Галоўная » Беларусы Навасібірска супрацоўнічаюць з Магілёвам

Беларусы Навасібірска супрацоўнічаюць з Магілёвам

Магілёўска-Навасібірскі цэнтр гуманітарнага супрацоўніцтва нібыта існуе, але інфармацыі пра яго вобмаль. “Магілёўскі рэгіён” вырашыў высветліць, пра што ідзе гутарка.

 Сяброўства Магілёва і Навасібірска, як выявілася, прасоўвае сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне “Наследие”, якое раней заўважана ў шчыльным супрацоўніцтве з расейскай федэральнай агенцыяй “Россотрудничество”. На базе БРУ чальцы арганізацыі прасоўваюць розныя ініцыятывы кшталту беларуска-расійскіх маладзёвых конкурсаў “Мір ЕАЭС”, “Матывацыя Еўразія” і інш.

Менавіта да такіх ініцыятываў і далучаўся ў апошні год Навасібірскі цэнтр беларускай культуры (НЦБК). А ў катрычніку з’віліся згадкі на Магілёўска-Навасібірскі цэнтр навуковага і культурнага супрацоўніцтва, які “яднае народы Беларусі і Расеі”. Чым жа ён займаецца, калі ў Магілёве пра яго ніхто не ведае.

Насамрэч Навасібірскі цэнтр беларускай культуры адзначае ўжо сваё 20-годдзе. І менавіта да гэтай даты яго актывісты правялі з 13 па 17 кастрычніка “Беларускі Арт-Тыдзень у Сібіры”.

У праграме свята нам найбольш цікавы трэці дзень, у які быў праведзены АРТ-МОСТ “Зрабі выцінанку”. Дзякуючы сучасным онлайн тэхналогіям, ня гледзячы на адлегласць у чатыры тысячы кіламетраў, у мерапрыемстве рэальна прынялі ўдзел адмыслоўцы магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Яны пазнаёмілі ахвочых з тэхналогіяй вырабу выцінанак.

На гэтым, здаецца, і ўсё. Супрацоўніцтва Магілёва і Навасібірска толькі пачынаецца. Беларусы насамрэч ўжо асіміляваліся ў Расеі, але паводле кіраўнічкі НЦБК Насты Дзяменцьевай, цікавасць да беларускай арганізацыі ў Навасібірскай вобласці патэнцыйна маюць каля 8 тысяч чалавек – нашчадкі беларусаў, якія памятаюць свае карані. У гэтым далёкім сібірскім рэгіёне яшчэ засталіся вёскі – месцы кампактнага пражывання нашых суайчыннікаў.

Фота: Навасібірскі цэнтр беларускай культуры, vk.com/ncbkcentr

Аляксандр Уселюбскі