Манстрацыя – незвычайная і новая для Беларусі акцыя адбылася ў Магілёве 26 траўня. Шэсць чалавек выйшлі на своеасаблівую “антыдэманстрацыю” на пляцоўцы, што ўжо здаўна была выдзеленая ўладамі для правядзення грамадскіх мітынгаў, пікетаў і падобных мерапрыемстваў. Што адметна – акцыя на гэтым месцы была дазволена ўпершыню пасля семігадовага перапынку – апошні раз тут адбыўся “Славянскі марш” прыхільнікаў Расейскай імперыі ўвосень 2012 года.
Месца для правядзення падобных акцый у Магілёве – амаль закінуты стадыён па вуліцы Чалюскінцаў
143 рублі – столькі каштуе пастаяць на закінутым стадыёне
Для даведкі – упершыню Манстрацыя (ад лац. слова Monstratio – паказванне) адбылася ў Навасібірску ў 2004 годзе і сабрала каля 80 чалавек, і з тых часоў у Расіі праводзіцца штогод. Гэта масавая мастацкая акцыя ў форме паблік-арта, якая адбываецца як і дэманстрацыя – з лозунгамі і транспарантамі. Удзельнікі выкарыстоўваюць іх як асноўны сродак камунікацыі адзін з адным, з гледачамі, як сродак самавыяўлення і як мастацкую тэхніку. Манстрацыя – нешта сярэдняе паміж мастацкай дзейнасцю, сацыяльнай актыўнасцю і палітычным жэстам.
Першую магілёўскую Манстрацыю адкрывалі, як і мае быць, з усімі ўрачыстасцямі – была перарэзаная традыцыйная чырвоная стужка. Удзельнікі разгарнулі плакаты і транспаранты з самымі абсурднымі лозунгамі, а ўякасці “запрошаных гасцёў” прысутнічалі “знакамітасці” у выглядзе самаробных лялек з тварамі Бруса Уіліса, Элона Маска і Сашы Грэй. За парадкам пад час акцыі пільна сачылі чацьвёра супрацоўнікаў міліцыі і дзве прыгожыя медработніцы. З-за агароджы, каб не быць улічанымі за ўдзельнікаў, назіралі рэпарцёры і цікаўныя мінакі. Акцыя доўжылася каля паўгадзіны, ніякіх эксцэсаў за гэты час не адбылося, усё прайшло спакойна. Па заканчэнні ўдзельнікі прыбралі ўсе свае плакаты ды інсталяцыі, і ўдзячна пакланіліся глядачам гэтага сац-арт-перформансу.
Апошнія інструкцыі ад прадстаўніка праваахоўных органаў перад пачаткам акцыі атрымлівае праваабаронца Аляксандар Буракоў (справа) – адзін з арганізатараў Манстрацыі
Медыкі і міліцыя напагатове
Урачыстае адкрыццё першай гарадской Манстрацыі
Чырвоную стужку пераразае Алесь Буракоў – валанцёр “Вясны”
А цяпер можна і пастаяць – усё аплочана
Праваабаронца Барыс Бухель за “усю ўладу вусатым”
Яшчэ крыху лозунгаў
Ну тут і так “усё панятна”
У Магілёве Манстрацыю арганізавалі актывісты мясцовага філіялу праваабарончага цэнтру “Вясна”. Асноўная мэта падобнай акцыі, са словаў яе ўдзельнікакў – апрабаваць новы закон аб масавых мерапрыемствах і нагадаць пра месца, куды адпраўляюць ўсіх жадаючых правесці падобныя акцыі – на закінуты стадыён далёка ад цэнтру. Ну а паколькі гэта ўсё ж акцыя больш жартаўлівая, “несур’ёзная”, арганізатары яшчэ хацелі паказаць, што ў горадзе не хапае падобных іранічных мерапрыемстваў, якія хоць троху маглі дадаць разнастайнасці да ўжо звыклых афіцыйных імпрэзаў кшталту розных парадаў. А што датычна зменаў закону пра массавыя мерапрыемствы, то за гэтую акцыю арганізатары заплацілі 143 рублі, у тым ліку за “паслугі” міліцыі тры “базавыя”, плюс паслугі медыкаў за машыну хуткай дапамогі, і камунальнікаў – за прыборку пляцоўкі пасля акцыі. І гэта нават не канчатковая лічба, бо праваахоўнікі яшчэ могуць залічыць ва “удзельнікі” і рэпартораў, а калі колькасць перавысіць дзесяць чалавек, сума значна падвысіцца – да 25 “базавых велічынь”.
Можа ўсё ж жартаўлівых лялек не палічаць за ўдзельнікаў?
Як і рэпарцёраў з мінакамі за плотам :)
Але ўсё можа быць…
“Ну вы жэ самі ўсё панімаеце…”
Цікава – дазвол лажаць пад час акцыі трэба было атрымліваць?
Той выпадак, калі лепш не пляскаць…
Наступная падобная Манстрацыя, па заявах арганізатараў, будзе праводзіцца ў горадзе праз сем гадоў і, магчыма, стане традыцыйнай. Можа да таго часу зноўку нешта зменіцца ў законе аб массавых мерапрыемствах, але ўжо ў лепшы бок, і падобныя акцыі можна будзе праводзіць нават у цэнтры гораду, бясплатна, і без абсурдных “узгадненняў”.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара