Галоўная » Палітыка і грамадства » Page 217

Беларуская мова ў Магілёве: перспектывы амаль не праглядаюцца

Пры захаванні цяперашней сітуацыі з беларускай мовай у Магілёве і Беларусі ў цэлым казаць пра яе росквіт немагчыма. Такую выснову можна зрабіць з прайшоўшага 11 лютага чарговага Гарадскога дыялогу, які арганізаваў Цэнтр гарадскіх ініцыятыў.

Каля трыццаці чалавек прынялі ўдзел у мерапрыемстве пад назвай «Праблемы і перспектывы развіцця беларускай мовы ў Магілёве», дзе экспертамі выступілі людзі, якія любяць, шануюць, спрабуюць распаўсюдзіць беларускую мову сярод магілёўцаў.


Тон дыскусіі адразу задаў першы па ліку эксперт Аляксей Гаўрыленка, які працуючы, у прыватнасці, касірам, размаўляў і на працы, і па-за яе па-беларуску. Так цягнулася пяць гадоў, але потым, паводле вядоўцы дыялогу Алеся Буракова, хлопец перайшоў на «нармальны язык». Як адзначыў Гаўрыленка, сітуацыя з беларускай мовай усё больш пагаршаецца. Людзі яе нават перастаюць разумець, нягледзячы на тое, што жывуць у Беларусі і вучылі гэту мову прынамсі ў школе. Такія абставіны і забілі жаданне ў Аляксея ўсюды карыстацца роднай мовай, хоць ён яе, паводле ўласнага сцвярджэнне, любіць і хацеў бы на ёй размаўляць.


«У нас цалкам рускамоўны горад, калі адыйсці ад «колаўскай» тусоўкі», – кажа малады чалавек, маючы на ўвазе пад «колаўскай» тусоўкай арганізацыі культурніцкай накіраванасці, якія так ці інакш звязаныя з грамадскім цэнтрам «Кола». «У Магілёве з мовай проста дно. У Мінску і Гродне сітуцыя лепшая», – зрабіў выснову Гаўрыленка.

З ім часткова пагадзіўся другі эксперт, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Міхась Булавацкі. Ён, праўда, адзначыў,  што яшчэ большым за Магілёў дном ёсць тыя ж Гомель і Брэст. Аднак, паводле Булавацкага, беларуская мова зараз становіцца мовай эліты. Вызначэнне, зразумела, лашчыць слых тых, хто хаця б імкнецца размаўляць па-беларуску. Але ж калі зважаць нават не на паўсюдную рускамоўнасць, а на прыведзеныя даныя сацапытання магілёўскага сацыёлага Юрыя Бубнава, да гэтай эліты сябе могуць далучыць толькі 6,4% мужчын і 4,5% жанчын, якія з 668 апытаных у 2018 годзе магілёўцаў аддалі перавагу беларускай мове.


Тэатральная моладзь цікавіцца нашай мовай сцвярджала трэці эксперт – літаратурны рэдактар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Вольга Семчанка. Паводле яе, зараз у тэатральным рэпертуары два спектаклі на беларускай мове. Праўда, некалькі год са сцэны Магілёўскага драмтэатра беларуская мова не гучала ўвогуле, распавяла Семчанка.

З тым, што Магілёў – гэта моўнае дно часткова пагадзіўся і саўладальнік кавярні «Шпаркі лось» Вадзім Бабкоў. Разам з тым ён лічыць, што сітуацыю трэба выпраўляць ужо зараз, таму для яго як бізнэсоўца «Шпаркі лось» гэта не толькі камерцыя, але і прасоўванне беларускай культуры і мовы.

Падчас дыскусіі прагучала выснова, што магілёўскі грамадскі сектар шмат чаго робіць для папулярызаці і пашырэння выкарыстання беларускай мовы. Гэта і намаганні ТБМ, у прыватнасці, па адкрыццю беларускіх класаў у школаў і груп у дзіцячых садках, і праекты ЦГІ па захаванні літаратурнай і гісторыка-культурнай спадчыны, і курсы «Мова нанова», і шмат чаго іншага. У той жа час улады дэманструюць абсалютную абыякавасць да беларушчыны. Адзінкі сярод чыноўнікаў у стане падтрымаць размову па-беларуску. І гэта пры тым, што практычна ўсё яны вучылі ў школах беларускую мову, а потым заканчвалі беларускія па тэрытарыяльнай прыналежнасці ВНУ.

Разам з тым, паводле Алега Дзьячкова – старшыні Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ, апошнім часам сітуацыя ў дычыненнях з чыноўнікамі палепшылася. Як сведчанне ён прывёў прыклад адкрыцця летась новых класаў і груп, дзе навучанне вядзецца па-беларуску. Варта адзначыць, што адкрываліся яны выключна па настойлівай ініцыятыве ТБМ і ўласна Дзьячкова.

Агулам па-беларуску ў Магілёве вучыцца і выхоўваецца прыкладна 70 дзяцей. «У класах навучаецца каля 25 чалавек, і дзве групы ёсць у садках – у адной 19, у другой – 24», – кажа Дзьячкоў. Пры гэтым ён па-свойму запярэчыў выснове, што Магілёў – моўнае дно. «Мне камфортна з беларускай мовай у Беларусі. Усе мяне разумеюць», – адзначыў грамадскі дзеяч, паабяцаўшы, што нас яшчэ чакае новая хваля беларусізацыі і будзе каму яе праводзіць.


Пакуль жа з высновай, што праводзімая ўладамі моўная палітыка зусім не спрыяе развіццю беларускай мовы пагадзіліся ўсё. І калі ўлады не зменяць сваё абыякавае стаўлення да яе, то мы па-ранейшаму будзем знаходзіцца ва ўмовах беларускамоўнай культурнай партызаншчыны. А тое, што беларускім і ў прыватнасці магілёўскім уладам абсалютна не патрэбна мова Коласа і Купалы, сведчыла і адсутнасць чыноўнікаў на дыскусіі, нягледзячы на запрашэнне.

Праўда, больш за адсутнасць чыноўнікаў удзельнікаў Гарадскога дыялогу 11 лютага ўразіла прысутнасць новых маладых твараў – навучэнцаў ліцэя №1, якія распавялі пра сваю прагу да беларускай мовы.


Уладзімір Лапцэвіч  

 Фота Алесь Сабалеўскі

Суд над Кастусёвым: 30 базавых велічынь за ўдзел у мерапрыемстве супраць інтэграцыі з Расіяй

10 лютага ў Шклове адбылося другое пасяджэнне суда над старшынёй партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым за ўдзел у несанкцыяваным мітынгу супраць інтэграцыі з Расіяй. Вынік суда – штраф у 30 базавых велічынь.

 Першае пасяджэнне адбылося 28 студзеня, але было перанесена з-за неяўкі сведкаў. Зараз у судзе падрыхтаваліся больш грунтоўна: сведкі, два міліцыянеры з Мінску, давалі тлумачэнні па справе і адказвалі на пытанні суддзі Святланы Баранцавай і Рыгора Кастусёва па скайпу з зала суда Савецкага раёна сталіцы.

Трэба сказаць, што, як і на першае пасяджэнне суда, Рыгора Кастусёва прыйшлі падтрымаць шматлікія сябры.

На судзе Рыгор Кастусёў выступаў без абаронцы (юрыдычную дапамогу забяспечыў вядомы праваабаронца Барыс Бухель), але зрабіў гэта на даволі прафесійным узроўні. Ва ўсялякім разе ён даказаў, што дакументы Маскоўскага г.Мінска і Шклоўскага  РАУС не даказваюць віны падсуднага. Пратаколы аформлены не акуратна, прозвішча Кастусёва перакручана, памылкі дапушчаны супрацоўнікамі абоіх РАУС. Адзін з фотаздымкаў нават быў прысабечаны да справы з іншага мерапрыемства і не ад 20.12.2019 года, калі адбыўся мітінг на плошчы Незалежнасці.

Тым больш, што аптымізму яму займаць не прыйшлося.

Рыгор Кастусёў наогул лічыць, што Пастанова аб прыцягненні да адказнасці за ўдзел у мерапрыемстве за адстойванне незалежнасці Беларусі не мае сілы. Тым больш, што дакументы Маскоўскага РАУС аформлены неналежным чынам, фактычна адсутнічаюць першастныя дакументы для ўзбуджэння справы супраць Кастусёва. Рыгор Андрэевіч зноў нагадаў аб парушэнні рада міжнародных дагавораў, падпісаных безагаворачна Беларуссю і якія зараз парушаюцца ў Шклоўскім судзе. Таксама звярнуў на адказнасць суддзі перад Законам, на неабходнасць прынцыповай ацэнкі сітуацыі, у тым ліку неабходнасці вынясення прыватнага вызначэння аб неналежным выкананні абавязкаў супрацоўнікам Шклоўскага РАУС маёрам Бугаёвым.

Першы сведка, Кашынскі Дзяніс, разумее беларускую мову і быў не супраць яго фатаграфавання ў скайпе.

Ён прысутнічаў ў якасці міліцыянта на несанкцыянаваным мітынгу 20.12.2019 года, на якім выступаў Рыгор Кастусёў. Але падыход трохі іншы ў інтэрпрэтацыі падзей – мітынг праводзіўся супраць інтэграцыі з Расіяй і ніводнага слова пра незалежнасць Беларусі. Прыгэтым ён адзначыў, што Рыгор Кастусёў парадку не парушаў, але чуў, як той сказаў “Жыве Беларусь”.

Другі сведка Палякоў Максім фатаграфаваць сябе забараніў. Але адзначыў, что Рыгор Кастусёў на мітынгу выступаў на беларускай мове (відаць, ўсе ж такі разумее).

Трэба сказаць, што падпісаныя пратаколы сведкаў былі складзены, як пад капірку. Выступы таксама асаблівай арыгінальнасцю не вызначаліся. На пытанні Рыгора Кастусёва абодвы сведкі адказвалі не зусім упэўнена.

Але у выніку суддзя Святлана Баранцава вынесла прыгавор: штраф 30 базавых велічынь.

А можа і праўда няма грошай у дзяржавы, бо прыцягваюць да адказнасці сапраўдных патрыётаў. Тады на самай справе трэба гучней казаць “Жыве Беларусь!”

Петр Мігурскі

Прыбіральшчыцы, якая атрымлівала 70 рублёў у калгасе, паднялі заробак. Цяпер яна мае 228 рублёў

Натальля Гусева, якая працуе прыбіральшчыцай у калгасе «Зара» Глускага раёну Магілёўскай вобласьці, паведаміла Свабодзе, што … чытаць далей

Магілёўскі абласны суд адмяніў рашэнне суда Дрыбінскага раёна і адправіў справу былога кандыдата ў дэпутаты на новы разгляд

У Магілёўскім абласным судзе 6 лютага адбыўся разгляд скаргі дрыбінскага актывіста Андрэя Юркова на пастанову суда Дрыбінскага раёна па адміністрацыйнай справе за распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі паводле  ч.2 арт.17.11 КаАП.

Нагадаем, што 23 снежня суд Дрыбінскага раёна пакараў штрафам у 10 базавых велічынь (255 рублёў) Андрэя Юркова за эмодзі “сумую” ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.

Суддзя Барыс Пігаль палічыў, што паставіўшы значок “сумую” пад ілюстрацыяй, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы, Андрэй Юркоў распаўсюдзіў  экстрэмісцкую сімволіку і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. На ілюстрацыі ў “Одноклассниках” утрымліваліся выявы савецкай і нацысцкай сімволікі, пасля таго, як актывіст націснуў “сумую”, дзякуючы алгарытму сацыяльнай сеткі допіс аўтаматычна з’явіўся на яго старонцы.

Сам Юркоў сцвярджаў, што ён не меў ніякага намеру распаўсюджваць чужы пост, а з дапамогай дыслайка выказваў негатыўнае стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў.

Андрэй Юркоў

У сваім выступе ў Магілёўскім абласным судзе Андрэй Юркоў звярнуў увагу на тры факты, – на тое, што малюнак, пад якім ён паставіў значок “сумую”, не ўваходзіць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі РБ; на тое, што, паставіўшы значок, ён не меў намеру здзейсніць нейкія злачынныя супрацьпраўныя дзеянні; а таксама на тое, што Канстытуцыя і беларускае заканадаўства дае яму права сумаваць і выказваць сваё асабістае негатыўнае стаўленне да нацысцкай і савецкай сімволікі.

Юркоў звярнуўся да абласнога суда з просьбай адмяніць пастанову суда Дрыбінскага раёна і спыніць адміністрацыйную справу ў адносінах да яго.

Суддзя Магілёўскага абласнога суда Аляксандр Іванкоў, заслухаўшы довады А. Юркова і кіруючыся п.3 ч.1 арт 12.9 ПВКоАП РБ, прыняў рашэнне адмяніць пастанову суддзі Барыса Пігаля аб пакаранні  А. Юркова штрафам у памеры 10 базавых велічынь, і накіраваў адміністрацыйную справу ў адносінах актывіста ў суд Дрыбінскага раёна на новы разгляд другому суддзі.

Копія рашэння суддзі А. Іванкова на працягу трох дзён будзе выслана Андрэю Юркову і ў суд Дрыбінскага раёна.

Падтрымаць А. Юркова ў абласны суд прыйшлі паўтара дзесятка грамадскіх актывістаў з Магілёва.

Сяргей Семяновіч