У Бялынічах у першую нядзелю верасня 2020 года пройдзе XXVІІ Дзень беларускага пісьменства. Да свята яшчэ восем месяцаў, але падрыхтоўка да яго ў горадзе ўжо распачалася.
Самыя вялікія змены чакаюць цэнтр горада. Вуліцы Савецкая і Мічурына, парк Ліпавы гай, гарадскі стадыён, раённы мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі будуць значна рэканструяваны. У музеі, будзе захоўвацца фрагмент фрэскі з Бялыніцкага манастыра. Рамонт з элементамі мадэрнізацыі чакае многія сацыяльныя аб’екты горада і жылыя дамы. Ужо распачалася рэканструкцыя інтэрната былога ліцэя № 17, у ім пдануецца зрабіць арэндныя кватэры.
Пабудавана пешаходная дарожка на пад’ездзе да Бялынічаў з боку аўтазапраўкі. Плануецца, што да жніўня наступнага года будуць прыведзены ў парадак усе дарогі ў ваколіцах райцэнтра, зроблены пеналы для прыпынку грамадскага транспарту і аўтамабіляў.
Ужо знесены стары будынак бібліятэкіі памяшканне групы цэнтралізаванага абслугоўвання ўстаноў культуры.
На нядаўняй нарадзе ў Бялынічах, якая праходзіла з удзелам старшыні аблвыканкама Леаніда Зайца намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Дзмітрый ДАВЫДАЎ падрабязна распавёў аб ходзе падрыхтоўкі Бялынічаў да правядзення ХХVІІ Дня беларускага пісьменства, піша раённая газета “Зара над Друццю”. Па словах Давыдава, праца праходзіць у штатным рэжыме і з такім разлікам, каб да свята выканаць бягучы рамонт, капітальна адрамантаваць усе аб’екты жыллёвага фонду горада, вызначаныя праграмай.
Галоўная сцэна свята будзе ўстаноўлена на месцы, дзе да нядаўняга часу знаходзіліся будынкі бібліятэкі і гаспадарчай групы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Памяшканні знесены, неўзабаве патрэбная праектна-каштарысная дакументацыя будзе перададзена на экспертызу, пасля чаго пачнуцца работы па добраўпарадкаванні гэтай пляцоўкі, якая ў выніку стане яшчэ адной плошчай Бялынічаў. Будзе праведзена таксама і рэканструкцыя будынка мастацкага музея, выкананне якой уключана ў абласную інвестыцыйную праграму.
– Бялынічане – адзначыў старшыня аблвыканкама Леанід Заяц, – павінны зрабіць усё магчымае, каб свята прайшло на самым высокім узроўні, пакінула яркі след у гісторыі правядзення Дзён беларускага пісьменства. У працу па добраўпарадкаванні райцэнтра павінны актыўна ўключыцца ўсе прадпрыемствы, арганізацыі, установы раёна і само насельніцтва горада. За падрыхтоўчы перыяд неабходна ўсім папрацаваць так, каб вынік той работы застаўся на доўгі час наступных гадоў.
Зараз працы па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах ідуць не вельмі актыўна. Бялынічане мяркуюць, што гэта звязана з недастатковым узроўнем фінасавання. Дарэчы, на нарадзе з удзелам старшыні аблвыканкама якраз і абмяркоўвалі даты пачатку і завяршэння ўсіх відаў работ на аб’ектах, пошукаў іх выканаўцаў і крыніц фінансавання. Леанід Заяц паставіў задачу, каб усе запланаваныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы, добраўпарадкаванні горада да правядзення ХХVІІ Дня беларускага пісьменства былі якасна выкананы да 1 жніўня.
Ці ўдасца бялыніцкім чыноўнікам выканаць указанне кіраўніка аблвыканкама, пакажа толькі час…
Нагадаем, што і жыхары Бялыніч унеслі свае прапановы наконт арганізацыі свята і добраўпарадкавання горада. Было сабрана 186 подпісаў, і заява ўжо пададзеная ў адпаведныя органы.
Вікторыя Бялова