Пад пагрозай унікальная гарадская сацыяльна-эканамічная экасістэма. На месцы рынка плануецца размясціць некалькі шматпавярховых будынкаў – у парушэнне заканадаўства аб ахове помнікаў.
Дэтальны план забудовы берагоў Дубравенкі каля самага ўпадзення ў Дняпро быў зацверджаны Магілёўскім гарвыканкамам яшчэ ў пачатку 2016 года. Ён прадугледжвае забудову той мясцовасці, на якой зараз размяшчаецца гістарычны Быхаўскі (з нядаўнага часу афіцыйная назва Маілёўскі) рынак некалькімі новымі аб’ектамі. Як можна пабачыць на плане забудовы, дадзеная тэрыторыя цалкам мяняе сваю планіровачную структуру.
Нам стала вядома, што ў пачатку 2021 года праектным інстытутам “Магілёўграмадзянпраект” была распрацавана “Канцэпцыя ландшафтнага афармлення і добраўпарадкавання гістарычнага сквера ў раёне плошчы Славы ў г. Магілёве з улікам перспектыўнай прылеглай забудовы”. Дадзеная канцэпцыя ўтрымлівае праект высотнай забудовы тэрыторыі сучаснага рынка, прычым на рэндэрах можна пабачыць масштаб дысгармоніі прапанаваных будынкаў гістарычнаму ландшафту.
Як можна пабачыць на ілюстратыўных матэрыялах дадзенай канцэпцыі, прапануецца кардынальна змяніць традыцыйны сілуэт гарадской забудовы, адцясніўшы на перыферыю ўспрыняцця Барысаглебскую царкву, Замкавую гару, ансамбль плошчы Славы. І, безумоўна, гэты праект прадугледжвае знішчэнне Быхаўскага рынка – традыцыйнага кірмаша для многіх і многіх пакаленняў магілёўцаў.
Быхаўскі рынак, пры ўсёй яго стыхійнасці і вонкавай хаатычнасці – унікальная гарадская экаістэма, якая ўключае тысячы буйных і зусім дробных гандляроў з іх сем’ямі, дзясяткі і дзясяткі тысяч зацікаўленых пакупнікоў. Гэты рынак, пры паважлівым стаўленні гарадкіх уладаў да гістарычных сацыяльных практык, мог бы стаць турытычнай разынкай горада і прэтэндаваў бы на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці па праву. Прычым тое, што, відавочна, раздражняе гарадское кіраўніцтва ў першую чаргу – стыхійная частка рынка – якраз і прываблівае сюды значную колькасць аматараў гарадской даўніны і антыкварыята.
Але будаўніцтву шматпавярховага “грамадскага цэнтра” супярэчаць не толькі сентыментальныя і настальгічныя пачуцці магілёўцаў. Справа ў тым, што 1 снежня 2016 года быў зацвержаны праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей – «Будынкі па вул. Быхаўская, 6, 12, будынак былога мужчынскага епархіяльнага вучылішча па вул. Чалюскінцаў, 10 у г. Магілёве». Усе гэтыя аб’екты знаходзяцца непасрэдна ў зоне запраектаванага будаўніцтва.
Паводле дзейснага заканадаўства, тэрыторыя іх размяшчэння – гэта ландшафт, на якім забаронена размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, гандлёва-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі. Забаронена будаўніцтва будынкаў і збудаванняў вышэй 9 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху.
Праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў (выдзелены чырвоным) – былое мужчынскае епархіяльнае вучылішча (3) і дамы па вул. Быхаўскай, 6, 12 (1, 2)
Звяртае на ябе ўвагу той факт, што і праз пяць гадоў пасля зацвярджэння праекта зоны аховы гістарычных помнікаў, не былі ўнесены змены ў перспектыўны план забудовы берагоў Дубравенкі. І, як мы бачым па падрыхтаваных Інстытутам “Магілёўграмадзянпраект” праспектам, заканадаўства аб рэгуляванні гарадской забудовы – а вызначаная тэрыторыя трапляе ў зону аховы ландшафта гістарычнага цэнтра таксама – проста ігнаруецца.