Галоўная » Раёны » Навіны Глуска » Page 7

Доктар “інфекцыёнкі” з Глуска: рэспіратар выдалі адзін раз — больш за месяц таму

Да пандэміі каранавіруса ў раённай бальніцы Глуска не існавала інфекцыйнага аддзялення. Яго адкрылі ў пачатку красавіка. Каля дзесяці спецыялістаў сочаць там за станам здароўя тых, хто не можа знаходзіцца дома ў самаізаляцыі. Іх няшмат, але яны ёсць, паведамляе Еўрарадыё.

Па словах крыніцы, якая пажадала застацца ананімнай (“Глуск маленькі — задушаць”), спецыялістаў інфекцыйнага аддзялення абдзяляюць сродкамі індывідуальнай аховы. Тое, што прывозяць у бальніцу валанцёры, туды не даходзіць. Рэспіратар і камбінезон выдалі толькі адзін раз — у пачатку красавіка:

— У дактароў ёсць усё, яны кожны дзень мяняюць СІА, нават не кантактуючы з “кавіднымі” людзьмі. А вось медперсанал з “кавіднага” аддзялення — санітаркі, медсёстры, лабаранты — яны проста “голыя”! У паліклініцы ўсе аснашчаны і шчыткамі, і рэспіратарамі, і камбінезонамі, і халатамі, і пальчаткамі, і бахіламі, усё як мае быць. Але ў іх няма такой атакі інфікаваных людзей. Яны прыйшлі і пайшлі. Але чамусьці персанал адзяваюць. Дактары без памяці мяняюць гэтыя рэспіратары. А спецыялісты, якія ў аддзяленні, дзе пастаянны кантакт з інфікаванымі, вымушаныя вось так…

Медыкі пацвярджаюць гэтую інфармацыю, але таксама просяць не называць імёнаў.

— Мне выдалі рэспіратар больш за месяц таму, як і іншым. Мы іх ужо некалькі разоў мылі, кварцавалі іх. Але ніхто не ведае, ці працуе гэты рэспіратар пасля такіх маніпуляцый.

У цяперашніх умовах амаль усе аднаразовыя рэспіратары ператварыліся ў шматразовыя, хоць у інструкцыях да большасці з іх няма ні слова пра тое, што іх можна мыць або кварцаваць. У рэкамендацыях сказана, што можна абеззаражваць парай этылавага спірту або нагрэвам да 60 градусаў. Гэта не пашкодзіць, але не факт, што дапаможа.

У валанцёрскай ініцыятыве # BYCOVID19 расказалі, што з пачатку пандэміі яны перадалі адміністрацыі бальніцы ў Глуску 1500 сродкаў аховы, у тым ліку 800 рэспіратараў:

— Мы перадаём іх галоўнаму доктару або старшай медыцынскай сястры, там афармляюць загад аб прыняцці бязвыплатна перададзенага тавару ў дзяржаўную ўласнасць. І ў бальніцы іх ужо самастойна размяркоўваюць.

Медыцынскі работнік адзначае, што СІА могуць пакідаць на запас, на будучыню.

З пытаннем “Чаму да работнікаў інфекцыйнага аддзялення не даходзяць рэспіратары?” мы звярнуліся да галоўнага доктара Глускай цэнтральнай раённай бальніцы Ірыны Пятровай. Але дыялог атрымаўся не вельмі змястоўны.

— Па-першае, 1500 сродкаў аховы нам ніхто не перадаваў і 800 рэспіратараў валанцёры нам таксама не перадавалі. Вы ведаеце, нічога вам не раскажу, таму што ёсць бухгалтэрыя, ёсць парадак. Я наогул не бачу, хто мне тэлефануе і з кім я размаўляю. Вы ведаеце, я нічога вам не павінна. Дайце мне паперу, што я вам павінна такую інфармацыю даць.

— У нас ёсць пацверджаная інфармацыя, што валанцёры далі вам 1500 сродкаў аховы…

— Ну вось якія валанцёры далі, хай такую інфармацыю і дадуць. Хто нам даў 800 рэспіратараў?

— Ніколькі не давалі?

— 800 ніхто не даваў. 

Аднак у валанцёрскай арганізацыі знайшоўся дакумент, які пацвярджае, што 800 рэспіратараў былі бязвыплатна перададзеныя ва ўласнасць ЦРБ. Падпісаны ён галоўным доктарам Пятровай.

Ужо з пацвярджэннем зноў звяртаемся да галоўнага доктара.

— Вы ведаеце… Супрацоўнікі атрымліваюць сродкі аховы, у дастатковай колькасці. Акрамя рэспіратараў, маса масак і ўсяго. Канкрэтна хто вам гэтую інфармацыю даў? Калі трэція асобы, дык разбірайцеся з імі, гэта інфармацыя неверагодная! Мы забяспечаны выдатна, усімі СІА, і вас яшчэ можам адзець, — змяняе гнеў на міласць Ірына Пятрова. — І вам яшчэ можам даць рэспіратар. А трэціх асоб адпраўляйце да мяне. Даруйце мне, тыя лайдакі, якія сядзяць і рукі грэюць на гэтай сітуацыі, атрымліваюць грошы шалёныя, яшчэ і пачынаюць схіляць невядома каго…

Па яе словах, у інфекцыйным аддзяленні ўсё ў парадку і створаны там санаторныя ўмовы.

— І не задавайце дурных пытанняў, — працягвае галоўны доктар. — Калі вы кантрольны орган — прыязджайце і правярайце. Ёсць пратакол даручэння прэзідэнта, так, і ёсць органы, якія будуць правяраць, каму што выдадзена і ў якой колькасці. Гэта не ваша справа.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 7 красавіка сказаў, што дактароў трэба абараняць: “Гэта не работа, што доктар без пальчатак, без маскі прымае ў паліклініцы, дзе б там ні было. Ён павінен хоць бы мінімальна быць абаронены”. Але, мабыць, у Глускай раённай бальніцы літаральна зразумелі слова “мінімальна”.

Паводле звестак канцэрна “Беллегпрам”, у пачатку траўня попыт на ахоўныя вырабы ў Беларусі быў цалкам задаволены. Па статыстыцы канцэрна, з лютага 2020 года ў Беларусі выпушчана каля 31,5 млн ахоўных масак. Нядаўна стала вядома, што “Беллегпрам” прадасць каля 1 млн масак у Расію і ў Германію.

У той жа час дзясяткі валанцёраў працягваюць забяспечваць медыкаў па ўсёй краіне сродкамі індывідуальнай аховы. Як кажа Надзя Людчык, каардынатар валанцёрскага праекта #BYCOVID19, наўрад ці можа ўзнікнуць сітуацыя, калі хапае ўсяго і ўсюды. Таму дапамога валанцёраў будзе заставацца актуальнай.

Фота: Еўрарадыё

У некалькіх раёнах Магілёўшчыны ад пачатку года рэзка павялічылася колькасць смерцяў. У Глуску — утрая

Белстат апублікаваў статыстыку па колькасці нараджэнняў і смерцяў у першым квартале 2020 года ў параўнанні з леташнім … чытаць далей

Як жывуць вёскі ў Глускім раёне побач з Веснаўскім домам-інтэрнатам, які закрылі на каранцін?

«Асяродак COVID-19 у нас выявілі ў Веснаўскім доме-інтэрнаце», – так кажуць жыхары Глуску і вёсак у Глускім раёне на Магілёўшчыне. «Белсат» прыехаў у дом-інтэрнат, што за 1 км ад вёскі Веснава, каб спраўдзіць сітуацыю з хворымі.

Першая інфармацыя пра тое, што ў Веснаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з’явілася на ірландскім тэлеканале RTE. Пра гэта паведаміла кіраўніца Міжнароднага фонду «Дзеці Чарнобыля» Эдзі Рош. Журналісты «Белсату» паехалі ў сам дом-інтэрнат, які знаходзіцца каля вёскі Веснава ў Глускім раёне.

На ўваходзе ў Веснаўскі дом-інтэрнат, што каля Глуску, – пост міліцыі, перад зачыненай брамкай – посцілка для дэзынфекцыі абутку, на плоце – аб’ява пра каранцін.

На ўваходзе ў дом-інтэрнат ляжыць ануча для дэзінфекцыі абутку

Дырэктар установы Вячаслаў Клімовіч, які раней неаднаразова адмаўляўся ад каментароў недзяржаўным СМІ, быў прадказальны і адмовіў у каментары і «Белсату», спаслаўшыся на адсутнасць вольнага часу. Амапавец на ўваходзе – прапаршчык міліцыі Аляксандр Гупала – паведаміў, што праз каранцін ніхто з журналістамі размаўляць не будзе.

Амапавец на ўваходзе – прапаршчык міліцыі Аляксандр Гупала

Пры гэтым ён вёў гучную размову з невядомай асобай па тэлефоне, прадметам размовы стаў знешні выгляд журналістаў, апісанне іх абсталявання, машыны і ўсіх дзеянняў. Каб дакладна запомніць, «ці доўгія, ці кароткія валасы ў журналісткі» і «якога колеру яе паліто», Аляксандр Гупала дастаў мабільны тэлефон і сам ператварыўся ў фатографа.

Веснаўскі дом-інтэрнат

На пустцы, дзе знаходзіцца Веснаўскі дом-інтэрнат, у яснае надвор’е і пры адсутнасці ветру, любыя размовы вельмі добра чуваць нават на вялікай адлегласці.

Часта з рацыі амапаўца даносілася адное і тое ж пытанне: «Ну, што яны там робяць, што робяць?» Напэўна, амапавец, мусіў адказаць нешта накшталт: «ходзяць», «стаяць» і «глядзяць».

Пакуль мы гублялі час з амапаўцам, за плотам Веснаўскага дому-інтэрнату ішла ажыўлённая праца: людзі ў спецкасцюмах грузілі мяхі ў машыну, мылі дзверы і вокны, перавозілі дзяцей па тэрыторыі. Як толькі мы дасталі камеру, усе разбегліся. Адныя рабілі сціплыя спробы выйсці са свайго ўкрыцця, але хутка беглі назад, другія проста назіралі за намі праз вокны. Чаму людзі ў поўнай супрацьвіруснай амуніцыі, якая цалкам закрывае нават твар, баяліся перасоўвацца па сваёй тэрыторыі, выконваць свае прафесійныя абавязкі і хаваліся ад камеры, застаецца загадкай.

Растаплю баньку, папаруся і здохне гэты каронавірус!

– Ніякай інфармацыі няма. Да нас даходзяць навіны толькі па сарафаннаму радыё. Ад людзей, якія працуюць у Веснаўскім доме-інтэрнаце, – кажа жыхар вёскі Веснава Юрый Ушакоў. Па яго разліках, ва ўстанове працуюць людзі з навакольных вёсак Даколь, Клетнае і Турыно, а таксама з Глуску. – Закрылі гэтых санітарак там, 2 тыдні ў інтэрнаце, а пасля будуць дома. Некаторыя супрацоўнікі, напрыклад з вёскі Старына, сядзяць дома пад арыштам пад гэтым, ну, на самаізаляцыі. А як дзеці хворыя перанясуць, не ведаю, вельмі складана ім будзе.

Жыхар вёскі Веснава Юрый Ушакоў

Веснаўскі фельчар, паводле Юрыя, таксама захварэла на каронавірус: зараз жанчына знаходзіцца ў больніцы ў Бабруйску, ёй шукаюць замену.

Сам спадар Юрый не хвалюецца. Ён пабачыў па тэлевізары, што каронавірус баіцца спёкі.

– Раз баіцца спёкі, то ў мяне банька ёсць, ёсць венікі. Растаплю баньку, папаруся і здохне гэты вірус! – з усмешкай прамаўляе Юрый.

Раніцай устану – памалюся

Жыхарка Веснава Любоў Долбік даглядае за інвалідам, сястра якога зараз на каранціне:

– Ягоная сястра Света працуе ў Веснаўскім доме-інтэрнаце, яе зачынілі там на 14 дзён. І ўнутры іх там таксама ізалявалі, разбілі па групах. Ну, я не ведаю, як яны гэта зрабілі, пральня там усё адно адна на ўсіх. Света мне кажа, што яны не бачаць адзін аднаго. Закрыта ўстанова ўжо 7 дзён. Мы таксама пад страхам, баімся. У мяне маскі, дэзсродкі – усё з сабой. У мяне дзеці, унукі, гэта не дай Бог. Раніцай устаю – памалюся, каб Бог уратаваў нашых людзей ад гэтай хваробы.

Жыхарка Веснава Любоў Долбік

Мы засталі Любоў на надзеле сястры мужа. Жанчына прыйшла саджаць за яе бульбу, каб сястра заставалася ў Глуску і не ехала пакуль што да родных. Маўляў, неабходна перастрахавацца і захоўваць дыстанцыю.

Другая ўспышка каронавірусу, паводле Любові, узнікла ў суседняй вёсцы Турыно.

– У Турыно шмат людзей сем’ямі хварэюць. Адтуль наша фельчар, якая таксама захварэла. У нас у Веснаве, здаецца, пакуль няма хворых. Але ўсё роўна я ўсё праціраю, вымываю, каб не заразіцца самой і інваліда свайго не заразіць, – кажа Любоў.

Іншая жыхарка вёскі Веснава Ала Барабаш больш спакойна ставіцца да сітуацыі:

– У нас тое самае, што і па ўсёй краіне, нічога страшнага не адбываецца. Проста што ірландцы, якія курыруюць інтэрнат, паднялі такую праблему глабальную. Але ў інтэрнаце ўсё зрабілі правільна, таму праблемы няма. Ніхто з хворых, наколькі мне вядома, у рэанімацыю не патрапіў, усе на хатнім лячэнні.

Жыхарка вёскі Веснава Ала Барабаш працуе медсястрой

Ала сама працуе медсястрой у Глуску.

– Гарантый ніхто не дае, мы ж віруса не бачым. Меры прафілактыкі ў любым разе трэба выконваць, а там ужо як Бог дасі, – кажа яна на развітанне.

Цэнтр культуры ў Глуску адмяніў усе кінапаказы з 22 красавіка па 6 траўня

Паколькі ўсе суразмоўцы сказалі, што шмат хворых на каронавірус ёсць у суседняй вёсцы Турыно, мы накіраваліся туды. Паміж вёскамі – каля 5 км. У адрозненні ад Веснава, дзе толькі адна вуліца і 15 жылых дамоў, у Турыно жыве нашмат больш людзей. Тут ёсць і дом культуры, і ФАП, і бібліятэка, але ўсё падчас эпідэміі зачынілася, працуе толькі крама. Туды і заходзім.

– Я чула, што ў нас з каронавірусам 3 чалавекі, яны ў бабруйскай больніцы зараз. У нас першая захварэла лабарантка, яна заразілася ад кіроўцы з Асіповічаў. Яшчэ ёсць людзі, якія зараз дома на самаізаляцыі знаходзяцца, – сказала жанчына, якая прыйшла ў краму па прадукты.

Крама ў вёсцы Турыно

Прадаўцы таксама пацвердзілі гэтую інфармацыю:

– У нас вельмі шмат людзей, якія працуюць у Веснаўскім доме-інтэрнаце, яны ўсе зараз сядзяць па хатах. Суседзі прыходзяць за прадуктамі для ніх і ім прыносяць. У больніцу забралі жанчыну з запаленнем лёгкіх і другую жанчыну, у якой дыябет і высокі ціск.

Сродкі індывідуальнай абароны – маскі і антысептыкі – у продажы ў краме на самым бачным месцы. Прадаўцы самі былі ў масках, а вось пакупнікі – не ўсе. Паводле прадаўцоў, зараз людзі ўжо трошкі супакоіліся.

Першае месца ў Глуску, у якое мы патрапілі, была аўтастанцыя. Па пустой залі чакання разносіцца голас мужчыны, ён камусьці распавядае па тэлефоне, што яго знаёмую забралі з каронавірусам прама з працы. У кавярні паведамляюць, што з-за гэтага вірусу большасць кафэ зачынілі, амаль што не працуе рынак, Дом культуры.

Людзей на вуліцах Глуску паменела. Гэта адзначаюць усе нашыя суразмоўцы

Першыя мінакі, якіх мы спынілі, прызналіся, што ў Глуску хаваюцца ад вірусу:

– Прыехалі з Менску 16 сакавіка. Тут менш людзей. Плюс у сталіцы мы жывём у інтэрнаце з агульнай кухняй, гэта вельмі небяспечна. Мы і ў Глуску амаль нікуды не выходзім. У нашым пад’ездзе не бачылі, каб нешта апрацоўвалі, а вось мама кажа, што ў іх ужо задыхнуцца можна ад хлёркі. У іх у пад’ездзе ёсць выпадак каронавірусу. Мужчына прыехаў з Масквы, кажуць, заразіўся там, – сказала Аксана, якая ішла з мужам і дзіцём.

Сям’я Аксаны на час эпідэміі з’ехала ў Менску ў Глуск

На думку Аксаны, вірус усё роўна закране ўсіх, так што збягаць асаблівага сэнсу няма. Напрыканцы траўня сям’я збіраецца вяртацца назад у Менск да звыклага жыцця.

Пенсіянерка Марыя Аркадзеўна стараецца сядзець дома і таму нічога не ведае. Яе знаёмых і родных вірус не закрануў. Па сведчаннях жанчыны, у Глуску стала цішэй і менш людзей на вуліцах.

Крама ў Глуску

У краме «Цэнтральны» прадавачкі наракаюць на змяншэнне колькасці пакупнікоў. Затое, кажуць, чэкі ў людзей павялічыліся.

– Мы адчуваем небяспеку, бо да нас у краму ходзяць працаўнікі Веснаўскага дому-інтэнату. Яны знаходзяцца на каранціне, але ім можна выходзіць у краму. І вось мы гэтага баімся. Мы хочам, каб яно сышло хутчэй, а нічога не сыходзіць, усе людзі хвалююцца, – сказалі прадавачкі ў глускай краме.

Паводле прадавачак, вірус вакол:

– У маім пад’ездзе 3 сям’і. Якія кантактнікі – на дамашнім каранціне, а якія захварэлі – у больніцы ў Бабруйску. Адна жанчына працуе ў лабараторыі, бярэ кроў з пальца. Яна захварэла ад працаўнікоў ДЭУ-73, якія прыходзілі да яе на аналіз. У мяне пад’езд медсясцёр і супрацоўнікаў ДЭУ, сярод іх шмат хворых.

Глуская цэнтральная раённая больніца

Напрыканцы накіроўваемся ў Глускую раённую больніцу. У адным будынку з больніцаю знаходзіцца і паліклініка. На ўваходзе выстаўлены пост, за якім кожнаму наведніку мераюць тэмпературу пры дапамозе бескантактнага тэрмометру. Робіць гэта супрацоўнік у спецкасцюме.

На ўваходзе ў паліклініку ўсім мераюць тэмпературу бескантактным тэрмоментрам

Малады чалавек, які прыйшоў на прыём да тэрапеўта, кажа:

– У мяне з’явіліся ўсе прыкметы каронавірусу. Узнялася тэмпература і я перастаў адчуваць пахі. Тэст на каронавірус мне ніякі не рабілі, выпісалі лекі ад прастуды. Як свядомы чалавек, да наступнага прыёму буду сядзець дома, нікуды не буду выходзіць.

Маладому чалавеку паведамілі, што, каб здаць тэст на каронавірус, трэба стаць на чаргу ў санстанцыю.

Жыхары Глуску

У прыёмнае аддзяленне ўваход для наведнікаў зачынены, туды можа патрапіць толькі персанал. Нават перадачкі для хворых не прымаюць – няма як іх апрацаваць.

Мы звярнуліся па каментар да галоўнага лекара Глускай раённай больніцы Ірыны Пятровай:

– Мы не кампетэнтны ніякую інфармацыю вам даваць. Я з вамі не буду размаўляць, таму што маю на гэта права. Звярніцеся ў Міністэрства аховы здароўя» – адказала лекарка і зачыніла зверы.

Прыёмнае аддзяленне Глускай раённай больніцы. Уваход толькі для медперсаналу

– У нас усё – дзяржаўная таямніца, – пракаментаваў татальную інфармацыйную ізаляцыю іншы супрацоўнік больніцы.

– Нават колькі гнілой саломы ў калгасе – і тое не скажуць, – пажартаваў невядомы чалавек у ахоўным камбінезоне.

Фота: Belsat.eu

Вольга Васільева Belsat.eu

Могилевский облисполком признал наличие заболевших коронавирусной инфекцией в Весновском доме-интернате

Как сообщили в комитете по труду, занятости и социальной защите населения Могилевского облисполкома, в домах-интернатах … чытаць далей

У доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў на Магілёўшчыне каранавірус у 23 чалавек

Успышка каранавіруса зарэгістраваная ў Веснаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Установа размяшчаецца ў … чытаць далей