У Шклове па адрасу: вуліца Фабрычная, дом №3 знаходзіцца будынак, які быў пабудаваны ў перадваенны час у новым тагачасным архітэктурным стылі – канструктывізму. Гэты жылы будынак быў пабудаваны недзе ў пачатку 30-х гадоў для працоўных шклоўскай папяровай фабрыкі “Спартак”.
У 1931 годзе на прадпрыемстве быў прызначан новы дырэктар Аляксееў. Актыўная дзейнасць новага кіраўніка садзейнічала поспеху, і фабрыка, як правіла, пастаянна выконвала даведзеныя заданні. У 1933 годзе калектыў фабрыкі атрымаў Усесаюзную прэмію ў суме 10 тысяч рублёў. Яна была выкарыставана на паляпшэнне сацыяльна-бытавых умоў у працоўных, у тым ліку на жыллёвае будаўніцтва. У гэтыя гады на фабрыцы працаваля каля 600 рабочых і 80 служачых.
Гістарычная даведка: Канструктывізм (ад лацінскага: constructio – пабудова) – кірунак у архітэктуры, выяўленчым і тэатральным мастацтве, літаратуры ў першай трэці XX ст., які імкнуўся да «канструявання» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы, да стварэння «мастацтва для ўсяго народа».
Прадстаўнікі канструктывізму проціпастаўлялі прастату і падкрэслены ўтылітарызм новых прадметных форм, рэчаў і інш. паказной раскошы. Найбольшае распаўсюджанне канструктывізм атрымаў у архітэктуры, дзе для яго былі ўласцівы збліжэнне мастацтва з практыкай індустрыяльнага побыту, асіметрычнасць контураў будынкаў, агаленне тэхнічнага боку пабудоў, шырокае выкарыстанне шкла замест сцен, плоскіх дахаў і г.д.
У Беларусі рысы канструктывізму праявіліся ў 1920-1930-я гады у архітэктуры Віцебска і Мінска, як, напрыклад, комплекс БДУ (1928-1931); стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (1932), клуб металістаў у Віцебску (1932), Дом культуры ў Бабруйску (1927-1930) і інш.
Алесь Грудзіна. Фота аўтара