3 лютага спаўняецца тры гады, як адышоў у іншы свет жыхар горада Шклова Лявон Яўхімавіч Аўчыннікаў. Гэты быў цікавы і добразычлівы чалавек, які валодаў вельмі глыбокімі і разнастайнымі ведам. Быў ён заўсёды нераўнадушны да шматлікіх падзей, якія адбываліся ў жыцці сучанага грамадства. Свае асабістыя погляды і меркаванні Лявон Яўхімавіч пачаў рашуча адстойваць яшчэ падчас службы на Балтыйскім флоце, у 1960 годзе ў складзе групы рабочых удзельнічаў у перамовах з адміністрацыяй Шклоўскай папяровай фабрыцы “Спартак” падчас страйку на гэтым прадпрыемстве. Быў актыўным прыхільнікам Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” ад моманту стварэння адпаведнай структуры ў горадзе Шклове.
Як чалавек, які нарадзіўся і амаль усё жыццё пражыў ў Шклове, Лявон Яўхімавіч вельмі любіў наш горад і наваколле. Яго ведалі і паважалі многія жыхары Шклова. У свой час Лявон Яўхімавіч напісаў артыкул пад назвай “Прыроду – пад корань?”, які быў надрукаваны ў раённай газеце “Ударны фронт” №67 ад 10 верасня 1994 года, дзе закрануў пытанні, па-ранейшаму вельмі актуальныя для жыцця сучаснага грамадства. У памяць пра гэтага чалавека сябры і аднадумцы вырашыла зноў нагадаць жыхарам Шклова тыя праблемы, якія хвалявалі Лявона Яўхімавіча больш як двадцаць пяць гадоў назад.
ПРЫРОДУ – ПАД КОРАНЬ?
Яшчэ памятаю той час, калі ў Шклове было шмат цудоўных мясцін для адпачынку грамадзян, дзе збіраліся такая вялікая іх колькасць, што, здаецца, нават паветра звінела, смяялася, гаманіла. Асабліва вызначаліся многалюднасцю тры мясціны: на бульвары, каля маста і “кругліца”. Гэтую назву памятаюць хіба толькі старажылы. Знаходзіцца “кругліца” за льнозаводам, насупраць “лысай гары”. Цяпер, бадай што, толькі тут можна неяк правесці вольную часіну, астатнія ж паволі адміраюць.
У перадваенныя гады цэнтральным месцам адпачынку быў пляж у раёне бульвара. Які там быў чысты сыпучы пясок! Дзятва ўдосталь напляскаўшыся ў рацэ, з разгону кідалася ў яго абдымкі і песцілася пад ласкавым сонейкам. Шклаўчане больш сталага ўзросту адпачывалі ў цяністай прахалодзе разгалістых дрэў. Цудоўна бавілі вольны час і маладыя: яны каталіся на лодках, што ў багатай колькасці меліся на лодачнай станцыі. Тут жа праводзіліся і спаборніцтвы па воднаму спорту.
Усё гэта было. Багаццем вялікім наша краіна не вызначалася, але сродкі для адпачынку грамадзян знаходзіліся. Як і па догляду бульвара. Таму ён меў прывабны і ўтульны выгляд.
Ваеннае ліхалецце нанесла гэтаму цудоўнаму кутку значны эстэтычны ўрон. Паправіць становішча яшчэ было можна, але ніхто да гэтага па-сур’ёзнаму не імкнуўся. А тут і Дняпро пачало мялець. Яго берагі ўсё надзейней стаў абжываць хмызняк. Спыніўся паток адпачываючых. Настаў момант, што і пляжам былую цудоўную мясціну назваць язык не паварочваецца.
Цяпер падзеі разгортваюцца такім чынам, што цэнтральны парк можа стаць зонай адпачынку хіба толькі для асобных грамадзян, якія як грыбы, вырошчваюць уласныя гмахі.
У сувязі з гэтым хочацца запытацца: як адважваюцца мясцовыя ўлады на дазвол разбурнэння грамадскіх мясцін адпачынку? У такім разе напрашваецца вывад, што іх больш хвалюе пытанне, як лепш дагадзць мясцовым князькам і каб не выклікаць іх няміласці.
Мяне як жыхыра Шклова больна раняць такія адносіны службовых асоб да горада і яго маляўнічых мясцін, якія даверыла нам прырода.
Дык хто мы на гэтай тленнай зямлі: гаспадары ці няўдзячныя госці?
Леанід Аўчыннікаў.
Падрыхтаваў да друку Алесь Грудзіна