Нядаўна з’явілася інфармацыя, што магілёўскі Беларуска-расійскі ўніверсітэт увайшоў у склад рэспубліканскага навучальна-навукова-тэхналагічнага кластэра, дзе стаў пятай ВНУ у дадзенай інстытуцыі. На першы погляд – вельмі добрая навіна. Бо гэты кластар быў створаны з мэтай інтэграцыі магчымасцяў ВНУ, абмену вопытам і вынікамі работ у інавацыйнай, навукова-тэхнічнай і адукацыйнай сферах, выкарыстання матэрыяльна-тэхнічных і інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў для рэалізацыі і далейшага нарошчвання інавацыйных тэхналогій.
Ілюстрацыйнае фотаХто ж канкрэтна ўвайшоў у гэтую супольнасць? Кластар аб’ядноўвае ВНУ, профіль навучання і навуковыя даследаванні якіх звязаны з тэхналогіямі рознай накіраванасці. У прыватнасці, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт распрацоўвае тэхналогіі нафтахімічнай вытворчасці і дрэваапрацоўкі, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт развівае тэхналогіі лёгкай прамысловасці, асноўныя тэхналагічныя знаходкі Магілёўскага ўніверсітэта харчавання ляжаць у галіне харчовай вытворчасці, Магілёўскі дзяржуніверсітэт ім. Аркадзя Куляшова распрацоўвае інфармацыйныя тэхналогіі. Ну а БРУ паспяхова даследуе і развівае тэхналогіі машынабудаўнічых вытворчасцей і IT-тэхналогіі.
Плануецца, што ўдзел у кластары дазволіць аб’яднаць намаганні вучоных і выкладчыкаў ВНУ, каардынаваць дзеянні ў розных сферах, павысіць ўзровень выкладання і навуковых даследаванняў.
Цудоўна, я шчыра рады за сваю былую альма-матэр, бо і сам ёсць выпускніком Магілёўскага машыныбудаўнічага інстытуту (так ад пачатку свайго існавання называўся сённяшні БРУ). Але, трэба адзначыць, што праз уваходжанне БРУ ў тэхналагічны кластэр расійскі бок атрымае доступ да велізарнага масіву навукова-тэхналагічнай інфармацыі і, у пэўнай ступені, зможа яе кантраляваць. Тэхналагічныя распрацоўкі беларускіх удзельнікаў, сярод якіх, з вялікай доляй верагоднасці, ёсць і тыя, што можна выкарыстоўваць у ваеннай сферы, бесперашкодна будуць трапляць у краіну, якая апошнія гады вызначаецца надзвычай агрэсіўнай знешняй палітыкай. На фоне апошніх падзей, якія можна назваць «прымусам Беларусі да інтэграцыі» гэткія навіны набываюць нядобрую афарбоўку…
Віталь Макаранка