Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў абвясціў 13 кастрычніка грамадскае абмеркаванне назваў новых вуліц Магілёва ў раёне вул. Аграрная мікрараёна Казіміраўка – вуліцы Міхаіла Мяцельскага (улица Михаила Метельского), вуліцы Кастуся Ўладзімірава (улица Константина Владимирова).
Раіцца з жыхарамі заўжды патрэбна, але чамусьці на сайтах гарвыканкама не парупіліся выкласці мапу з дакладным месцазнаходжаннем новых вуліц, не патлумачылі чыімі імёнамі хочуць назваць вуліцы.
Натуральна ў дапытлівых гараджан узнікла шэраг пытанняў:
- Дзе канкрэтна знаходзяцца вуліцы?
- Якая іх даўжыня? Гэта будзе вялікі праспект ці маленькі праезд?
- Якія будынкі там плануюцца: вышынныя ці катэджы?
- Хто такія Міхаіл Мяцельскі і Кастусь Уладзіміраў?
- Якія аргументы на карысць гэтых людзей, каб назваць іх імёнамі гэтыя вуліцы? Як іх лёс звязаны з Магілёвам і або з гэтымі мясцінамі?
- Хто ініцыяваў менавіта такія назвы?
- Якія думкі выказалі мясцовыя жыхары вуліцы Аграрная, ці ўладары (калі такія маюцца) будучых дамоў на гэтых вуліцах?
- Чаму вуліцу Кастуся Уладзімірава пераклалі, як вуліца “Константина Владимирова»?
Паколькі ўсе гэтыя і іншыя пытанні рэальна істотныя, а адказаў на гэтыя пытанні няма, то падаецца, што па сутнасці гарадскім структурам патрэбна фармальнае выкананне заканадаўства, а не рэальны збор прапаноў і іх абмеркаванне. Фактычна гараджанам прапанавалі выказацца па назвах вуліц з ужо рэальна падрыхтаваным рашэннем. Падобна на тое, што ніякіх альтэрнатыў не прадугледжана.
Па першае адзначым, што новыя вуліцы кароценькія, ужо забудаваны нейкай фірмай тыповымі катэджамі пад продаж.
Дапамагчы вызначыцца з назвамі маглі б біяграфіі асоб, імёны якіх выставілі на абмеркаванне. На здзіўленне аказалася, што ў рэзервовым афіцыйна зацверджаным спісе назваў вуліц, завулкаў, плошчаў Магілёва ні Уладзімірава, ні Мяцельскага няма. У спісе ёсць імёны 60 выбітных асобаў, чыё жыццё і дзейнасць былі звязаны з Магілёвам, назвы гарадоў-партнеров і гарадоў-пабрацімаў, мікратапонімаў, вядомых падзеі, якія звязаны з Магілёва, але няма тых, каго нам прапануюць абмеркаваць.
Паколькі афіцыйная інфармацыя адсутнічае, то наш карэспандэнт звярнуўся да вядомых краязнаўцаў, кваліфікаваных членаў тапанімічнай камісіі гісторыкаў А. Агеева, Л. Сугакі, І. Пушкіна, географа І. Шарухі. Але аказалася, што ўсіх іх не выклікалі на пасяджэнне камісіі, і найхутчэй з лета яны ўсе разам перасталі быць сябрамі камісіі.
Былыя сябры камісіі толькі адзначылі, што на ранейшых пасяджэннях абмяркоўваліся зусім іншыя прапановы назваў для гэтых вуліц. Так, намесніца старшыні выканкама Ала Галушка падтрымлівала ідэю названня вуліцы жаночым іменем. Была падабрана кандыдатура Праскоўі Дерыба, якая ў гады гітлераўскай акупацыі выратавала ад галоднай смерці сотні ваеннапалонных Лупалаўскага канцлагера. А другую вуліцу прапаноўвалі назваць або іменем пачынальніка беларускага руху ў Магілёве – Міхаіла Кахановіча, або слыннага этнографа Магілёўшчыны Івана Насевіча.
З-за адсутнасці афіцыйнай інфармацыі нам прышлося браць інфармацыю з неафіцыйных крыніц.
Найхутчэй, Міхаіл Мяцельскі – гэта кіраўнік вайсковай выведкі, які ўдзельнічаў у 1941-м годзе ў абароне Магілёва. Змагаўся з ворагам ён мужна, але такіх воінаў было шмат, а аргументаў на яго карысць улады нам не прад’явілі.
Канстанцін Уладзіміраў – удзельнік баёў супраць нямецкіх войскаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У ліпені 1941 года на чале міліцэйскага батальёна прыкрываў паўночныя подступы да горада: на рубяжы вёсак Пашково і Гаі. Загінуў у гэтым баі. На поўнач ад Магілёва маецца мемарыял героя, а ў горадзе яго імем названы вялікі завулак (рэальна вуліца) у раёне вакзала. Навошта трэба мець дзве вуліцы Ўладзімірава ў адным горадзе? Яшчэ раз называць яго іменем іншую вуліцу толькі з дадаткам імені не мэтазгодна і супярэчыць прынцыпам найменавання геаграфічных аб’етаў. Да таго ж, гэта натуральна выклікае праблемы з лагістыкай, бо дзве вуліцы размешчаны у супрацьлеглых раёнах горада, што будзе выклікаць блытаніну.
Чаму на сайце гарвыканкама імя Канстанцін пададзена як Кастусь трэба адрасаваць руплівасці работнікаў гарвыканкама, якія карыстаюцца машынным перакладам. Бо беларускае імя Канстанцін перакладаецца на рускую мову як Константин. Зразумела, што ў размовах можна выкарыстоўваць таксама імёны Кастусь, Костусь, Касцюк, Косця. Калі асобу ўстойліва пры жыцці, або ў пазнейшай літаратуры называлі Кастусь, то трэба прымяняць палітарную транслітарацыю і пісаць па руску “КАСТУСЬ”. Менавіта так і пішуць імя беларускага нацыянальнага героя, кіраўніка паўстання 1863 г. Кастуся Каліноўскага – Кастусь Калиновский.
Падводзячы першыя вынікі даследавання, трэба канстатаваць, што і Мяцельскі, і Уладзіміраў заслужаныя воіны, але чаму зноўку трэба называць вуліцы імёнамі вайскоўцаў? У Магілёве на сённяшні дзень асобам і падзеям звязаным з Вялікай Айчыннай вайной прысвечаны назвы шостай часткі ўсіх вуліц, а сярод галоўных вуліц і плошчаў горада – пятай часткі. Кожны другі помнік і памятны знак горада звязаны таксама з падзеямі апошняй вайны. Няўжо ў гісторыі Магілёва няма іншых тэм, акрамя Вялікай Айчыннай вайны? Прынамсі, частка мясцовых жыхароў прапануе назваць вуліцу больш мірна і паэтычна – вуліца Казіміраўскі Гай.
Паколькі абмеркаванне толькі пачалося, то заклікаем усіх зацікаўленых грамадзян прыняць у ім удзел і выказаць свае прапановы.
Збор меркаванняў праводзіцца з 13.10.2021 па 13.11.2021. Сваё меркаванне можна ў пісьмовым выглядзе дасылаць па адрасе: г. Магілёў, вул. Першамайская, 28а, Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт, упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва або па электроннай пошце: uamgik1@rambler.ru.
Тася Лемон