У Магілёве прэзентавалі ўнікальнае факсімільнае выданне першага на тэрыторыі Усходняй Беларусі «Буквара» Спірыдона Собаля, які пабачыў свет у 1631 г.
Буквар быў выдадзены ў знакамітай друкарні Куцеінскага Богаяўленскага праваслаўнага манастыра пад Оршай. Гэта адзін з першых друкаваных беларускіх падручнікаў, тагачасны «бестселер». Кніга аказала вялікі ўплыў на развіццё асветніцкай думкі ў Беларусі і канчаткова замацавала назву «Буквар» за выданнямі для пачатковага навучання грамаце.
Да нашага часу захавалася толькі два асобніка «Буквара» – адзін з іх захоўваецца ў дацкай Каралеўскай бібліятэцы, а другі з’яўляецца ўласнасцю бібліятэкі Middle Temple ў Вялікабрытаніі. Пасля навуковага даследавання ў брытанскай бібліятэцы, былі праведзены перамовы і атрыманы дазвол на выданне факсімільнай версіі.
Выданне «Буквара» у гэтым годзе было не выпадковым – першая ў свеце кніга, якая мела менавіта такую назву, была выпушчана ў 1618 годзе беларускай брацкай друкарняй Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі пад Вільняй (сучасны г.Іўе Гродненскай вобласці).
Алесь Суша – намеснік дырэктара Нацыянальнай БібліятэкіНа прэзентацыю «Буквара» у Магілёў завітаў намеснік дырэктара Нацыянальнай Бібліятэкі Алесь Суша. Ён падрабязна распавёў пра гістарычныя факты і ўмовы з’яўлення «Буквара» на нашых землях, пра акалічнасці яго перавыдання ў нашы часы. Па ўмовах уладальніка кнігі, выданне было выпушчана толькі для перадачы яго ў бібліятэкі і іншыя падобныя ўстановы Беларусі. На пры канцы імпрэзы гэта і зрабіў Алесь Суша – ён уручыў асобнікі прадстаўнікам гарадскіх і раённых бібліятэк, адпаведным аддзелам установаў культуры і адукацыі.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара