Пасля двух дзён пераследу на дарогах Беларусі міліцыя затрымала youtube-блогера, аўтара канала “Страна для жизни” Сяргея Ціханоўскага. Гэта адбылося на кальцавой дарозе каля Магілёва, паведамляе ПЦ «Вясна».
Машыну, дзе ехаў Сяргей Ціханоўскі, спыніла машына ДАІ. Акрамя супрацоўніка ДАІ да машыны падыйшоў супрацоўнік АМАПу, які адмаўляўся прад’яўляць Ціханоўскаму свае дакументы. Блогер у гэты час вёў стрым на свой канал, але потым спыніў яго. Ён паспеў папрасіць падпісчыкаў прыехаць на месца інцыдэнту і падтрымаць яго.
Блогер Уладзімір Няронскі паведаміў пра затрыманне Сяргея Ціханоўскага.
Блогер Міхась Аршынскі паведамляе, што ў Магілёве на вуліцы Крупскай каля мясцовага ізалятара часовага ўтрымання стаіць патруль ДАІ і правярае дакументы ў тых, хто пад’язджае сюды. Ёсць меркаванне, што Ціханоўскага прывезлі туды.
Нагадаем, што цягам апошніх двух дзён машыны праекту “Страна для жизни” шмат разоў спыняла міліцыя і ДАІ. Учора, пятага траўня, Сяргей Ціханоўскі прызначыў на вечар сустрэчу з падпісчыкамі ў Магілёве. Прыкладна за паўтары гадзіны да сустрэчы аўтадом блогера зноў спынілі, аднак самога Ціханоўскага ў нём не аказалася. На месца падзей прыехала шмат падпісчыкаў, міліцыя хацела затрымаць кіроўцу, але падпісчыкі літаральна адбілі яго. У выніку міліцэйскае кіраўніцтва дала загад міліцыянтам сысці.