https://youtu.be/NwSbjO-uLr4
500 долараў – проста магічная для беларусаў лічба. Менавіта такі сярэдні заробак у краіне ўжо каторы год абяцаюць улады. Але ці рэальна дасягнуць гэтага паказніка без рызыкі абвалу эканомікі? І ці адаб’ецца такое дасягненне на рэальным стане грамадзянаў?
Паводле звестак Белстату, сярэдні заробак у краіне ў красавіку склаў 921 рубель. Аднак большая частка насельніцтва Беларусі не атрымлівае і шасцісот. Такім чынам, розніца паміж сярэднім і медыянным заробкамі складае каля трохсот рублёў – ледзь не 50 %!
«Пры настолькі нізкіх даходах большай часткі насельніцтва адпаведна і попыт на спажывецкім рынку застаецца нізкі. А гэта стрымлівае рост вытворчасці і прапановаў тавараў і паслугаў на ўнутраным рынку. А гэта стрымліванне перашкаджае падвышаць заробкі працаўнікам. Кола замыкаецца», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.
Яшчэ адным важным фактарам, які стрымлівае развіццё эканомікі, застаецца рэгіянальнае расслаенне краіны. Гэтак, паводле афіцыйнай інфармацыі, у мінулым годзе сярэдні заробак у Менску склаў 1125 рублёў, што прыблізна на 35 % больш за сярэдні заробак у краіне – 823 рублі.
«Рэгіёны развіваюцца нераўнамерна. А дакладней, развіццё ёсць толькі ў Менскай і, з вялікай нацяжкай, у Гарадзенскай вобласцяў… Любая сур’ёзная дыферэнцыяцыя заўжды прыводзіць да кропак расколу ў грамадстве і маштабных праблемаў у краіне», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
А каб расколу не наступала, трэба часцей паўтараць мантру пра дасягненне сярэдняга заробку пяцьсот долараў. Але хто сапраўды столькі зарабляе ў Беларусі? Можа быць, жыхары самага багатага рэгіёну – сталіцы?
«Ну, можа прэзідэнт пабольш за нас атрымлівае. Гэта па-любому. Ну, мы мала атрымліваем, бо мала працуем. Трэба больш працаваць», – мяркуе жыхар сталіцы.
«Ёсць такія людзі. Але гэта не настаўнікі, ні прафесары, ні настаўнікі, ні паэты. Напэўна, бізнес», – кажа мянчук.
У той жа момант, паводле статыстыкі, рост намінальных заробкаў у Беларусі больш чым у два разы перавышае рост вытворчасці працы. Фактычна, мы не зарабляем нават на тое, што атрымліваем. Гэта стала вынікам у тым ліку і каскаду дэвальвацыяў, якія адбыліся ў апошнія гады, калі ВУП краіны знізіўся практычна на чвэрць.
«У нас сёння і так зарплатаёмкасць – адносіны заробку да ВУП – і так на ўзроўні самых развітых краінаў свету. З той толькі розніцаю, што ў нас абсалютныя значэнні і заробку і ВУП значна ніжэйшыя, чым у гэтых краінах. Таму на сённяшні дзень узровень заробкаў нават вышэйшы, чым можа сабе дазволіць эканоміка краіны», – тлумачыць эканаміст Леанід Фрыдкін.
Як тлумачаць эксперты, нават калі ўлады і хацелі б павялічыць заробак, цяпер няма за кошт чаго гэта рабіць. Таму не расце і спажывецкі попыт. Адпаведна, не атрымліваецца нарошчваць аб’ёмаў вытворчасці. А рэзкае павелічэнне заробкаў бюджэтнікам пры дапамозе друкарскага станка можа проста забіць эканоміку. Выхад з гэтага кола і мусіць стаць адной з асноўных задач уладаў на бліжэйшы час.
Зміцер Міцкевіч, «Белсат»