Завяршылася святкаванне 60-годдзя стварэння Беларуска-Расійскага ўніверсітэта – знакамітай магілёўскай “машынкі”. Юбілей стаў падставай для ацэнкі ролі і значэння ўніверсітэта для Беларусі. Прагляд інфармацыі пра святочныя мерапрыемствы ў сценах установы пакінуў неадназначныя ўражанні. Безумоўна радуе тое, што ўніверсітэт працягвае развівацца, але цяжка пазбавіцца адчування, што Беларуска-Расійскі ўніверсітэт усё больш упэўнена становіцца расійска-беларускім.
Міждзяржаўная адукацыйная ўстанова вышэйшай адукацыі «Беларуска-Расійскі ўніверсітэт» гэтай восенню адзначыла сваё 60-годдзе. БРУ быў заснаваны ў 2001 годзе на базе Магілёўскага машынабудаўнічага ўніверсітэта, які адкрыўся яшчэ ў 1961 годзе.
Да юбілею 12 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё музея развіцця і станаўлення Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў корпусе №1. У ім прадстаўлены перыяды станаўлення і развіцця ўніверсітэта, мноства навуковых дасягненняў, а таксама дзейнасць універсітэта ў спартыўнай, валанцёрскай, прафсаюзнай і іншых галінах.
З экспазіцыі вынікае, што створаны як вышэйшая навучальная ўстанова тэхнічнага профілю ўніверсітэт і сёння арыентаваны на падрыхтоўку кадраў для вытворчай сферы: спецыялістаў, магістраў і бакалаўраў у галіне новых тэхналогій машынабудавання, праектавання і эксплуатацыі аўтатранспарту, электратэхнікі, электронікі, будаўніцтва будынкаў і дарог, ІТ-тэхналогій і эканомікі. Студэнты маюць магчымасць навучацца па беларускіх ці расійскіх адукацыйных праграмах. Штогод універсітэт заканчваюць каля тысячы спецыялістаў тэхнічнага і інжынерна-эканамічнага профіляў. Сёння Беларуска-Расійскі ўніверсітэт прапануе абітурыентам атрыманне вышэйшай адукацыі па 11 напрамках падрыхтоўкі першай ступені і трох напрамках другой ступені. Асаблівай падзеяй стала адкрыццё ў 2020 годзе першага ў гісторыі ВНУ сацыягуманітарнага напрамку “Замежнае рэгіёназнаўства”.
У структуру ўніверсітэта ўваходзяць ліцэй, архітэктурна-будаўнічы каледж, інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Дзейнічаюць дзве рады па абароне дысертацый: кандыдацкая і доктарская.
Калі зойдзеш на афіцыйны сайт беларускай установы, то застаешся ў поўнай упэўненасці, што тут рыхтуюць спецыялістаў найперш для Расіі, а не для сваёй краіны.
На галоўнай старонцы сайта БРУ з гонарам адзначана, што на юбілей прыбыла шмат ганаровых гасцей, а яшчэ болей даслала свае віншаванні. Словам і ўзнагародамі павіншаваў усіх супрацоўнікаў і студэнтаў губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц. Таксама з юбілеем ВНУ павіншавала кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар’яна Шчоткіна. З юбілеем рэктара і калектыў ВНУ віншаваў міністр навукі і вышэйшай адукацыі РФ Валеры Фалькоў і г.д.
Увогуле большасць віншаванняў была прыслана з Расійскай Федэрацыі. Здзіўляцца тут няма чаму, бо па інфармацыі сайта БРУ ўніверсітэт мае 84 дамовы аб супрацоўніцтве, з якіх дзве трэці – 56 (66 %) з навучальнымі і навуковымі ўстановамі РФ.
У гонар юбілею ў БРУ прайшла міжнародная практычная канферэнцыя “Адукацыя, навука і вытворчасць у ΧΧΙ стагоддзі: сучасныя тэндэнцыі развіцця”, а таксама адбылося адкрыццё кафедры Дзяржаўнага інстытута рускай мовы імя А.С. Пушкіна, якая стане часткай цэнтра рускай мовы і культуры “Пушкінскі цэнтр”.
Адным з апошніх юбілейных мерапрыемстваў стала адкрыццё 12 лістапада Цэнтра рускай мовы і культуры “Пушкінскі цэнтр”. У рамках яго адкрыцця прайшла літаратурная гасцёўня “Таямніцы пушкінскага Анегіна”, прэзентацыя праграмы развіцця кафедры Дзяржаўнага інстытута рускай мовы ім. А.С. Пушкіна, круглы стол “Падрыхтоўка да Года рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін у краінах СНД у 2023 годзе”, а таксама адкрытая лекцыя “Становішча рускай мовы ў свеце”.
Чытаеш гэтыя паведамленні і міжволі ўзнікае пытанне: Гэта ўсё добра, а хаця б штосьці звязанае з Беларуссю хвалюе кіраўніцтва БРУ?
І вішанка на торце:
На галоўнай старонцы з трох навін для студэнтаў дзве арыентаваны на Расію. Найперш: Конкурс маладзёжных стартапаў «Бранск-Магілёў» – 2021. А далей: “Прымі ўдзел у міжнародным навуковым кангрэсе «Руская мова ў глабальнай навуковай і адукацыйнай прасторы»… Кангрэс адбудзецца 6-10 снежня 2021 года ў вочным і дыстанцыйным фарматах.”
Нічога супраць не маем супраць супрацоўніцтва з установамі РФ, але дзе сумесныя конкурсы з краінамі перадавымі ў тэхналагічным плане? Дзе сувязі з нямецкімі, англійскімі, французскімі, чэшскімі, шведскімі ўніверсітэтамі? Чаму яны нічога сумеснага апошнім часам не прапануюць?
Нарэшце, дзе ж заклікі да ўдзелу ў беларускамоўных мерапрыемствах? Здзіўлення таму, што сайт універсітэта не працуе на беларускай мове, а толькі на рускай і англійскай мовах, пасля аналізу ўсёй гэтай інфармацыі чамусьці няма.
Вядома, што ва ўніверсітэце вельмі актыўна дзейнічаюць рускія таварыствы. Некаторыя іх лідары ў маладосці былі актыўнымі беларускімі нацыяналістамі, а потым хутка пераарыентаваліся, як толькі змянілася кан’юктура і з’явілася магчымасць фінансавання з Расіі.
Напэўна кіраўніцтва БРУ аспрэчыць мае вывады, зможа знайсці пералік і нацыянальна адметных мерапрыемстваў, пакажа штосьці беларускае… Але нікуды не падзецца ад афіцыйнай старонкі сайта, якая прэзентуе ўстанову. Яна на сёння – твар БРУ. Так вось гледзячы і чытаючы сайт, не пазбавіцца ад адчування, што Беларуска-Расійскі ўніверсітэт становіцца ці ўжо стаў расійска-беларускім універсітэтам, і ў ім рыхтуюцца не адданыя Беларусі спецыялісты, а арыентаваныя на Расію глабалісты.
Але магчыма мае нататкі задужа суб’ектыўныя? Падыходце да карпусоў БРУ, на іх вы не пабачыце шыльд з беларускамоўнай назвай установы, як гэта прадугледжана заканадаўствам: злева на беларускай, а справа на рускай мовах. Паўсюль назвы карпусоў напісана выключна на рускай мове, нават там, дзе дзьве шыльды нібыта просяцца з эстэтычнага пункту гледжання, бо так гарманічна. І новы корпус па праспекце Міра мае вялізны але выключна рускамоўны надпіс. Той, хто скажа, што гэта фармальнасць, глыбока памыляецца. Гэта – сутнасць.
Прыкра, крыўдна і сумна!
Тася Лемон