Больш, чым на 5 %, вырасла беларуская эканоміка ў першым квартале сёлета, – канстатуе Нацыянальны статыстычны камітэт. Гэтак ВУП Беларусі расце ў два з паловай разы хутчэй, чым у развітых краінах. Ці захаваецца актыўнае ажыўленне айчыннай эканомікі ды чым яно тлумачыцца?
Найхутчэйшы рост за апошнія сем гадоў. У першым квартале сёлета рост эканомікі Беларусі толькі крыху не дацягнуў да тэмпаў 2011га году.
Штопраўда, па выніках году, рост чакаецца сціплейшы. Рэч у тым, што на першы квартал летась прыйшоўся пік нафтагазавай вайны паміж Беларуссю і Расеяй, калі Масква істотна ўрэзала пастаўкі нафты ў нашую краіну. Пачынаючы з мінулага красавіка гэтыя пастаўкі аднавіліся, таму на фоне рэшты 2017-га году сёлетнія паказнікі будуць выглядаць менш уражліва – крыху больш за 3 % – прыблізна на сярэднесусветным узроўні.
Росту эканомікі сёлета спрыяе няспыннае здаражэнне нафты, якое доўжыцца з сярэдзіны мінулага году. Беларусь, у выніку, даражэй прадае на захад свае нафтапрадукты, а таксама сырыя вуглевадароды – як уласныя, так і рээкспартаваныя расейскія. Звышдаходы ад экспарту нафты ажывілі і расейскі рынак, які спажывае больш беларускай тэхнікі ды харчоў.
Іншая справа, што ў абсалютных лічбах памеры беларускай эканомікі сёлета, у найлепшым выпадку, дасягнуць ўзроўню 2010-га году. У доларавым эквіваленце Беларускі ВУП – усё яшчэ ў паўтара разу меншы, чым да пачатку апошняга крызісу.
Адмыслоўцы тлумачаць – дасягнуць перадкрызісных 80-ці мільярдаў долараў, а тым болей заяўленых Аляксандрам Лукашэнкам 100, з сённяшніх 57 – задача, у агляднай будучыні, маларэалістычная. Сусветны банк прагназуе запаволенне сусцветнай эканомікі, а з ёй – і падзенне коштаў на нафту, цягам бліжэйшых 2-3 гадоў. Пасля гэтага айчынная эканоміка можа зноў абваліцца яшчэ ніжэй за той узровень, што ёсць цяпер.
Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu