Галоўная » Былую загадчыцу «перадавога» садка з Крычава асудзілі. Яна вымагала ў падначаленых грошы

Былую загадчыцу «перадавога» садка з Крычава асудзілі. Яна вымагала ў падначаленых грошы

Паводле сьледзтва, кіраўніца дзіцячай установы ўцягнула ў злачынную схему пабораў 16 супрацоўніц. Іх прызналі пацярпелымі. Былая загадчыца віны не прызнала, паведамляе Радыё Свабода.

Былую загадчыцу дзіцячага садка № 19 з Крычава Алу Пастухову Чэрыкаўскі суд прызнаў вінаватай у злоўжываньні ўладаю, перавышэньні службовых паўнамоцтваў з карысьлівых інтарэсаў, а таксама спробе крадзяжу дзяржаўнай маёмасьці.

Судзьдзя Аляксандар Краўчанка пакараў Пастухову зьняволеньнем у калёніі агульнага рэжыму на 2,6 года і штрафам 1350 рублёў (50 базавых велічыняў). Ёй таксама на 3 гады забаранілі займаць кіроўныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады. Пасьля прысуду Пастухову ўзялі пад варту. Яна мае 10 дзён, каб абскардзіць вырак.

28 студзеня пацярпелыя падтрымалі зварот пракурора Мікалая Розанцава да суду, каб Пастухову пакаралі 4 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Паводле выраку, дзеяньні абвінавачанай нанесьлі шкоду правам грамадзян ды дзяржаўным інтарэсам у буйным памеры: больш за 10 тысяч рублёў. Паводле пракурора Розанцава, Пастухова спробаў кампэнсаваць шкоду за час сьледзтва і судовага разбору не рабіла.

Алу Пастухову бяруць пад варту ў судзе

 

Што высьветліў суд

  • Пастухова арганізавала на «пастаяннай сыстэмнай аснове» зьбіраньне грошай ад падначаленых. Ім выплачвалася матэрыяльная дапамога, большую частку якой яны аддавалі ёй. Сума вагалася ад 25 да 120 рублёў.
  • Зьбірала грошы, ня ведаючы, што гэта незаконна, справавод дзіцячай установы. Яна ж і паведамляла супрацоўнікам садка, якую суму яны павінны перадаць празь яе Пастуховай. Такая схема пабораў дзейнічала з 2015-га па 2018 год.
  • Пастухова давала ўказаньні падначаленым, каб тыя дапамагалі ў працоўны час па гаспадарцы яе састарэламу бацьку, рамантавалі ейную кватэру ды дачу. Акрамя таго, прыбіральніца вазіла ў Магілёў грошы і харчы «нявысьветленаму родзічу» Пастуховай. Паводле пацярпелай, гэта была дачка абвінавачанай.
  • У табэлі ўліку працоўнага часу тым, хто выконваў даручэньні Пастуховай, пазначалася, што яны былі ў садку і атрымлівалі заробак, як за выкананьне службовых абавязкаў.
  • Пастухова прысабечвала будаўнічыя матэрыялы, якія выдзяляліся на рамонт дзіцячай установы. Сьледчыя выявілі крадзенае ў на яе дачы ды ў падвале садка. Гэтыя дзеяньні абвінавачанай кваліфікавалі як замах на злачынства.

Пазыцыя абвінавачанай: «Нажыцца не хацела»

Ала Пастухова ў апошнім слове сказала, што падчас сьледзтва на яе псыхалягічна ціснулі, каб прызнала віну. Раілі зьвярнуцца па памілаваньне да Аляксандра Лукашэнкі.

«Я буду адстойваць сваю пазыцыю, чаго мне б гэта не каштавала, — казала яна. — Гэта рыса любога адукаванага чалавека і сталай асобы».

Як вынікала зь ейнага выступу, грошы, якія яна зьбірала з падначаленых, ішлі на «падтрымку перадавога статусу» дзіцячай установы. Бюджэтных сродкаў на гэта не хапала. Паводле абвінавачанай, для сябе яна «прымала столькі грашовых сродкаў», колькі ўкладала ў садок уласных. Мэты нажыцца ў яе не было.

Адвакат Пастуховай заявіў, што доказы віны падабароннай сумнеўныя. Паводле яго, доказная база «злачыннай дзейнасьці» Пастуховай абапіраецца толькі на паказаньні пацярпелых і сьведак, якія сьледзтва дапасоўвала да патрэбнага яму выніку. Адвакат прасіў суд вынесьці апраўдальны прысуд абвінавачанай праз адсутнасьць складу злачынства.

Пастухову затрымалі 27 сакавіка 2019 году. 7 месяцаў яна адседзела ў Магілёўскім сьледчым ізалятары. Потым яе перавялі пад хатні арышт.

Пацярпелымі прызнаныя 16 супрацоўніц дзіцячага садка №19 Крычава

«Чалавек году-2014»

Ала Пастухова стала загадчыцай дзіцячага садку ў 2002 годзе. За час працы ў сфэры адукацыі яе 35 разоў адзначалі граматамі і дыплёмамі. Мае таксама падзяку ад Аляксандра Лукашэнкі. У 2014 годзе ёй прысудзілі званьне «Чалавек году» і ўшанавалі партрэтам на раённай дошцы гонару. Нязьменна старшынявала ва ўчастковых камісіях падчас выбарчых кампаній.

Падначаленыя характарызуюць Пастухову як уладную, жорсткую і патрабавальную кіраўніцу. Ня выканаць яе патрабаваньні азначала сустрэцца зь ціскам, перадузятым стаўленьнем ды пагрозай, што не працягнуць працоўны кантракт, казалі яны.

Загадкавая сьмерць падначаленай Пастуховай

Неўзабаве пасьля затрыманьня Пастуховай 8 красавіка патанула яе 41-гадовая падначаленая Натальля Яльцова. У садку яна працавала дэфэктолягам. Паводле некаторых крыніц, нябожчыца пакінула перадсьмяротную запіску. На беразе ракі Сож былі знойдзеныя таксама рэчы 78-гадовай маці патанулай. Цела маці дагэтуль ня адшукалі.

«Справа патанулай не зьвязаная з крымінальнай справай, якую завялі ў дачыненьні да яе былой начальніцы», — казалі Свабодзе ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці.

У апошнім слове Ала Пастухова казала, што «дужа перажывае за сьмерць Натальлі Яльцовай», бо тая «была бліжэйшай, чым хто іншы з калектыву».

Паводле Пастуховай, нябожчыца хацела яе абараніць, «але не змагла». Загадчыца заявіла, што хоча атрымаць адказ, чаму яе не дапыталі па факце сьмерці падначаленай.

Фота: Радыё Свабода