, які працуючы, у прыватнасці, касірам, размаўляў і на працы, і па-за яе па-беларуску. Так цягнулася пяць гадоў, але потым, паводле вядоўцы дыялогу Алеся Буракова, хлопец перайшоў на «нармальны язык». Як адзначыў Гаўрыленка, сітуацыя з беларускай мовай усё больш пагаршаецца. Людзі яе нават перастаюць разумець, нягледзячы на тое, што жывуць у Беларусі і вучылі гэту мову прынамсі ў школе. Такія абставіны і забілі жаданне ў Аляксея ўсюды карыстацца роднай мовай, хоць ён яе, паводле ўласнага сцвярджэнне, любіць і хацеў бы на ёй размаўляць.


«У нас цалкам рускамоўны горад, калі адыйсці ад «колаўскай» тусоўкі», – кажа малады чалавек, маючы на ўвазе пад «колаўскай» тусоўкай арганізацыі культурніцкай накіраванасці, якія так ці інакш звязаныя з грамадскім цэнтрам «Кола». «У Магілёве з мовай проста дно. У Мінску і Гродне сітуцыя лепшая», – зрабіў выснову Гаўрыленка.

З ім часткова пагадзіўся другі эксперт, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Міхась Булавацкі. Ён, праўда, адзначыў,  што яшчэ большым за Магілёў дном ёсць тыя ж Гомель і Брэст. Аднак, паводле Булавацкага, беларуская мова зараз становіцца мовай эліты. Вызначэнне, зразумела, лашчыць слых тых, хто хаця б імкнецца размаўляць па-беларуску. Але ж калі зважаць нават не на паўсюдную рускамоўнасць, а на прыведзеныя даныя сацапытання магілёўскага сацыёлага Юрыя Бубнава, да гэтай эліты сябе могуць далучыць толькі 6,4% мужчын і 4,5% жанчын, якія з 668 апытаных у 2018 годзе магілёўцаў аддалі перавагу беларускай мове.


Тэатральная моладзь цікавіцца нашай мовай сцвярджала трэці эксперт – літаратурны рэдактар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Вольга Семчанка. Паводле яе, зараз у тэатральным рэпертуары два спектаклі на беларускай мове. Праўда, некалькі год са сцэны Магілёўскага драмтэатра беларуская мова не гучала ўвогуле, распавяла Семчанка.

З тым, што Магілёў – гэта моўнае дно часткова пагадзіўся і саўладальнік кавярні «Шпаркі лось» Вадзім Бабкоў. Разам з тым ён лічыць, што сітуацыю трэба выпраўляць ужо зараз, таму для яго як бізнэсоўца «Шпаркі лось» гэта не толькі камерцыя, але і прасоўванне беларускай культуры і мовы.

Падчас дыскусіі прагучала выснова, што магілёўскі грамадскі сектар шмат чаго робіць для папулярызаці і пашырэння выкарыстання беларускай мовы. Гэта і намаганні ТБМ, у прыватнасці, па адкрыццю беларускіх класаў у школаў і груп у дзіцячых садках, і праекты ЦГІ па захаванні літаратурнай і гісторыка-культурнай спадчыны, і курсы «Мова нанова», і шмат чаго іншага. У той жа час улады дэманструюць абсалютную абыякавасць да беларушчыны. Адзінкі сярод чыноўнікаў у стане падтрымаць размову па-беларуску. І гэта пры тым, што практычна ўсё яны вучылі ў школах беларускую мову, а потым заканчвалі беларускія па тэрытарыяльнай прыналежнасці ВНУ.

Разам з тым, паводле Алега Дзьячкова – старшыні Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ, апошнім часам сітуацыя ў дычыненнях з чыноўнікамі палепшылася. Як сведчанне ён прывёў прыклад адкрыцця летась новых класаў і груп, дзе навучанне вядзецца па-беларуску. Варта адзначыць, што адкрываліся яны выключна па настойлівай ініцыятыве ТБМ і ўласна Дзьячкова.

Агулам па-беларуску ў Магілёве вучыцца і выхоўваецца прыкладна 70 дзяцей. «У класах навучаецца каля 25 чалавек, і дзве групы ёсць у садках – у адной 19, у другой – 24», – кажа Дзьячкоў. Пры гэтым ён па-свойму запярэчыў выснове, што Магілёў – моўнае дно. «Мне камфортна з беларускай мовай у Беларусі. Усе мяне разумеюць», – адзначыў грамадскі дзеяч, паабяцаўшы, што нас яшчэ чакае новая хваля беларусізацыі і будзе каму яе праводзіць.


Пакуль жа з высновай, што праводзімая ўладамі моўная палітыка зусім не спрыяе развіццю беларускай мовы пагадзіліся ўсё. І калі ўлады не зменяць сваё абыякавае стаўлення да яе, то мы па-ранейшаму будзем знаходзіцца ва ўмовах беларускамоўнай культурнай партызаншчыны. А тое, што беларускім і ў прыватнасці магілёўскім уладам абсалютна не патрэбна мова Коласа і Купалы, сведчыла і адсутнасць чыноўнікаў на дыскусіі, нягледзячы на запрашэнне.

Праўда, больш за адсутнасць чыноўнікаў удзельнікаў Гарадскога дыялогу 11 лютага ўразіла прысутнасць новых маладых твараў – навучэнцаў ліцэя №1, якія распавялі пра сваю прагу да беларускай мовы.


Уладзімір Лапцэвіч  

 Фота Алесь Сабалеўскі