У сэнсе пакарання гісторыкаў за іх выказванні выхадзец з Магілёўшчыны, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк не прыдумаў нічога новага, сцвярджае старшыня Беларускага гістарычнага таварыства (Беласток), доктар гістарычных навук Алег Латышонак. На яго думку, верагодна, магілёўскі прафесар спрабуе данесці выключна неасталінісцкі погляд на гісторыю Беларусі і Другую Сусветную вайну.
Каля тыдня таму Марзалюк заявіў, што трэба прыняць закон, які будзе тлумачыць, як выкладаць гісторыю Другой Сусветнай вайны. У сваю чаргу той выкладчык, які будзе “шпігаваць на ўроку альбо на лекцыі ілжывым сурагатным матэрыялам студэнтаў або вучняў, ён павінен атрымліваць забарону на прафесію і ўносіцца ў спіс людзей, схільных да экстрэмісцкіх дзеянняў”.
Паводле Латышка, такія законы, нажаль, існуюць у шматлікіх краінах, “і тут Марзалюк нічога новага не прыдумаў”. Беластоцкі навуковец нагадаў пра брытанскага гісторыка-самавука Дэвіда Ірвінга, якага ў 2006 годзе суд у Аўстрыі прыгаварыў да трох гадоў зняволення за адмаўленне Халакосту.
“У Польшчы былі спробы забараніць накіраванасці нібыта супраць польскай нацыі. Гэта вялікім скандалам закончылася”, – узгадвае Латышонак. На яго думку, “нічога нельга забараняць”, бо такія забароны шкодныя для гістарычнай навукі.
Беларускі гісторык з Польшчы адзначае, што праблема з выказваннем Марзалюка ў тым, якую гісторыю той хоча бараніць? “Баюся, знаючы афіцыйную палітыку Беларусі, будзе абараняцца такая постсавецкая, неасталінская візія гісторыі Беларусі, а таксама Другой Сусветнай вайны. І перш за ўсё гэта накіравана супраць бел-чырвона-белага сцягу і гербу “Пагоня”. Быццам бы яны нацысцкія, і калі хто нагадае гэты сцяг і гэты герб, то, значыць, ён прапагандуе нацызм і фальшывую гісторыю Другой сусветнай вайны. Затое можна будзе хлусіць да адчаю пра тое, што ўвесь беларускі народ змагаўся з Гітлерам. Я, дарэчы, лічу, што добра, што змагаўся, і павінен быў змагацца, але ж гісторыя гэта не толькі тое, што было добра. Падчас Другой сусветнай вайны кашмарныя рэчы адбываліся таксама і з савецкага боку, і пра гэта трэба гаварыць”, – кажа Алег Латышонак.
Паводле Марзалюка, у Польшчы нібыта існуюць нейкія правілы, па якіх трэба распавядаць, напрыклад, пра Варшаўскае паўстанне. “У Польшчы, дапусцім, выразна прапісаны алгарытм, як інтэрпрэтаваць Варшаўскае паўстанне. Там маса мемарыяльных законаў, якія прапісваюць, як перадаваць тыя ці іншыя сюжэты ў польскай гісторыі”, – перадае словы Марзалюка праўладная Белта.
Паводле ж Латышонка, цяпер у Польшчы вельмі ўсхваляецца Варшаўскае паўстанне, але ёсць і думка, што было гэта шаленства. “І публікуюцца кніжкі, і кожны год узнікае ў прэсе дыскусія, ці варта яно было і хто вінаваты. Так што з аднаго боку цяпер Варшаўскае паўстанне лічыцца карысным для польскай нацыі, і вельмі ўсхваляецца, але каб хто забараняў каму казаць, што думае пра гэта, то яшчэ такога не было і я нават не чуў”, – абвяргае словы выхадца з Магілёўшчыны беластоцкі гісторык-беларус.
“Я, напрыклад, гавару, што нельга было яго рабіць, і мне нават ніколі ніхто не ўспромніў, што раблю кепска. Натуральна, нават сябры не згаджаюцца. Ёсць крытыка тых, хто прыняў рашэнне пра паўстанне. Натуральна ніхто не крытыкуе паўстанцаў, бо гэта была моладзь, якая атрымала загад і паўстала. Гэта ёсць адно з пытанняў гісторыі Польшчы, але яно абсалютна адкрыта абмяркоўваецца”, – падкрэслівае старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы.
Сяргей Вяршынаў