Скаргу Андрэя Юркова разгледзяць у Магілёўскім абласным судзе 6 лютага ў 9:30 раніцы. Адпаведнае паведамленне грамадскі актывіст з Дрыбіна атрымаў з абласнога суда.
Нагадаем, што 23 снежня суд Дрыбінскага раёна пакараў штрафам у 10 базавых велічынь (255 рублёў) Андрэя Юркова за эмодзі “сумую” ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.
Суддзя Барыс Пігаль палічыў, што паставіўшы значок “сумую” пад ілюстрацыяй, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы, Андрэй Юркоў распаўсюдзіў экстрэмісцкую сімволіку і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. На ілюстрацыі ў “Одноклассниках” утрымліваліся выявы савецкай і нацысцкай сімволікі, пасля таго, як актывіст націснуў “сумую”, дзякуючы алгарытму сацыяльнай сеткі допіс аўтаматычна з’явіўся на яго старонцы.
Сам Юркоў сцвярджаў, што ён не меў ніякага намеру распаўсюджваць чужы пост, а з дапамогай дыслайка выказваў негатыўнае стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў.
Андрэй Юркоў яшчэ 8 студзеня накіраваў скаргу ў Магілёўскі абласны суд. У скарзе ён просіць адмяніць пастанову Дрыбінскага раённага суда па адміністрацыйнай справе за распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі паводле ч.2 арт.17.11 КаАП.
Юркоў даводзіць у касацыйнай скарзе, што ў яго дзеяннях адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння, а справа была палітычна матываванай.
Таксама ён просіць Магілёўскі абласны суд вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзі Барыса Пігаля, які, на думку Юркова, прыняў заведама неправасудную пастанову па яго адміністрацыйнай справе. Таксама Юркоў просіць суд накіраваць прыватныя вызначэнні на адрас супрацоўнікаў Дрыбінскага РАУС і Магілёўскага аблвыканкама за парушэнне заканадаўства пры падрыхтоўцы яго адміністрацыйнай справы.
Юркоў сцвярджае, што не было ніякіх падстаў для адміністрацыйнага пераследу: ні лейтэнант міліцыі Станкевіч, які складаў адміністрацыйны пратакол, ні суддзя Барыс Пігаль так і не змаглі даказаць, што менавіта ён распаўсюдзіў інфармацыйную прадукцыю, як і тое, што гэта прадукцыя прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць ( у дадзеным выпадку — нацыскую сімволіку).
Андрэй Юркоў – добра вядомы ў Дрыбіне, Мсціславе і Горках грамадскі актывіст. На парламенцкіх выбарах 2019 года ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Горацкай выбарчай акрузе №82. Згодна афіцыйнай інфармацыі ЦВК, падчас гэтых выбараў за А.Юркова аддалі свае галасы 3 554 выбаршчыкі, што складае 7.21% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў акругі.
Ірына Беганкіна