Целенаправленная работа областного руководства в отрасли животноводства, пожалуй, дает положительные результаты. Во всяком случае, ежедневная … чытаць далей
За последние годы в Климовичском районе было закрыто довольно много школ в сельской местности. Были ликвидированы учебные заведения в Павловичах, Судилах, Осмоловичах, Гусарке, Высоком и других деревнях. О масштабах этого негативного явления можно судить по следующему факту. Для подвозки сельских учащихся к месту учёбы районному отделу образования пришлось создать настоящий автобусный парк. Ещё несколько лет назад для этих целей было задействовано 9 школьных автобусов, которые осуществляли подвоз 300 детей из 45 населенных пунктов. Что же касается сегодняшней ситуации со зданиями некоторых бывших школ, то её иначе как шокирующей не назовёшь.
50-гадовая мэдсястра Сьвятлана Зарубская з 16-тысячнага райцэнтру Клімавічы, што на ўсходзе Магілёўшчыны, стала чарговай ахвярай каранавірусу.
Па падліках Свабоды, прынамсі 23 беларускія мэдыкі загінулі падчас пандэміі каранавірусу. Афіцыйнай інфармацыі ад Міністэрства аховы здароўя наконт гэтага няма.
Старшая мэдсястра Клімавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы памерла 10 чэрвеня. У пасьведчаньні аб сьмерці пазначана хвароба сэрца. Паводле яе дзяцей, у гісторыі хваробы фігуруе і COVID-19, распавядае Радыё Свабода.
Пра Сьвятлану Зарубскую. Сьцісла
Нарадзілася ў вёсцы Клеявічы Касьцюковіцкага раёну. Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС паселішча трапіла ў зону адсяленьня. Жыхароў перасялілі ў чысьцейшыя мясьціны.
Скончыла Бабруйскі мэдычны каледж. У Клімавіцкую раённую бальніцу трапіла па разьмеркаваньні і адрабіла ў ёй 29 гадоў.
Штогод адведвала зь дзецьмі родныя мясьціны. Апошні раз пабывала там сёлета. Наведала магілы бацькоў і прайшлася зарослымі вуліцамі бязьлюднай вёскі.
Любіла экспэрымэнтаваць у гародзе зь ляндшафтным дызайнам. Захаплялася шыцьцём і вышываньнем.
У шлюбе была больш за дваццаць гадоў. Выгадавала дваіх дзяцей.
«Чакала ўнукаў…»
Зь дзецьмі Сьвятланы Зарубскай — Вікай, Арцёмам — гутарым у гарадзкім парку Клімавічаў, у якім любіла бавіць час маці. З намі і Арцёмава нявеста Насьця. Суразмоўцы згадваюць, што яна настойліва «выцягвала ў парк сябровак» на імпрэзы міжнароднага фэстывалю дзіцячай творчасьці «Залатая пчолка», каб тыя адпачылі ад клопату будзённасьці. Сёлета фэст адмянілі праз каранавірус.
Віка паказвае фатаздымкі зь сямейнага альбома, на якіх Сьвятлана Зарубская — засяроджаная на працоўным месцы ў белым халаце, з усьмешкай у кампаніі з калегамі на прыродзе, задаволеная ў гародзе сярод кветак і шчасьлівая зь дзецьмі.
«Маме падабалася рабіць іншым сьвяты, — апавядае са сьлязьмі Віка. — Яна была сярод ініцыятарак калектыўнага адзначэньня з калегамі на прыродзе Дня мэдыка. Сваю прафэсію любіла і ня раз паўтарала, што пайшла ў мэдыкі, каб ратаваць людзей. Яе цаніла начальства, паважалі калегі і любілі пацыенты».
Па словах Арцёма, яны пагадзіліся на гутарку са спадзевам, што гэта дапаможа людзям быць пільнымі з каранавірусам. Ён прызнаецца: калі б ведалі, наколькі гэтая хвароба небясьпечная і што яна забярэ ў іх маці, то дзейнічалі б інакш.
Віка і Арцём кажуць: нават у думках не маглі дапусьціць, што іхная маці сканае ў самоце, праляжаўшы на бальнічным ложку больш за месяц. Яны штодня тэлефанавалі ў магілёўскую лякарню, спадзеючыся, што ёй стала лепей.
«Калі б нам хоць трошку далі пабыць пры маці, то гэта надало б ёй сілаў змагацца зь немаччу», — кажа Арцём. — Ёй было настолькі кепска, што толькі зрэдку вярталася прытомнасьць. Месяц ляжала пад апаратам штучнага дыханьня. Нам казалі, што ёй час ад часу станавілася лепей, але такі стан, папярэджвалі, нестабільны. Незадоўга да скону ў яе адступілі праблемы з ныркамі і, паводле мэдыкаў, больш не выяўляўся каранавірус, а толькі яго наступствы. У нас зьявілася надзея, а потым мамы ня стала…»
Віка кажа: яны з братам спадзяваліся, што маці пражыве яшчэ гадоў трыццаць ды наняньчыцца з унукамі, якіх дужа чакала. Сёлета на 19 чэрвеня ў Арцёма з Насьцяй мелася адбыцца вясельле, але яго адклалі праз каранавірус.
Памерла Сьвятлана Зарубская 10 чэрвеня. У моргу дзецям далі пабачыць маці, але разьвітваліся зь ёю ў закрытай дамавіне.
Каранавірус згадваецца ў гісторыі хваробы
Віка і Арцём настойваюць: каранавірусам маці заразілася на працы. Такую выснову яны зрабілі з аповедаў ейных калегаў. Паводле іх, у траўні ў раённую бальніцу даставілі 25-гадовага мужчыну, які прыехаў з Расеі. У яго была высокая тэмпэратура, і яму было дужа кепска. Апекаваліся пацыентам трое мэдыкаў, сярод якіх была і Сьвятлана Зарубская. Яна выказала думку, што ў мужчыны каранавірус, але да словаў мэдсястры не прыслухаліся.
«Сродкаў засьцярогі ў бальніцы ў неабходнай колькасьці не было, і пра гэта нам казала маці, — згадвае Арцём. — Тады эпідэмія ў Беларусі хоць ужо і пашыралася, але ў такіх райцэнтрах, як Клімавічы, стаўленьне да яе не было адэкватным. У выніку ўсе трое мэдыкаў, якія прымалі хворага, заразіліся».
Па словах Вікі, спачатку ў маці выявіліся сымптомы прастуды. На іх не зьвярнулі ўвагі, бо насмарк успрынялі як рэакцыю арганізму на вільготнае надвор’е. Яна хадзіла на працу, але праз колькі дзён адчула сябе кепска: пачало ламіць косткі, паднялася тэмпэратура. І толькі тады выклікалі лекара.
Віка кажа: тры дні маці ляжала ў інфэкцыйным аддзяленьні раённай бальніцы, дзе працавала. Калі стан пагоршыўся да крытычнага, яе перавялі ў рэанімацыю, а потым завезьлі ў інфэкцыйную лякарню Магілёва. Там прабыла месяц. Дзеці вазілі маці адмысловае харчаваньне і вітаміны, але гэта не ўратавала.
У пасьведчаньні аб сьмерці Сьвятланы Зарубскай каранавірус як прычына скону не пазначаны. У адпаведным разьдзеле дакумэнту стаіць код I25/1A. У міжнароднай кваліфікацыі захворваньняў ён адпавядае разьдзелу «ішэмічная хвароба сэрца». Па словах дачкі нябожчыцы, у пасьмяротным эпікрызе (заключнай частцы гісторыі хваробы) згадваецца COVID-19 як спадарожная хвароба. Віка кажа, што эпікрыз памерлага выдаецца толькі на патрабаваньне родных.
«Цяпер у пасьведчаньні аб сьмерці ня пішуць, што чалавек сканаў ад каранавірусу», — адзначае дзяўчына.
«Спачатку ў мамы дыягнаставалі двухбаковую пнэўманію, а затым мэтастазы перакінулася на ныркі, мачаточнік, быў унутраны крывацёк. У эпікрызе было адзначана, што ў мамы была высокая рызыка кровазьліцьця ў мозг», — кажа Арцём.
У раённую бальніцу сродкі засьцярогі завезьлі толькі пасьля сьмерці мэдсястры
Сьвятлана Зарубская — не адзіная ў Клімавічах ахвяра каранавірусу, кажуць яе дзеці. Паводле іх, вядома прынамсі яшчэ пра адну жанчыну, якая памерла з той жа прычыны. Але іхная маці стала першым мэдычным работнікам, каго забраў COVID-19. Віка і Арцём кажуць, што гэта шакавала жыхароў.
«Мы ж не былі адной з апошніх краінаў, куды прыйшоў каранавірус, — абураецца Арцём. — На прыкладзе іншых маглі падрыхтавацца. Але ўлада нічога не зрабіла, каб перашкодзіць распаўсюджваньню пандэміі. Яна ня толькі не абвясьціла карантын, але не арганізавала інфармаваньне людзей. У мэдыкаў не было сродкаў засьцярогі. Так, зразумела, наша мама ўсё роўна б была на перадавой, але ведала б ворага ў твар. А так выйшла, што нават мэдыкі каранавірус не ўспрымалі як пагрозу і меркавалі, што ён да іх не дабярэцца».
Па словах мэдыкаў раённай бальніцы, зь якімі ўдалося пагутарыць, цяпер яны забясьпечаныя неабходнымі сродкамі абароны. Суразмоўцы прызнаюцца, што ў лякарню неабходнае завезьлі па сьмерці Зарубскай.
На погляд Арцёма, які стала жыве ў Санкт-Пецярбургу, беларуская мэдыцына не была падрыхтаваная да пандэміі. У гэтым ён вінаваціць кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, які «меўся належным чынам рэагаваць на пагаршэньне санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне».
«Добра, ты, ня ўвёў карантыну. Але бачыш, што сытуацыя пагаршаецца, дык прызнай памылку і зрабі адпаведныя захады, каб выправіць сытуацыю, — разважае Арцём. — Але пакуль ён дэманструе, што ня цэніць жыцьці іншых людзей, і настойвае, што ягоная пазыцыя застаецца слушнай».
«Кіраўнік дзяржавы ня цэніць жыцьці людзей…»
У саміх Клімавічах багата людзей ходзяць на вуліцы ў масках, ссунутых на падбародзьдзе. Прыкрываюць імі нос і рот, толькі як заходзяць у памяшканьне. У аўтобусах і маршрутках большасьць езьдзіць бяз масак.
Віка і Арцём кажуць, што на каранавірус перахварэлі бацька, дзядзька, ягоная жонка, сын, а таксама бабуля. Яны лічаць, што родзічы маглі заразіцца і не ад маці, а першакрыніцу хваробы адшукаць у Клімавічах складана. Па іхных словах, пасьля сьмерці маці суседзі і знаёмыя іх не цураюцца, а спагадаюць.
Арцёму незадоўга да пераводу маці на апарат штучнага дыханьня ўдалося пагутарыць зь ёю праз тэлефон, і на разьвітаньне яна яму сказала: «Беражы сябе».
«Гэтыя словы яна паўтарыла тры разы, — згадвае ён. — Тады мне падумалася: каб толькі гэтыя словы не былі апошнімі. Я гнаў такія думкі прэч. Але гэтыя словы ў мяне не выходзілі з галавы цэлы месяц».
Ягоная сястра прызнаецца, што яна і брат да канца не ўсьвядомілі, што маці ўжо няма зь імі. Чакаюць, што зьявяцца прыкметы яе прысутнасьці. Зь яе сьмерцю, кажа сястра, мы страцілі месца, куды з радасьцю вярталіся.
«Што мы б сказалі ёй на разьвітаньне? — перапытвае Віка журналіста ў канцы гутаркі. — Што мы яе любім і заўжды будзем памятаць пра яе. І каб не перажывала за нас. Зь яе заступніцтвам з намі будзе ўсё добра».