У Шклове 19 снежня ў мясцовы касцёл Пятра і Паўла быў унесены Бэтлеемскі агонь міру.
На пярэдадні скаўцкая эстафета агню па гарадах і мястэчках Беларусі пачалася з беларускага горада Гродна. У Шклове скаўтаў з агнём сустрэў ксёнз-пробашч Міхал Бубен з вернікамі, якія заспявалі: “Святло жыцця, асвяці маю цемру, аздараві сэрца зрок… “
Ва ўступным слове, Міхал Бубен адзначыў, што сёлетняя акцыя дзялення агнём, які да нас даходзіць з пячоры ў базыліцы Нараджэння ў Бэтлееме ў Палестыне, адбываецца пад дэвізам «Святло служэння». Святар таксама падкрэсліў, што ў гэты цяжкі час, калі ўвесь свет закрануты пандэміяй каранавірусу, a шмат нашых блізкіх перажываюць цярпенні і пачуццё няўпэўненасці, да нас у чарговы раз прыходзіць маленькі агеньчык надзеі. Разам з гэтым святлом мы хочам занесці цеплыню полымя ў нашы дамы, касцёлы, капліцы, каб яно асвятляла закуткі памяшканняў, у якіх мы жывем, молімся і працуем, але найперш у чалавечыя сэрцы.
Адбылася ўрачыстая малітва. Потым прысутныя ў святыні вернікі змаглі запаліць ад Бэтлеемскага агню знічы, каб занесці агонь у свае дамы. Міхал Бубен падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў перадачы гэтага сімвалу Божага Нараджэння. Асаблівыя словы ўдзячнасці ён выказаў скаўтам, якія прынеслі агонь у шклоўскую святыню як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да нас у таямніцы свайго Нараджэння.
Гістарычная даведка: Упершыню Бэтлеемскі агонь міру быў запалены ў 1986 годзе па ініцыятыве радыё ORF. Ідэю падала аўстрыйская мастачка Ада Брандштэтэр, якая тады ж прапанавала, каб у вігілію Божага Нараджэння радыё падзякавала з дапамогай гэтага агню спонсарам, якія ўдзельнічалі ў папулярнай шмат гадоў у Аўстрыі акцыі дапамогі сляпым «Святло ў цемры». Так нарадзілася задума агню міру з Бэтлеема, што сёння з’яўляецца ўжо неад’емным калядным звычаем у больш чым 30 краінах. У гроце Нараджэння Пана гарыць вечны агонь. Ад яго штогод запальваецца лампада, полымя якой, што нясуць скаўты праз краіны і кантыненты, абыходзіць свет.
Алесь Грудзіна