У Магілёве на “размову” ў АБЭЗ 23 лютага выклікалі былога дырэктара музея гісторыі горада Аляксея Бацюкова, піша праваабарончы сайт “Вясна”. Паведамляецца, што Бацюкова распытвалі пра яго звальненне.
На пачатку студзеня 2021 года дырэктару гістарычнага музея паведамілі, што кантракт з ім не працягнуць. Бацюкоў кіраваў музеем з 2011 года і здолеў вярнуць у Беларусь Статут ВКЛ. Таксама пры ім гарадскі музей папоўніўся ўнікальнымі артэфактамі. Пасля жнівеньскіх выбараў Бацюкоў з шасцю падначаленымі падпісаў ліст супраць гвалту сілавікоў на вуліцах і за адстаўку Лукашэнкі.
Хаця экс-дырэктара выклікалі ў АБЭЗ, размаўляў з ім супрацоўнік Ленінскага РАУС. Ён спытаўся ў Бацюкова, ці сам той звольніўся з музея ці быў звольнены. Таксама міліцыянта цікавіла, ці кантракт быў скасаваны па палітычных матывах.
Паводле звестак праваабаронцаў, на такія размовы выклікалі ўжо некалькі дзесяткаў магілёўцаў.
Крыніца: “Еўрарадыё”