Магілёўскія мясцовыя грамадскія актывісты, праваабаронцы і журналісты зладзілі ток-шоу “Расійская прапаганда: як з ёй змагацца, каб не страціць сваю краіну”. Мерапрыемства прайшло ў грамадскім цэнтры “Кола”, удзел у ім прыняло каля паўсотні чалавек.
Ток-шоу было арганізаванае 29 лістапада пры падтрымцы рэгіянальнага праваабарончага інтэрнэт-рэсурса mspring.online. У якасці экспертаў на мерапрыемстве выступалі блогер, актыўны змагар з расійскімі прапагандысцкімі міфамі, галоўны рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс і сябра ГА “БАЖ”, карэспандэнт агенцтва Deutsche Welle, вядомы магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы).
Мадэратарам выступіў журналіст Аляксандр Буракоў (малодшы).
Падчас ток-шоу магілёўцы актыўна дыскутавалі пра небяспеку і аб’ёмы расійскай прапаганды, як з ёй змагацца і што супрацьпаставіць. Магілёўцы лічаць, што гэта пытанне актуальнае не толькі для Магілёва, а і для ўсёй Беларусі. З экранаў для беларусаў вяшчаюць дзясяткі расійскіх каналаў, сацсеткамі «Аднакласнікі» і «УКантакце» карыстаюцца мільёны нашых грамадзян, рэсурсы накшталт «Спутник-Беларусь» набіраюць усё большую папулярнасць. Расія выдаткоўвае аграмадныя рэсурсы на прапаганду каштоўнасцей кіруючага пуцінскага рэжыму.
Ужо зараз значная частка магілёўцаў займае прарасійскія пазіцыі. Апошні Форум рэгіёнаў паказаў, наколькі моцна любяць расійскага лідара ў Магілёве. Сам Лукашэнка называе горад «больш расійскім, чым беларускім». Падчас ток-шоу выказваліся самыя розныя меркаванні, якім чынам супрацьдзейнічаць расійскай прапагандзе, успыхвалі палкія спрэчкі наконт таго, якая нацыянальная ідэя патрэбна Беларусі, чым адрозніваецца жыццё ў Мінску і рэгіёнах, наколькі культурны Магілёў і г. д.
Але скончылася дыскусія мірна. Удзельнікі ток-шоу прыйшлі да агульнай высновы, што ў Беларусі патрэбна вырабляць больш сваёй інфармацыйнай прадукцыі, укладваць сродкі ў эфектыўныя беларускія інфармацыйныя праекты, рабіць больш якасны кантэнт.
https://www.facebook.com/mogilevreport/videos/260375851299957/?t=0
Крыніца: baj.by