«Наш адказ на заходнія санкцыі» аказаўся вельмі своеасаблівым. Прычым, настолькі своеасаблівым, што еўрапейцы адразу і не здолелі прачухацца і зразумець, што ж беларусы хацелі гэтымі санкцыямі сказаць? Прынамсі, афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Пітэр Стана выглядаў вельмі здзіўленым.
«Мы бачылі заяву МЗС Беларусі аб захадах у адказ на апошні пакет санкцый ЕС. Прыняццё пастановы аб гандлёвых абмежаваннях (№700 ад 7 снежня) усталёўвае вельмі складаны і непразрысты механізм гандлёвых абмежаванняў. Мы вывучаем яго змест і разумеем, што некаторыя абмежаванні яшчэ патрабуецца вызначыць», — заявіў ён.
Адначасова Стана адзначыў, што нашы «контрсанкцыі» не ўтрымліваюць падрабязнасцяў адносна іх маштабаў і рэалізацыі. Еўропа да такога не звыкла. Там, напэўна, не прымаюць дакументаў, калі не маюць уяўлення пра тое, як іх можна выканаць. У нас жа такі, падаецца, — ці не кожны трэці. «Гэта Беларусь, дзетка!», — толькі і можна сказаць еўрачыноўніку.
Сапраўды, Беларусь забараніла ўвоз шэрагу харчовых тавараў з Еўрасаюза і іншых краін, якія ўвялі санкцыі. Аднак пастанова змяшчае шэраг выключэнняў. Напрыклад, тавары можна завозіць для перапрацоўкі ў свабодныя эканамічныя зоны, а таксама ў рамках квот, якія будуць устаноўлены беларускімі ведамствамі.
Улічваючы, што ў нас «ручная» эканоміка, і большасць фармальна «акцыянерных таварыстваў», а па факце дзяржаўных прадпрыемстваў знаходзяцца ў падпарадкаванні якога-небудзь ведамства… Наўрад ці нейкае ведамства пакрыўдзіць сваё прадпрыемства, з якога яно «стрыжэ купоны». Дый за невыкананне «планавых параметраў развіцця» Лукашэнка моцна лаецца.
Эканамісты ўжо расцанілі гэтыя «контрсанкцыі» як перадзел рынкаў імпарту. То-бок, калі раней шакаладкі «Марс» і «Снікерс» завозілі ў Сінявокую ўсе, хто заўгодна, то цяпер такімі рэчамі будуць займацца спецыяльна навучаныя людзі ў СЭЗах і адпаведных ведамствах. Апроч таго, «контрсанкцыі» — выдатная нагода «папілаваць» бюджэт. І гэтым ужо заклапаціўся міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.
Па яго словах, «імпартазамяшчэнне як інструмент процідзеяння санкцыям набывае асаблівую значнасць», і Мінэканомікі ўжо выбрала 47 «найбольш значных» імпартазамяшчальных праектаў з неабходным аб’ёмам інвестыцый каля 8 млрд рублёў (каля $3,1 млрд). «Гэтыя 47 праектаў дазволяць нам стварыць прадукцыі больш чым на 9 млрд долараў імпартазамяшчэння», — растлумачыў Чарвякоў.
Ужо даўно адмыслоўцы кажуць, што «імпартазамяшчэнне» — гэта як вынаходніцтва ровару. Толькі наш «імпартазамешчаны» ровар усё роўна будзе горшы за арыгінал. Да таго ж, падаецца, што б там ні казаў Чарвякоў, пакуль праграмы «імпартазамяшчэння» асаблівага поспеху не мелі. Ну, калі не называць такім нашумелую налепку лейблаў «Інтэграл» на маніторы Aser.
Але тры мільярды долараў — вельмі смачная лічба. Чаму б не папрасіць? Калі яе дадуць сёння, то прынамсі, Чарвякоў нічога не казаў пра тое, КАЛІ ён абяцае аддачу ў 9 мільярдаў. Можа, у будучым жыцці.
Прычым, нават контрсанкцыі нашыя ўлады не маглі ўвесці так акуратна, каб пры гэтым не нашкодзіць ні сабе, ні суседзям. Можа, таму, што яны няўважліва чытаюць інтэрнэт, а яшчэ адна тэма гэтага тыдня — справаздача арганізацыі «Libereco» наконт рэкламы заходніх кампаній на беларускім тэлебачанні. Паводле гэтай справаздачы, больш за ўсё рэкламы на прапагандысцкіх каналах размясцілі кампаніі Mars, Procter&Gamble, і Henkel. Зразумела, менавіта іх «Libereco» абвінаваціла ў спансаванні беларускай прапаганды.
Гэтае даследаванне, у адрозненне ад такога жа, праведзенага ў жніўні, на Захадзе заўважылі. Нямецкі канцэрн Henkel імкліва заявіў, што больш не будзе размяшчаць новую рэкламу на беларускіх тэлеканалах.
Кампанія Mars, што знаходзіцца ў спісе спонсараў БТ на першым месцы, не заяўляла нічога. Але ў наш «контрсанкцыйны» спіс уваходзяць кандытарскія вырабы. І можна сказаць, што беларускі ўрад такім чынам, вельмі своеасабліва «аддзячыў» сваім памагатым, якія ціхенька з ім супрацоўнічалі.
Ну і, канешне, нельга не сказаць слова «глабалізацыя». Таму што амаль усё, што ў нас завозіцца «замежнага», на самой справе робіцца ў Расіі. Шакаладкам «Снікерс» і «Марс», насамрэч, у Беларусі нічога не пагражае, таму што вырабляюцца яны на расійскім заводзе ў Маскоўскай вобласці. Швейцарская кампанія Nestle адказвае за аднайменныя шакаладкі: для нашага рынку іх выпускае фабрыка ў Самары. Orbit робяць у Піцеры, Dirol — у Ноўгарадзе… Транснацыянальныя карпарацыі беларускіх санкцый, такім чынам, проста не заўважаць. Бо тое, што выраблена ў Расіі, не павінна падпадаць пад беларускія абмежаванні.
Канешне, пастаўшчыкоў наш урад прымусіў панервавацца. Але толькі злёгку.
Многія адзначылі, што беларускі «контрсанкцыйны» спіс больш нагадвае «разгорнутыя наадварот» расійскія контрсанкцыі. І калі раней мы везлі ў Расію «беларускія крэветкі» і «польскі яблык» пад выглядам беларускага, то цяпер ужо Расія можа «аддзячыць» нам тымі ж яблыкамі, якія будуць станавіцца «расійскімі» дзе-небудзь у Калінінградзе.
А вось хто адзначыць вялікую карысць ад гэтых санкцый — дык гэта зоаабаронцы. У Еўропе зараз трэнд адмаўляцца хадзіць у цырк і забараняць яго з-за жорсткага абыходжання з дрэсіраванымі жывёламі. Цяпер у Сінявокую не патрапіць ніводная цыркавая трупа, дзе ёсць дрэсіраваныя свінні. Таму што жывых свінняў у Беларусь увозіць забаронена.