Гісторыя стварэння музея ў Крычаве магла б стаць досыць цікавай старонкай развіцця мясцовага краязнаўства і лакальнай гісторыі. Аднак гісторыю стварэння музейных экспазіцый і сбора экспанатаў для фонда ведаюць у горадзе адзінкі. І гэта дакладна не цяперашні дырэктар установы культуры “Гістарычны музей г. Крычава” Уладзімір Мішчанка.
Калі крыху звярнуцца да гісторыі, то Крычаўскі раённы краязнаўчы музей быў заснаваны паводле рашэння Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта дэпутатаў працоўных ад 30.12.1959 года. Адкрыты для наведвальнікаў крыху пазней – 15 кастрычніка 1961 г. Натуральным чынам, аснову фондаў музея склалі матэрыялы краязнаўца М. Ф. Мельнікава, які стаў яго першым дырэктарам. Менавіта ён некалькі дзесяцігоддзяў шчыраваў у папулярызацыі краязнаўчых ведаў на Крычаўшчыне і паўплываў на развіццё краязнаўства суседніх раёнаў. Крок за крокам, працуючы ў архівах Масквы, Ленінграда, Мінска, Магілёва, Пермі, Пяцігорска і ў іншых месцах, ён збіраў па кроплях гісторыю края. Для яго была вялікая радасць знайсці цікавы матэрыял, бо Мельнікаў быў апантаным чалавекам.
Першым будынкам, дзе знаходзілася музейная экспазіцыя, быў звычайны драўляны дом. Захавалася нават старое фота, дзе на фоне драўлянага будынку краязнаўчага музея стаяць актывісты-пошукавікі і аматары гісторыі разам з вядомым крычаўскім краязнаўцам і заснавальнікам культурнай установы Міхаілам Мельнікавым.
Пазней музейныя экспазіцыі сталі размяшчацца ў цагляным будынку, што знаходзіўся недалёка ад былой рынкавай плошчы (на сённяшні дзень Плошча Леніна). Прычым будынак знаходзіцца практычна насупраць аўтобуснага прыпынку з аднайменнай назвай – Плошча Леніна. Менавіта ў гэтым будынку музейная экспазіцыя радавала наведвальнікаў некалькі дзясяткаў год. Плошча некалькіх экспазіцыцыйных залаў складала больш за 300 м2. Каля 17 тысяч экспанатаў захоўвалася ў музейных фондах. У ліку значных матэрыялаў можна назваць тры з паловай сотні археалагічных знаходак: косці маманта, каменныя свідраваныя сякеры, скроневыя кольцы, пазалочаныя пацеркі, шыферныя прасліцы, арабскі дырхем з курганнага могільніка радзімічаў каля в. Бацьвінаўка. Таксама сярод матэрыялаў у фондах і экспазіцыі музея прысутнічалі археалагічныя знаходкі з гарадзішча Гарадзец і гарадзішча Замкавая гара: шкляныя пацеркі, бранзалеты, ганчарны посуд, вялікі асартымент кафлі, нажы, ключы і дэталі замкоў 10-17 стст. У нумізматычнай калекцыі знаходзілася больш за 2,5 тысячы срэбраных і медных манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі 17-20 ст.ст.
Менавіта да 2008 года музейная экспазіцыя знаходзілася ў гэтым адносна вялікім будынку. 16 лютага 2008 года музейныя экспазіцыя і фонды пераехалі ў палац Пацёмкіна-Галынскіх – помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. У сувязі са стварэннем новай экспазіцыі ў маі 2009 года музей быў перайменаваны ў Крычаўскі гістарычны музей. Пасля гэтай падзеі былы будынак музея доўгі час проста пуставаў. У 2010-х у паветры лунала ідэя стварэння ў ім Дома рамёстваў, аднак размовы так і не матэрыялізаваліся ў канкрэтныя дзеянні.
На сённяшні дзень будынак улада бессаромна прадала ІП Аляксандру Вырву, нягледзячы на яго адметны і нават культавы статус. На сённяшні дзень на будынку ўжо няма шыльды, якая ўшаноўвала імя Міхаіла Мельнікава, што натуральным чынам змяншае ўнікальнасць месца. Прычым варта адзначыць, што сам былы будынак краязнаўчага музея з пэўнай гісторыяй і з’яўляецца адметным у гарадской прасторы. Калі пра яго шукаць інфармацыю ў інтэрнэце ці кнізе ў “Памяць” , то пра практычна нічога не знойдзеш. Будынак быў, верагодна, пабудаваны ў 1950-х гг., хаця пэўнасці ў гэтым няма. Пагэтаму на сённяшні дзень трэба збіраць інфармацыю пра гэты адметны будынак у старэйшых жыхароў Крычава, каб прыадкрыць невядомую гісторыю цаглянага збудавання, у якім калісьці знаходзіўся мясцовы краязнаўчы музей.
Алесь Крыжэвіч