Тэлеканал «Беларусь 1» увечары 12 ліпеня прадэманстраваў прапагандысцкі фільм «Назад у 90-я? Трэст, які лопнуў».
У стужцы распавядаецца, што «Белгазпрамбанк» нібыта на ўсёй краіне захопліваў прыватныя бізнесы, якія не маглі выплаціць крэдыты.
«Слава Богу 90-е гады яшчэ не вярнуліся, але мы ўжо былі на парозе вяртання», – кажа ў фільме адзін з «пацярпелых», гомельскі прадпрымальнік Станіслаў Міхайлаў.
Паводле БТ, Міхайлаву далі крэдыт у заклад маёмасці, «а ў самы складаны момант» заблакавалі рахункі.
«А потым перакрэдатаванне пад шалёныя штрафныя санкцыі. А гэта ўжо кабала і прамая дарога да банкруцтва», – кажуць прапагандысты.
Таксама на «Белгазпрамбанк» паскардзіўся прадпрымальнік Віталь Паноў, які заявіў, што «банкір ідзе па трупах», і іншыя бізнесоўцы. Усе яны сцвярджаюць, што «Белгазпрамбанк» налічваў ім занадта вялікія штрафы за пратэрміноўку выплаты крэдытаў.
«Задача канторы – задушыць бізнес», – заявіў яшчэ адзін прадпрымальнік Наум Кац.
Акрамя таго, БТ сцвярджае, што Бабарыка хацеў «падмяць» пад сябе рынак аўтамабільнага лізінгу. У сюжэце прывялі тэлефонную размову невядомых людзей на гэты конт.
Асобна ў стужцы распавядаецца пра кіраўніка аддзялення «Белгазпрамбанку» ў Магілёве Сяргея Кармызова. Паводле БТ, ён сам прыйшоў у ДФР «з павіннай» і распавёў пра ўсе схемы.
«За тыя грошы, якія фігуруюць у афшорных справах можна купляць ацэншчыкаў і цэлыя прадпрымальніцкія саюзы, наймаць сваіх калектараў і лепшых юрыстаў, купляць чыноўнікаў і суддзяў. Хоць у гэтым яшчэ трэба будзе разабрацца следству», – кажуць аўтары фільму.
На працягу ўсёй стужцы паўтараецца адна і тая ж думка: кіраўніцтва «Белгазпрамбанку» дзейнічала метадамі з 90-х. У канцы фільма аўтары адзначаюць, што 9 жніўня беларусам прыйдзецца выбіраць «хочуць яны і далей жыць у бяспечнайі прававой дзяржаве або гатовыя купяцца на крэдытныя абяцанні жулікаў і прайдзісветаў».
«Апошнія хоць і набылі глянец сучасных банкіраў, блогераў і менеджараў, але справамі і звычкамі так і засталіся ў ліхіх 90-х. Уласна тыя ж парадкі нам і навязваюць: ад канстытуцыі да прыватызацыі», – адзначаюць прапагандысты.
Гэтыя словы БТ праілюстравала кадрамі бандытаў з 90-х.
ІІ belsat.eu