Старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк выказаўся наконт адмены шматразовых адтэрміновак ад войска для працягу навучання. Дэпутат распавёў БелТА, што два гады адслужыў у разведвальнай роце, у армію пайшоў пасля другога курса, і гэта не перашкодзіла яму стаць пасля доктарам навук, прафесарам.
Фота з архіву«Наадварот, усяго дамогся, у тым ліку дзякуючы Узброеным Сілам», — сказаў ён і выказаў здзіўленне, што здаровыя мужчыны баяцца служыць у войску.
«Мой сын скончыў дзесяць класаў. Мала сумняваюся, што ён не будзе служыць», — дадаў парламентарый.
Ігар Марзалюк звярнуў увагу на тое, што адтэрміноўкі нярэдка выкарыстоўваліся не для павышэння прафесіяналізму, а як магчымасць ухіліцца ад войска. Дэпутат лічыць такую сітуацыю ненармальнай і ўпэўнены, што яе трэба выпраўляць, у тым ліку шляхам заканадаўчых мер.
Крыніца: “Наша ніва”