Чарговы выпадак парушэння экалагічнай бяспекі, які можа паўтарыцца. Прадпрыемства «Омск Карбон», што непасрэдна ля Магілёва, спыніла дзейнасць пасля выкіду сажы, які накрыў навакольныя паселішчы. На заводзе да вясны ідзе рамонт, а людзі збіраюць подпісы, патрабуючы экалагічнай бяспекі.
Аграгарадок Вейна месціцца ў чатырох кіламетрах ад уезду ў Магілёў і менш як у кіламетры ад Свабоднай эканамічнай зоны (СЭЗ 4), поўнай хімічных прадпрыемстваў: «Хімвалакно», «Кронаспан», «Белполіурэтаны» ды інш. У лістападзе, калі тут дабудавалі завод «Омск Карбон», людзі на сабе адчулі запуск вытворчасці тэхнічнага ўглероду. Усё пакрылася чорнай сажай, і снег на вуліцы, і шыбы з падваконнямі. А хто праветрываў пакой, атрымаў тэхнічнага ўглероду ў хату.
Вось як узгадваюць той «чорны дзень» жыхары Вейна:
«Вакол усё чорнае, на падваконнях, нават у сабакі лапы чорныя былі».
«Немагчыма было адцерці ад чарнаты, я здзівілася, адкуль яно зляцела да мяне».
«На машынах быў слой чорнай сажы каля 1,5 мм. Наколькі я разумею, гэта пасля таго, як правялі пробны пуск «Омск-карбона».
На званкі абураных і напужаных людзей прыехала дзяжурная група ад Міністэрства прыроды і камітэту аховы навакольнага асяроддзя. Пробы паветра, узятыя на «Омск Карбоне», паказалі перавышэнне нормаў цвёрдых частак – то бок сажы – больш, чымся ў 40 разоў. Завод спынілі, на месца выкіду запрасілі замежных адмыслоўцаў – з Омску і Валгаграду.
Так выглядае афіцыйны адказ на зварот грамадзянаў ад намесніка старшыні Магілёўскага абласнога Камітэту аховы навакольнага асяроддзя, Канстанціна Цеплякова:
«20 лістапада 2018 г. «Омск Карбон Магілёў» завяршыў пусканаладачныя працы са здыманнем сыравіны, аб’ект спынены для правядзення поўнай рэвізіі тэхналагічнага абсталявання на цэласнасць і спраўнасць з мэтаю выключэння верагоднасці парушэнняў тэхналагічнага працэсу ў будучыні».
Прастой працягнецца, прыкладна да сакавіка. Але з інфармаваных крыніцаў на заводзе, якія папрасілі застацца ананімнымі, «Белсат» даведаўся, што выпраўленнем парушэнняў і пусканаладкай будуць займацца не замежныя, а мясцовыя адмыслоўцы, каб ашчадзіць фінансы. Пацвердзіць гэтую інфармацыю афіцыйна не атрымалася. Мясцовыя актывісты кажуць і пра іншыя парушэнні.
«Зялёная зона, якая павінная быць не менш за 40%, яна каля 10%. Другое: межы заводу ад вёскі Вейна 863 метры пры норме 1000м. Бо гэта вельмі небяспечная вытворчасць», – кажа Андрэй Бодзілеў, актывіст кампаніі «Водгук».
Андрэй Бодзілеў з паплечнікамі збірае ў Вейна і ваколіцах подпісы пад патрабаваннем правесці на «Омск карбоне» экалагічную экспертызу, ліквідаваць парушэнні, якія прывялі да выкіду, і, што не менш важна, рэгулярна інфармаваць жыхароў Магілёўскага раёну аб экалагічнай сітуацыі.
Суседнія заводы «ВМГ Індустры» і «Мебелайн» з Магілёўскай свабоднай эканамічнай зоны ўжо лавілі на забруджванні прыроды. Распачатая крымінальная справа аб скідванні імі забруджанай вады ў мясцовае вадасховішча. А калі адсюль дзьме вецер, то патыханне хімічнага раёну адчуваюць жыхары ўсяго Магілёву.
«Бліжэйшым часам паўднёвая прамысловая зона Магілёва будзе самым экалагічна праблемным пытаннем гораду. Яшчэ ў савецкі час там пабудавалі шэраг прадпрыемстваў «Магілёўхімвалакно», а ў апошні час дадалі яшчэ каля 20», – распавядае магілёўскі эколаг Леанід Платоненка.
Платоненка таксама пісаў зварот у Камітэт аховы навакольнага асяроддзя па Магілёўскай вобласці, з просьбай паінфармаваць, якія выкіды даюць усе гэтыя прадпрыемствы ў ваду і паветра, ці ёсць там адпаведныя лабараторыі, і як там правяраюць ачышчальныя збудаванні і мяняюць фільтры. Пакуль адказу няма.