Галоўная » Бялыніцкага актывіста “пасадзілі” на дзесяць сутак

Бялыніцкага актывіста “пасадзілі” на дзесяць сутак

Старшыня суда Бялыніцкага раёна Валянціна Паўлава 7 жніўня пакарала 10 суткамі арышту грамадскага актывіста з Бялыніч Алега Мяцеліцу.

Разбіральніцтва ў судзе цягнулася с 10 гадзін раніцы і да 18:00 вечара, але гледачы судовага працэсу так і не здолелі зразумець, за што ж, усё-такі, пакаралі Мяцеліцу.

Згодна рашэння суддзі Паўлавай, двое сутак Алегу прысудзілі за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, а яшчэ восем – за арганізацыю “Ланцуга салідарнасці” у Бялынічах. Па словах дачкі актывіста Яўгеніі Мяцеліцы, сведкамі з боку абвінавачвання выступалі доблесныя бялыніцкія міліцыянты – Сяргей Нізаўцоў і Яўгеній Эргашаў.

У чым заключалася непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, зразумець было наогул цяжка, бо Алега Мяцеліцу 5 жніўня затрымалі разам з некалькімі іншымі людзьмі ў яго аграсядзібе «Старкі» ў Бялыніцкім раёне. Іх завезлі ў міліцэйскі райаддзел, іншых затрыманых потым адпусцілі, а Мяцеліцу абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Між тым усе іх патрабаванні Алег якраз і выконваў.

Яшчэ больш дзіўным выглядала абвінавачванне ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. На сам рэч Алег Мяцеліца не меў ніякага дачынення да арганізацыі “Ланцуга салідарнасці” у Бялынічах. Акцыя ў горадзе сапраўды адбылася, але яе арганізатарам быў зусім іншы чалавек.

 

Аднак у краіне выбары, таму нашы звышпільныя ўлады адправілі актывіста “на суткі”, асабліва не замарочваючыся на якіх-небудзь праўдападобных абгрунтаваннях. Няхай лепш пасядзіць за кратамі ў ІЧУ ў Бялынічах, чым наведае выбарчы ўчастак у дзень галасавання.

Бялыніцкі прадпрымальнік Алег Мяцеліца з’яўляецца сябрам кампаніі «Гавары праўду». У сваёй аграсядзібе “Старкі” у Бялыніцкім раёне Алег праводзіць разнастайныя культурніцкія і грамадскія мерапрыемствы.

Сяргей Семяновіч