Кожны ўяўляе сваё вяселле па-рознаму. У кагосьці ўзнікае вобраз нявесты ў раскошнай белай сукенцы і белы лімузін, у кагосьці ёсць мара надзець каўбойскія капелюшы і боты і з’явіцца ў ЗАГС у парваных джынсах. Але ёсць і тыя, хто марыць зрабіць сваё вяселле ў нацыянальным беларускім стылі.
Такім сваё свята зрабіла сям’я Яўгена і Ірыны КАМАРОВЫХ.
– Я пазнаёміўся з Ірынай на традыцыйным яўрэйскім вяселлі, куды быў запрошаны сведкам. Далей мы працягнулi адносiны i закахалiся, – падзяліўся сваёй гісторыяй малады муж. – Свята сяброў было вельмi прыгожым i запамiнальным. Калi справа дайшла да нашага вяселля, для нас было важна ў першую чаргу ўзгадаць беларускiя традыцыi. Мы разумелi, што гэта, магчыма, будзе складана ўвасобiць у жыццё, але нам хацелася чагосьцi цiкавага i самабытнага.
Са звычайным вяселлем, менавiта, было б прасцей, паколькi ўжо iснуе агульны досвед. Задумка была ў тым, каб зрабiць урачыстасць менавiта ў старажытных традыцыях Магiлёўскай вобласцi i адаптаваць пад сучаснасць. Працэс атрымаўся творчы: за два месяцы падрыхтоўкi да шлюбнай цырымонii Яўген i Iрына даведалiся шмат цiкавага пра беларускi вясельны абрад i ўвасобiлi гэта ў жыццё. Памяшканне, дзе праходзiла свята, упрыгожвалi выцiнанкi, саламяны павук, якога рабiлi асабiста на вяселле, i даматканыя ручнiкi, спадчына ад бабуль. Распiсвалiся маладыя пад сакральны музычны iнструмент – беларускую дуду. Галоўную ролю на свяце выконвала прырода i асяроддзе: восеньскi лес, ручай, вясковая хата з чаротавым дахам, упрыгожаная драўляная брама, дзе праходзiла заручэнне. Пярсцёнкi маладым падавалi ў скрынi з зернем, дакументы падпісвалi на дубовай кадцы. Выязную цырымонію грамадзянскага абраду правяла начальнік райаддзела ЗАГСу Наталля ЛАЗОЎСКАЯ.
– Для мяне гэта ў навіну, ніколі не праводзіла такіх вяселляў, – распавяла Наталля Віктараўна. – Гэта было вельмі прыгожа і незвычайна.
Стравы, адпаведныя тым, што елi нашы продкi, рыхтавалi па ўсiх традыцыях беларускай кухнi – у печы. Гасцей частавалi фаршыраваным щупаком, зразамi, запечанай у чыгуне бульбай з мясам, квашанiнай. Таксама было хатняе піва i крупнiк — традыцыйны напой з зёлкамi i мёдам.
Маладыя і іх госці танцавалі традыцыйныя і абрадавыя танцы пад жывую музыку. Многія з запрошаных, ведаючы, што вяселле будзе ў нацыянальным стылі, апранулі беларускiя строі ці стылізаванае адзенне.
Фота прадастаўлена райаддзелам ЗАГСу
Аліна Цыганій
Крыніца: “Зара над Друццю”