Жыхар райцэнтру Бялынічы на Магілёўшчыне Ігар Зубрыновіч больш як год жыве пад бел-чырвона-белым сьцягам. Вывесіў яго на ўласнай сядзібе напярэдадні гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ён расказвае: у 1994 годзе галасаваў за Лукашэнку, спадзеючыся, што той прынясе Беларусі «парадак». Але неўзабаве зразумеў: ягонае кіраваньне ня робіць жыцьцё лепшым.
Пра Ігара Зубрыновіча. Сьцісла
- Родам зь Бялынічаў. 54 гады. Жанаты. Беспартыйны.
- Стрыечны брат забітага ў 1997 годзе ў выніку тэракту кіраўніка абласнога ўпраўленьня Камітэту дзяржкантролю Яўгена Мікалуцкага.
- Кваліфікаваны мэбляр. Працаваў у беларускіх арганізацыях і выяжджаў на заробкі ў Расею. Часова беспрацоўны. Зьбіраецца адкрываць уласны бізнэс.
- Мэляман з 40-гадовым стажам. У музычнай калекцыі мае больш за 500 кружэлак з запісамі The Rolling Stones, Black Sabbath, AC/DC, Kiss.
- Перамены ў Беларусі зьвязвае з маладым пакаленьнем беларусаў, для якога Лукашэнка чужы і незразумелы.
«Непакоіўся, каб уначы не сарвалі»
Бел-чырвона-белы сьцяг на двары прыватнай сядзібы відаць здалёк. Гаспадар кажа, што вывесіў яго 20 сакавіка 2019 году, каб адзначыць гадавіну сувэрэнітэту БНР. З таго часу ён і лунае над дваром.
Сваім учынкам ён дэманструе, што «беларусы шануюць бел-чырвона-белы сьцяг, нягледзячы на нэгатыўнае стаўленьне да яго ўлады». Патрабаваньняў прыбраць «нацыяналістычны штандар» дагэтуль не было.
«Некаторыя даймаюць мяне, калі ўжо схаваю сьцяг, — кажа суразмоўца. — Я ж адказваю, што будзе лунаць, пакуль жыве Беларусь».
Паказваючы падворак, гаспадар адзначае, што раней мачта была на мэтар вышэйшая, але навальніцай яе зламала. Цяпер хоча вырабіць шасток такой вышыні, каб сьцяг быў відаць з райвыканкаму — за кілямэтар, па-над прыватнай забудовай.
«Першыя дні брамку абвязваў ланцугом, бо непакоіўся, што ноччу ўварвецца міліцыя, каб сарваць сьцяг, а потым сорамна будзе за выхадку землякоў», — кажа ён.
«Хачу жыць па-людзку!»
Ігар Зубрыновіч прызнаецца: бел-чырвона-белы сьцяг прыняў за свой, калі ва ўладзе ўжо замацаваўся Лукашэнка. У 1994-м здавалася, што ён «зь вёскі, ведае, чым жыве народ, і навядзе парадак. А ў выніку нічога не зьмянілася: толькі год ад году станавілася ўсё горш».
Суразмоўца абураецца, што кіраўнік дзяржавы пад бел-чырвона-белым сьцягам прысягаў на вернасьць Беларусі, а потым адрынуў яго як «непатрэбную і шкодную рэч». На ягоную думку, вяртаньне нацыянальнаму сьцягу статусу асноўнага дзяржаўнага сымбаля будзе сьведчыць, што «беларусы ўзьняліся з каленяў, на якія іх паставіў рэжым Лукашэнкі».
Зубрыновіч кажа, што сваіх поглядаў на жыцьцё не хаваў і раней, але як вывесіў сьцяг, то адразу стаў «апазыцыяй». Зь землякамі на палітычныя тэмы пазьбягае гаварыць, бо «толку ад такіх размоваў ня бачыць».
«Калі разабрацца, дык якая я апазыцыя? Я хачу нармальнага людзкага жыцьця, — разважае ён. — Спачатку даводзіў, што я не з БНФ, а за БНР, але нашы людзі непісьменныя, таму махнуў на іх рукой».
У Ігара Зубрыновіча мала спадзеву, што сёлетнія выбары зьменяць кіраўніка дзяржавы. Для гэтага, на ягоную думку, трэба, каб на праспэкце Незалежнасьці ў Менску сабраліся дзясяткі тысяч людзей. Ён лічыць: міліцыя і войска «разумеюць, хто такі Лукашэнка, але пакуль яшчэ падпарадкоўваюцца яму».
«Аднак Лукашэнка сыдзе, бо вырасла новае пакаленьне беларусаў, для якіх Рыгоравіч чужы і незразумелы», — перакананы жыхар райцэнтра.
«Працаваў у Расеі, пакуль вытрымлівалі нэрвы»
Ігар Зубрыновіч кажа, што за прыхарошаным фасадам Бялынічаў, якія аўральна рыхтуюцца да Дня пісьменства, жыцьцё жабрацкае. Заробкі — па 300 рублёў. Пра абяцаныя 500 даляраў і гаворкі няма. Жыхары раёну выпраўляюцца ў Расею ды Польшчу, каб выжыць.
Сам Зубрыновіч 11 гадоў адрабіў у Маскве — аздабляў катэджы тамтэйшым «багацеям». Па ягоных словах, ён марыў працаваць на радзіме і каб расейцы прыяжджалі ў Беларусь.
«Там я заставаўся, толькі каб зарабіць і пакуль вытрымлівалі нэрвы», — кажа Ігар Зубрыновіч.
«Справу аб забойстве брата адновяць, як ня будзе Лукашэнкі»
Суразмоўца — кваліфікаваны мэбляр. Ягоны дом нагадвае музэй драўлянага мастацтва. Гаспадар кажа, што ягоныя вырабы набывалі калекцыянэры з шасьці краінаў. Сабе на жыцьцё ён зарабляе з прыватных заказаў. Спадзяецца распачаць бізнэс, але сумняваецца, што такую задуму можа ажыцьцявіць у невялікім горадзе. З 10-тысячных Бялынічаў зьяжджаць не зьбіраецца, бо «тут ягоныя карані».
Па словах Ігара Зубрыновіча, цікавасьць да дрэваапрацоўкі яму прышчапіў стрыечны брат Яўген Мікалуцкі, зь якім сябраваў, нягледзячы на сямігадовую розьніцу ва ўзросьце. Дапамагаў брату абстаўляць новую кватэру ў Магілёве, калі Лукашэнка прызначыў яго кіраўніком абласнога ўпраўленьня Дзяржкантролю.
6 кастрычніка 1997 году Яўген Мікалуцкі загінуў ад выбуховага прыстасаваньня ў пад’езьдзе свайго дому. Адзін з падазраваных у тэракце, адстаўны супрацоўнік КДБ, павесіўся ў сьледчым ізалятары, а трох ягоных падзельнікаў асудзілі на 5, 4 і 11 гадоў — але за бандытызм. Выканаўцамі ж забойства іх не прызналі. Такім чынам, ні хто выконваў, ні хто арганізоўваў забойства Мікалуцкага, дагэтуль невядома.
Ігар Зубрыновіч дагэтуль не зьмірыўся з гвалтоўнай сьмерцю брата, бо шмат, на ягоны погляд, у справе незразумелага. Апавядаючы пра родзіча, мужчына не стрымаў сьлёз. Ён лічыць, што расьсьледаваньне братавай справы адновіцца, калі ва ўладзе ня будзе Лукашэнкі.
Фота: Радыё Свабода